Як адсвяткавалі час, калі перастае куваць зязюля (фота)


Час ад Купалля да Пятра пазначаў для беларусаў самы росквіт прыроды, пасля якога лета ідзе на спад, хоць і да восені яшчэ далёка. Лічыцца, што пасля Пятра ўжо нельга пачуць зязюлі.

У Любанскім раёне прайшоў моладзевы этнаграфічны летнік «Пятровіца», прымеркаваны да дня святых Пятра і Паўла, які праваслаўныя вернікі адзначаюць 12 ліпеня.

У народзе кажуць: «Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілля – апала два». У традыцыйных песнях сустракаюцца радкі:

«Ой ты, зязюля,

Нядоўга ж табе кукаваці,

Ад Вялікадня да Пятра».

З кукаваннем зязюлі беларусы звязвалі «сапраўдны» прыход вясны, цёплых дзён. Таму тое, што зязюля пераставала кукаваць, сімвалізавала завяршэнне вяснова-летняга перыяду. Неўзабаве пасля Пятра пачынаецца жніво, якое ў традыцыйным календары прымыкае хутчэй да восені, чым да лета.



Летнік «Пятровіца» мае сваю назву ад Пятроўскага посту. Завяршаецца ён штогод 12 ліпеня святкаваннем Пятра (Петрака) ў вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёну. Тут нарадзіўся вядомы вандроўнік і этнограф Павел Шпілеўскі, які на аснове сабраных матэрыялаў па беларускай традыцыйнай культуры пісаў не толькі навуковыя працы, але і драматычныя творы.

У Шыпілавічах даўней на Петрака быў кірмаш – да жыхароў з’язджаліся родныя і сваякі. Летнік «Пятровіца» – адмысловы працяг гэтай традыцыі. Шыпілаўцы вельмі чакаюць гасцей, штогод хвалююцца: ці прыедуць? Арганізатары летніка – сям’я Кухарэнкаў і работнікі культуры Любанскага раёну – супакойваюць: прыедуць! Удзельнікі ж прыязджаюць з усёй Беларусі, Расеі ды Літвы.

Гарадская моладзь – удзельнікі летніку – аднаўляе даўнейшыя святкаванні па аповедах носьбітаў традыцый. Дзяўчаты звіваюць вянкі, ідуць па вуліцы з пятроўскімі песнямі, ля жылых хат водзяць карагоды. Шыпілаўцы і госці вёскі збіраюцца на лузе, там гуляюць, парамі скачуць праз вогнішча. Дзяўчына аддае хлапцу свой вянок, яны пераскокваюць агонь, цалуюцца, і тады хлапец вянок вяртае. Так пары кумяцца і мусяць разам гуляць цэлую ноч. На лузе водзяць карагоды, самыя цікавыя з якіх – жаночыя, падчас якіх незамужнія дзяўчаты стаяць адна за адной, а замужнія жанчыны, узяўшыся за рукі, змейкай абыходзяць іх з песняй, бласлаўляючы гэтак дзяўчат на шчаслівае сямейнае жыццё.

belsat.eu, паводле Алены Ляшкевіч, budzma.by, фота: Аляксей Сталяроў

Стужка навінаў