Нямецкая дэпутатка ў Менску: незалежнасць Беларусі пад пагрозаю праз слабую эканоміку


«Эканоміка, у якой так моцна дамінуе дзяржава, страчвае патэнцыял прадпрымальнікаў, крэатыўных людзей. Гэта эканоміка паступова будзе штурхаць краіну ў больш глыбокі крызіс з году ў год, доўг будзе ўзрастаць. Урэшце, пытанне будзе ў тым, ці паглыне вас Расея, таму што яна захоча атрымаць свае грошы назад», — гаворыць Марылюізэ Бэк, дэпутатка нямецкага Бундэстагу, якая цяпер з візітам знаходзіцца ў Менску.
Марылюізэ Бэк прыбыла ў Менск 17 ліпеня з двухдзённым візітам, мэта якога — вывучыць на месцы сітуацыю з правамі чалавека і палітычнае становішча ў краіне. У паведамленні офісу Бэк падкрэсліваецца: упершыню за тры гады дэпутатка атрымала дазвол на ўезд у Беларусь. Нямецкі бок разглядае гэта як сведчанне таго, што Менск «пасылае асцярожныя сігналы ЕЗ» пра гатовасць палепшыць адносіны.

У першы дзень візіту Марылюізэ Бэк сустрэлася з прадстаўнікамі апазіцыі і сваякамі палітзняволеных. На 18 ліпеня запланаваная яе сустрэча з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў.

На пытанне пра наяўнасць дасягненняў за 20 гадоў прэзідэнцкага кіравання Аляксандра Лукашэнкі, у эксклюзіўным інтэрвю БелаПАН Бэк адказала: «Відавочна, тут ёсць стабільнасць. Наколькі я бачу, беларусы глядзяць на ўкраінскую сітуацыю так: у нас, магчыма, няма нейкіх свабодаў, але там ідзе вайна».

«Аднак за гэтай уяўнай пазітыўнай паверхняй ёсць і іншы бок, — падкрэсліла парламентарка. — І гэта не толькі палітзняволеныя, абмежаваныя правы і свабоды, парламент, які не прызнаны Захадам, таму што па нашых крытэрыях ён не быў выбраны на свабодных і справядлівых выбарах. Тэма, пра якую сапраўды трэба гаварыць, — гэта эканоміка краіны, якая выклікае занепакоенасць».

У прыватнасці, зазначыла Бэк, узрастае залежнасць Беларусі ад новых пазыкаў і крэдытаў. «Пытанне ў тым, калі і як яны будуць вернутыя, калі наагул будуць», — сказала яна.

Кажучы пра пагрозу незалежнасці Беларусі, яна заўважыла: «Ёсць розныя шляхі страты незалежнасці — гэта не абавязкова павінна азначаць страту фармальнага суверэнітэту».

«Але гэта можа азначаць, што ўрад і прэзідэнт не будуць свабодныя ў прыняцці рашэнняў, — заявіла парламентарка. — Напрыклад, калі будзе запыт на прыватызацыю, якую, як мне здаецца, краіне варта правесці, ці будзе ўрад свабодны ў выбары пакупніка? Або яны будуць абавязаныя прадаваць іх расейскім фірмам з-за таго, які ў іх вялікі доўг перад Расеяй і іншых альтэрнатыў няма?»

На ейную думку, сёння беларуская эканоміка не можа паспяхова канкураваць на сусветных рынках. «Нейкі час можна казаць «добра, нам не цікавыя сусветныя рынкі, мы будуем сваю эканоміку». Але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта не працуе», — упэўненая дэпутатка бундэстага.

МЛ / Арцём Шрайбман, БелаПАН.

Стужка навінаў