«Жгут, бінты, абязбольвальнае. Мы едзем працаваць»


Дзяльба рабоў, дымавая завеса, святая вайна за вызваленне? Што за вайна вядзецца на ўсходзе Украіны? Тое, што пабачылі на ўласныя вочы карэспандэнты «Белсату», глядзіце ў рэпартажы «Закладнікі Данбасу».

{movie}”Закладнікі Данбасу”, рэрпартаж з вайны ва Украіне |right|17670{/movie}



Пра тое, як выглядала праца падчас падзеяў на Майдане, ваенных дзеянняў на ўсходзе Украіны і ў Крыме, пра вайну, жыццё і страх мы паразмаўлялі з яго аўтарамі – Сяргеем Марчыкам і Юрасём Высоцкім, а таксама з аператарам Алесем Баразенкам.



Юрась Высоцкі, журналіст «Белсату», і Сяргей Марчык, аператар «Белсату», правялі ў віры Майдану, у Крыме ды на вайне ва ўсходняй Украіне каля 50 дзён. Алесь Баразенка – журналіст і аператар «Белсату», пад стрэламі на Майдане і вайне правёў каля 100 дзён.
«Мы толькі выехалі з мірнага гарадка Ізюм і рухаліся ў бок Данецка. Праз некаторы час пабачылі: на дарозе стаяць даішнікі, фуры, людзі з аўтаматамі. Спыніліся. Пачаўся абстрэл. Праехаў бронетранспарцёр. Мы хутка апранулі бронекамізэлькі і каскі. Раптам хтосьці пачаў страляць з хмызоў. У жалезнай агароджы пабачылі некалькі слядоў ад куляў. Сяргей крычыць: «Усе на падлогу!» Баразенка развярнуўся і па газах. Спыніўся толькі праз некалькі кіламетраў».

«Стрэлы, баі, свежыя трупы, з якіх яшчэ цячэ кроў…»

У Славянску Сяргей зноў пачаў паліць


«Вайна дзесьці там. Статыстыка – 3, 5, 7, 10 чалавек забілі. А там… – кажа Юра і хвіліну маўчыць. – Ты бачыш страляюць, праз пяць хвілін едзе хуткая дапамога, і ты ведаеш, што там параненыя ўкраінскія салдаты. Кроў на асфальце, адстраляныя гільзы, усё смярдзіць порахам. Вайна становіцца абсалютна адчувальнай рэальнасцю».
«Украіна цяпер гарачая кропка. Суседняя краіна, куды раней мы ездзілі адпачываць. Мінулым летам я правёў у Крыме амаль два месяцы. І раптам, мы прыязджаем праз паўгода і ўсе людзі баяцца. Адзінае, пра што яны гавораць, пра вайну, пра тое, каго ўзарвалі, каго застрэлілі, – Сяргей задумваецца і праз момант працягвае далей. – Украіна для мяне больш, чым гарачая кропка. Гэта не аддаленая Сірыя. Гэта краіна, у якой жывуць нашыя сваякі. А мы едзем туды з бронекамізэлькаю класа А4».
«Я псіхалагічна не вытрымаў пасля здымкаў трупаў байцоў «нябеснай сотні». Гэта было найбольш жахлівым. Бо калі нейкая страляніна, ты працуеш на інстынктах, на адрэналіне. А потым, калі іх прынеслі на Майдан, я здымаў, як іх целы пакуюць у машыны. Адзняў, усё скончыў. І гэта накатвала, было вельмі цяжка, – кажа Алесь. – Гэта той момант, калі ты не можаш быць толькі журналістам. Нармальны чалавек не можа нармальна глядзець на гару трупаў… Стрэлы, баі, а пасля свежыя трупы, з якіх яшчэ цячэ кроў…»
Згадваючы найбольш цяжкія моманты працы, Сяргей кажа: «Чамусьці не ўзнікала думкі, што можа здарыцца нешта дрэннае. Шчыра. Але было значна горш, калі Юра выйшаў з аптэкі ў Данецку і сказаў: «Вось жгут, бінты, абязбольвальныя сродкі. Вазьмі гэта. Мы едзем працаваць. І тады стала жудасна».

Сепаратысты ДНР: Хто яны?

Пасля бамбёжкі пад Славянскам
«Вёска Сямёнаўка, непадалёк дыслакуецца лагер сепаратыстаў. Каб туды патрапіць, прыйшлося не казаць усёй праўды. «Беларускае тэлебачанне» стала для нас добрым прыкрыццём для працы, а беларускі пашпарт не толькі пропускам на другі бок, але, здарылася так, што і гарантыяй жыцця. У гэтай вёсцы мы здымалі стэнд-ап (калі журналіст працуе непасрэдна ў кадры), – гаворыць Юрась. – А яны, вось… стаяць непадалёк. За некалькі метраў з дзясятак хлапцоў з аўтаматамі і нажамі. Прыслухаліся да нашых словаў і раптам да нас кіруюцца… Пытаюцца, што наздымалі. Паказваю. Але дрэнна чуваць, ды не відаць нічога. Калі б пачулі праўду – адразу смерць. Ты для іх толькі мішэнь».
Сепаратысты занялі ўсход Украіны і ўтварылі «Данецкую народную рэспубліку» («ДНР»). За імі пайшла і Луганшчына. Цяпер гэта свой асобны свет – свет сепаратыстаў.
«Калі ўкраінскія вайскоўцы ў большасці спецназаўцы, то з боку сепаратыстаў было шмат мужчын гадоў каля 40, – кажа Юрась. – Некаторыя – інтэлігенты, якія страцілі працу і канчаткова расчараваліся ў жыцці; беспрацоўныя – у якіх выбар: альбо піць, альбо ваяваць. Былі і русафілы – барадатыя мужыкі, якія апраўдваюць вайну «праваслаўным джыгадам». Наіўныя сяляне-беспрацоўныя, якім далі ў рукі аўтамат і сказалі: «Альбо ты страляеш, альбо мы цябе, с*ка, заб’ем”. Гэта дзіўны свет».
У сепаратыстаў існуюць і свае «паняцці». Напрыклад, зусім неаднолькавае стаўленне да байцоў украінскага боку. «Ёсць «правасекі» – гэта тыя, якія так ці інакш належаць да ідэалагічных добраахвотных батальёнаў. «Укропы» – гэта ўкраінскія вайскоўцы. Калі да “правасекаў” яны ставяцца вельмі дрэнна, то «ўкропаў» паважаюць, таму што гэта прафесійныя вайскоўцы, якія атрымалі загад, і яго трэба выконваць», – кажа Юра.
Сепаратысцкі пашпарт для журналістаў
Алесь распавёў, што на ўсходзе Украіны яны пабачылі баевікоў з Чачэніі, беларуса з Гомельшчыны. Шмат там і людзей «з прамытымі мазгамі і тых, якія атрымліваюць за гэта грошы. Там людзі дрэнна інфармаваныя».
У гэтым свеце яны сустрэлі розных людзей і сярод мясцовых жыхароў, для якіх сепаратысты – гэта мясцовыя хлапчукі, якія выраслі на іх вачах. «Я вельмі спачуваў адной з гераіняў, – апавядае Юрась пра апошнюю паездку. – Гэта бабуля, якая жыве ў некалькіх кіламетрах ад Славянска. У яе маленькая пенсія, мужу болей за 70 гадоў. Адну руку ён страціў у шахце. Яны ледзь-ледзь зводзяць канцы з канцамі. З аднаго боку, яны хочуць, каб Украіна была адзінаю. З другога – каб ім паднялі пенсію да 1500 грыўняў. Тады яны былі б за каго заўгодна: за адзіную Украіну, за Расею, за ДНР, за аўтаномную рэспубліку Сямёнаўка (вёска, у якой яны жывуць). Таму яны дапамагаюць тым, хто, на іх думку, болей сумленны. І гэтая бабуля носіць сепаратыстам хлеб, які пячэ зранку, ежу. Кожны дзень яны з дзедам а 4 раніцы хаваліся ў халодных сутарэннях і выходзілі, калі бамбардаванне скончылася. Вельмі складана псіхалагічна і па-людску балюча было глядзець на гэта».
Па дарозе менавіта, да гэтай бабулі нашыя журналісты трапілі пад абстрэл. Гэта адбылося на адным з блокпастоў сепаратыстаў, недалёка ад вёскі Сямёнаўка, дзе вяліся актыўныя баявыя дзеянні. «Мы прайшлі блокпост, за якім знаходзіцца невялікі лагер сепаратыстаў. Тут пачаўся абстрэл. Мясцовыя жыхары: жанчыны, дзеці, хлопчыкі-падлеткі схаваліся ў сутарэннях аднаго дому. Абстрэл працягваўся каля 15 хвілін. А мы сядзелі і чакалі. Шмат людзей. Вось так і сядзелі… у абсалютнай цемры… і палілі. Не было чуваць нават размоваў…» – распавёў Юрась і заўважыў, што некаторыя мясцовыя жыхары і сепаратысты нават не хаваюцца падчас абстрэлаў, яны да іх прызвычаіліся.

Інфармацыйная вайна з дапамогаю Калашнікава

Украінскі каньяк пасля абстрэлу


Вайна не толькі на полі бою, вайна выйшла па-за межы асобнага чалавека, асобнай сям’і. Людзі раздзяліліся на два лагеры. І таму тых, хто пацярпеў, нашмат больш, чым нам падаецца. Гэта не толькі тыя, хто быў на Майдане, хто страціў блізкіх, але і тыя, хто застаўся жыць. Пацярпелі не ад куляў ці дручкоў, але ад звычайнай прапаганды, якую выкарыстоўваюць медыі. Як вынік – трагедыя жыцця асобнага чалавека і ўсёй краіны.
«Склалася такое ўражанне, што там з людзей робяць звычайнае быдла. І яны не ў стане з гэтым пагадзіцца. Падаграваючы гэта пачуццё прапагандай, яны ваююць з дапамогай аўтамата Калашнікава», – кажа Юрась.
У звычайнага гледача можа скласціся ўражанне, што сітуацыя ва Украіне празрыстая. Вось сепаратысты – гэта дрэнна, а ўкраінскія войскі – гэта добра. Калі Сяргей ехаў на здымкі рэпартажу, ён таксама так меркаваў: «добрыя – украінскія войскі, дрэнныя – сепаратысты». Паводле яго, цяпер «галоўнае – гэта разуменне, што няма белага і чорнага, што там вялізарная колькасць жыццёвых трагедыяў, хлусні з абодвух бакоў. Вядома, гэта рознага тыпу хлусня. Але яна ёсць».
«Ёсць разуменне таго, што сітуацыя не двухузроўневая, – кажа ў сваю чаргу Алесь. – Не добрыя і злыя, а ёсць і сепаратысты, і жыхары, падманутыя прапагандай. І не сказаць, што гэта дрэнныя людзі. З аднаго боку – гэта баевікі, праплачаныя мясцовыя сепаратысты, спецназаўцы. Але ёсць сярод іх і тыя, хто верыць, што чачэнцы прыехалі бараніць іх ад фашыстаў».

«Адрэналінавая наркаманія» ці журналістыка?

Аляксандр Баразенка і Юрась Высоцкі на Майдане
Уяві Майдан. Шмат людзей. Стомленыя, змёрзлыя людзі. Палаюць вогнішчы з апонаў. Усіх пратэстоўцаў чакае чарговая ноч на Майдане. Усё, як заўсёды. Раптам пачынаюць страляць… і адно жаданне – бегчы туды, адкуль раздаюцца стрэлы. І думка пра тое, што журналісты, як медыкі, павінны быць у самых гарачых месцах.
Аднойчы пабачыўшы смерць, пакуты, несправядлівасць, немагчыма пасля вярнуцца дамоў і жыць папярэднім жыццём. Ты ўжо іншы чалавек, гэта мяжа невяртання. Тут задаволеныя з жыцця блізкія, якія не разумець, тут цёпла і ўтульна, а там паміраюць людзі, якім ты патрэбны, там эмоцыі, якіх ты не атрымаеш без вайны. Таму вайсковыя журналісты вяртаюцца на вайну зноў і зноў. Яны становяцца закладнікамі свайго сумлення, яны становяцца «адрэналінавымі наркаманамі».
«Адрэналін гэта не матывацыя ехаць, а матывацыя, калі ты ўжо на месцы, – сцвярджае Алесь. –Неяк рызыкаваць, ісці рабіць здымкі. Не сядзець у офісе ці прэс-цэнтры, а непасрэдна на месцы падзей. Безумоўна ёсць такая прафесійная наркаманія, прага зрабіць лепш, зрабіць актуальна. Але такія акалічнасці нашай працы. І дадае: – Пры гэтым, не трэба губляць галавы, аднак, і не станавіцца закладнікамі свайго страху».
Алесь – заўзятар футбольнага клубу «Манчэстэр Юнайтэд». І нават у хвіліны небяспекі, падчас абстрэлу пад Славянскам, ён думаў пра тое, хто ж патрапіў у фінал Лігі чэмпіёнаў. Адпачыць і крыху супакоіцца ўвечары Алесю дапамагала «крыху піва і сувязь з блізкімі праз скайп ці «Фэйсбуку».
«Мы паехалі ва Украіну не таму, што нам не хапае адрэналіну, а таму, што гэта наша праца», – кажа Юрась. – Хацелася “зразумець, пабачыць уласнымі вачыма». «Натуральна, гэта перажыванні. Як скок з парашутам. У 18 год я скочыў з парашутам і атрымаў вялікае задавальненне, адчуваючы пэўны страх, – узгадвае Юра. Але мы не адрэналінавыя наркаманы. Мы хочам паказаць тое, што насамрэч адбываецца ва Украіне».
Для Сяргея праца ў ваенных умовах – у пэўнай ступені «самасцвярджэнне». «З другога боку, гэта функцыя, якую мы выконваем. Мы ездзім, паказваем увесь той жах, які зараз адбываецца ў суседняй краіне, блізкай для нас», – кажа аператар «Белсату».
У працы ў ваенных умовах ратавала пачуццё гумару: «Гэта такая рэч, якая беражэ тваю псіхіку». Аднак «кладучыся спаць, я думаў пра тое, што мы чагосьці не паспелі. Дзесьці маглі б лепш адпрацаваць». Таму ноч для Сяргея была магчымасцю зрабіць працу над памылкамі.

Пра змену стаўлення да жыцця і лішні баласт

Рэзідэнцыя Рыната Ахметава, г. Данецк (травень 2014 г.)
Позні вечар. Вяртаемся ў гостэл. Адзняты матэрыял перакідваеш на сервер, пішаш СМСкі родным, наша месцазнаходжанне. Некалькі гадзінаў на сон і на тое каб падумаць, як цябе змяняе вайна:
Юрась «больш трапятліва пачаў ставіцца да свайго жыцця. Зразумеў, што цягам 10 секундаў ты можаш страціць усё: блізкіх, родных, усе дасягненні, усе веды. Вось так проста. І ніякіх намаганняў да гэтага не трэба прыкладаць», – і праз хвіліну маўчання дадае: «Жыць – лепей. Так можна камусьці дапамагчы. А калі ты мёртвы, то можаш, хіба што, стаць толькі ўгнаеннем для дрэваў».
Алесь, аднак, заўважыў, што «стаў больш сур’ёзным і, магчыма, прагматычным, больш жорсткім. Так кажуць». Пры гэтым, ён «вызначыў пэўныя прыярытэты, выкінуў шмат баласту з жыцця. Спрабую быць з блізкімі людзьмі, з тымі, хто сапраўды для мяне важны. Бо адчуваю, што сітуацыя ў жыцці вельмі крохкая».

«Трапіць на вокладку «Time», ці пра што мараць журналісты «Белсату»

Данецкі кот
«Мару трапіць на вокладку «Time», усміхаючыся, распавёў пра свае мары Юрась. Мару пра вялікую сям’ю і кругасветнае падарожжа». Не забыўся Юрась і пра «Белсат». Наш карэспандэнт марыць «пра тое, каб «Белсат» стаў вядомым інфармацыйным тэлеканалам ва ўсім свеце». І як высветлілася, журналіст Юрась Высоцкі, які працуе ў экстрэмальных ваенных умовах, баіцца… «прыгожых жанчын і адзіноты».
Для аператара «Белсату» Сяргея Марчыка мары і праца ўзаемазвязаны. «Мая аператарская праца не адарваная ад мяне, – кажа Сяргей. – Мара дасягнуць таго ўзроўню, калі я мог бы сваёй працай рабіць тое, што мне цікава». Прызнаўся Сяргей і ў тым, чаго баіцца: «Баюся… чагосьці не паспець. І на гэтых выездах, і ўвогуле ў жыцці».
Алесь, як журналіст, марыць «аб тым, каб расці прафесійна». А як чалавек: «Набыць нерухомасць у Менску, завесці сям’ю, каля 30-і, паехаць у Брытанію». І, хіба што, як кожны, баіцца «застацца без блізкіх людзей. Застацца сам- насам з нейкімі праблемамі».
У планах на будучыню Алеся, Юры і Сяргея Малдова і Абхазія. «Паглядзець, як там праходзіць жыццё пасля вайны 2008, з’ездзіць у Крым пасля анексіі», распавёў Юрась.
Праца журналіста часам самастойна вырашае лёс наступных рэпартажаў. Гэтак, у выніку працы ва Украіне з’явілася некалькі фільмаў пра найбольш балючае і жахлівае: «Рэвалюцыя. Слёзы Майдану» і «Крымская пастка». Варта ўзгадаць і два папярэднія рэпартажы Юрася і Сяргея пра падзеі на Майдане. Гэта «Рэвалюцыя. Он-лайн» і «Рэвалюцыя. Дэдлайн», сааўтарам якіх з’яўляецца Сяргей Пеляса.


Алесь працаваў адмысловым карэспандэнтам падчас Майдану і ваенных дзеянняў. Зрабіў шмат рэпартажаў, якія можна паглядзець на старонцы «Белсату». У тым ліку з найбольш гарачых месцаў ва Украіне: Славянску і Данецку.
Неўзабаве на «Белсаце» з’явіцца вынік аднаго з найбольш складаных перыядаў у працы нашых журналістаў – рэпартаж пра вайну ва Украіне. Нягледзячы на розныя меркаванні, страшэнную прапаганду з боку расейскіх СМІ, «гэты рэпартаж будзе самым узважаным: моцны канфлікт абодвух ваюючых бакоў, моцнае сутыкненне пазіцый, аргументаў. Два бакі пачутыя. Высновы рабіць гледачу, – распавёў пра яго Юрась – Там будзе стэнд-ап падчас мінамётнага абстрэлу».
Праца гэтых трох журналістаў «Белсату» і шматлікіх іншых, якія рызыкавалі сваім жыццём на Майдане і Усходзе Украіны, а цяпер працуюць на месцы трагедыі малайзійскага самалёта, гэта не проста праца ваеннага карэспандэнта. Гэта спосаб сказаць і паказаць праўду, запісаць тыя падзеі, якія не проста ўвойдуць у гісторыю, але паўплываюць на яе хаду не толькі ў асобна ўзятай дзяржаве Украіна, але і на ўсім свеце.
Іна Чанчавік, belsat.eu
Стужка навінаў