Украінскі прэм'ер прапануе алігархам скінуцца на Данбас


Арсеній Яцэнюк мяркуе, што на аднаўленне інфраструктуры ў Данецкай і Луганскай абласцях патрэбна мінімум $ 670 млрд, перадае «УНІАН».

У аднаўленні пашкоджанай інфраструктуры Данбасу павінны ўзяць удзел г.зв. алігархі, заявіў падчас сённяшняга брыфінгу ў Славянску кіраўнік украінскага ўраду. «Я ўпэўнены, што ў такіх умовах скінуцца на аднаўленне інфраструктуры павінны ўсе». Па папярэдніх ацэнках кошт аднаўлення Данецкай і Луганскай абласцей пасля завяршэння баявых дзеянняў можа скласці каля 8 млрд. грывен ($ 670 млн.), адзначыў прэм’ер.

Арсеній Яцэнюк таксама паведаміў, што ў верасні чакаецца адмысловая донарская канферэнцыя пры ўдзеле інвестараў з Еўразвязу, якія возьмуць удзел у аднаўленні ўсходніх рэгіёнаў Украіны.

Пакуль жа на Данбасе ідзе вайна. Сепаратысты надалей кантралююць Луганск і Данецк і шэраг малых і сярэдніх гарадоў на ўсходзе Украіны. На думку вядомага ўкраінскага палітычнага аглядальніка Віталія Портнікава: «Украінцы павінны прызвычаіцца да жыцця ў стане вайны. Украіна ўвайшла ў ізраільскую стадыю канфлікту і гэта можа цягнуцца гадамі».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў