«А што за свята?» Забыты Грунвальд


Чарговыя ўгодкі бітвы пад Грунвальдам у Беларусі прайшлі незаўважна. Традыцыйна ж гадавіну перамогі войскаў Вялікага княства Літоўскага і Польшчы над крыжакамі шырока адзначылі нашыя суседзі, у Польшчы, а таксама ў Літве, дзе арганізацыяй урачыстасцяў займаўся ўрад і Міністэрства абароны.
У Вільні з гэтай нагоды прайшоў вайсковы міні-парад, выстава сярэднявечнае зброі ды сімвалічны бой рыцара Тэўтонскага ордэну з літоўскім ваяром. Хто перамог, вядома. Сярод жа гледачоў “Аб’ектыў” адшукаў і беларускую сям’ю.
{movie}Забыты Грунвальд|right|17483{/movie}
ВОЛЬГА, ТУРЫСТКА З БЕЛАРУСІ:
“А мы пра гэтае свята не ведалі, мы трапілі чыста выпадкова і вельмі задаволеныя. А што за свята?”
Сапраўды, адкуль ведаць? У сённяшняй Беларусі шмат якія гістарычныя падзеі, што не пасуюць дзяржаўнай ідэалогіі, лішні раз не згадваюцца. Гэтак і бітва пад Грунвальдам. Таму нашыя суграмадзяне ў большасці не памятаюць ні пра яе самую, ні пра тое, хто і з кім змагаўся.
ЖЫХАРЫ ГОМЛЯ:
“Можа, немцы з расейцамі?”
“З Літвою, не? Літва, Латвія, Эстонія”.
“ВКЛ было. Ну, калі на тэрыторыі ВКЛ, значыцца, з палякамі”.
“Вітаўт, здаецца, з нейкім Ордэнам”.
Для беларускай жа зямлі, некалі цэнтру гістарычнае Літвы, Грунвальдская бітва, адна з найбуйнейшых сечаў сярэднявечнае Еўропы, была вызначальнаю. Тады продкі сённяшніх беларусаў не пусцілі на ўсход крыжакоў, абараніўшы гэтак незалежнасць ВКЛ.
АНАТОЛЬ БАРОЎСКІ, ПІСЬМЕННІК:
“Мы ж пабілі Ордэн, рыцарскі Ордэн разграмілі! І пасля гэтага 200–300 гадоў не было ніякіх войнаў”.
Аднак салютуюць у нас іншым перамогам, а памятаюць толькі адну вайну. Перамогі ж нашых продкаў пад Грунвальдам улады не толькі не святкуюць, але не заўжды дазваляюць рабіць гэта грамадзянам. Нават у першыя гады кіравання Лукашэнкі грунвальдскія фэсты дазвалялі толькі таму, што “расейцаў у той бітве не білі” – кажа пісьменнік Анатоль Бароўскі.
АНАТОЛЬ БАРОЎСКІ, ПІСЬМЕННІК:
“Гэтак наладжвалі мы і іншыя сустрэчы, і зноў жа: а што там? Каб Расею не пакрыўдзіць, каб гэта было ў такім кірунку, каб усё супадала з іхным пунктам ідэалогіі. Тады давалі дазвол”.
Пра перамогу ж у 1410 годзе ў сённяшняй Беларусі сціпла нагадваюць усяго некалькі помнікаў, адзін з іх, з надпісам “Нясвіжскім волатам, удзельнікам і пераможцам Грунвальдскай бітвы”, – у Гарадзеі. Дамаглася грамадскасць і ўсталявання помніку ў Ваўкавыску, але двойчы манумент быў пашкоджаны. Як і ў падобных іншых выпадках, вандалаў міліцыя гэтак і не знайшла.
Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu
Стужка навінаў