«Большасць з Піцера і Масквы. Шмат хлопцаў едуць з Уралу, з Сібіры»


Часопіс «Город 812» надрукавала інтэрв’ю з расейскім памагатым тэрарыстаў, што вярбуе цэлыя групы «добраахвотнікаў» для вайны супраць украінскага войска на Данбасе. Аляксандр Жучкоўскі падрабязна распавёў, як расейцы адпраўляюцца на дапамогу тэрарыстам.

«Я стараюся сустрэцца з чалавекам асабіста і высвятляць, наколькі ён псіхалагічна і фізічна гатовы да вайны. З інтэрнэт-ліставання не заўсёды зразумелая ягоная сутнасць і намеры. Пецярбуржцы праходзяць 6-дзёны трэнінг у ваенным клубе – так званы «курс партызанаў». Ахвотнікаў так шмат, што іх навучанне пастаўленае на паток. Ім даюць элементарныя веды, забяспечваюць неабходным і ўжо зарганізаванаю групаю адпраўляюць ва Украіну», – не хавае ад журналістаў Аляксандр Жучкоўскі. Ён цвердзіць, што толькі за апошнія два месяцы адправіў ваяваць на Данбас каля 300 асобаў: «большасць з Піцера і Масквы. Шмат хлопцаў едуць з Урала, з Сібіры».

Вярбоўшчык заяўляе, што «адчувае татальнае падтрыманне расейскага грамадства» і ўладных структураў. «Яшчэ нядаўна памежнікі не прапускалі грузу з медыкаментамі, бо на іх не было дакументаў. А цяпер ні паліцыя, ні памежнікі, ні ФСБ не чыняць ніякіх перашкодаў», – гаворыць памагаты баевікоў.

Жучкоўскі распавёў, што ахвотныя ваяваць за «Наваросію» з іншых рэгіёнаў едуць наўпрост да Растова. Там на мяжы з Украінаю для іх ёсць калідор праз мяжу. Такіх каардынатараў, як Жучкоўскі, у Расеі некалькі. Ён мяркуе, што цяпер на Данбасе ваюе не менш як 1,5 тысячы расейцаў.

Інтэрв’ю ў расейскай газеце з’явілася пасля таго, як з’явіліся паведамленні пра гібель на Данбасе двух расейскіх баевікоў – Матвея Яфрэмава ды Уладзіміра Мельнікава.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў