Што адбываецца на фабрыцы «8 Марта»: споведзь працаўніц


«Белсат» даведаўся, у якіх умовах працуюць жанчыны на фабрыцы «8 Марта» і ці ёсць у іх прычыны для страйку.

Сёння гомельскае прадпрыемства, якое выпускае трыкатажную адзежу, панчохі і шкарпэткі, стала героем дня. Шмат якія інтэрнэт-СМІ паведамілі пра тое, што на ім праходзіць аднадзённы «італьянскі» страйк. Прычынаю называлі нізкія заробкі. Пазней кіраўніцтва фабрыкі гэтыя звесткі абвергла журналістам некалькіх СМІ, якія да яго дазваніліся.

«Хітрыкі канкурэнтаў»

Паводле намесніка дырэктара па ідэалагічнай працы, сацыяльных пытаннях і кадрах швачнай фабрыкі «8 Марта» Яўгена Шукурава, ніякага страйку «няма, не было і не будзе». Ён распавёў «Еўрарадыё», што працаўнікі проста не маюць прычынаў, каб пратэставаць: за травень яны атрымалі ў сярэднім Br 4,1 мільёны (звычайна звесткі падаюцца пра налічаны заробак, а не той, які атрымліваюць на рукі – belsat.eu). Паводле спадара Шакурава, гэта найвышэйшы заробак сярод прадпрыемстваў канцэрну «Беллегпрам», таму інфармацыю пра страйк ён называе хітрыкамі канкурэнтаў.

Ці быў страйк?

«Мы спынілі працу, нашая другая змена. Першая скончыла. У пятніцу папярэдзілі, што не пачнём працаваць, калі не прыйдзе дырэктар. Дырэктар прыйшоў. Мы яго чакалі паўгадзіны. Урэшце ён пажадаў падысці, і што?» – сказалі «Белсату» працаўніцы фабрыкі.

{movie}Працaўнікі страйкуюць, дырэктар шыкуе?|right|17462{/movie}

«Белсат» звязаўся і з былою працаўніцаю фабрыкі, знаёмыя якой дагэтуль адтуль не звольніліся. Жанчына прасіла не называць ейнага імені і прозвішча. Паводле яе, каб атрымаць названы намеснікам дырэктара заробак, працаваць трэба ўдзень і ўначы, і кіраўніцтва прымусова ўводзіць «выходныя» змены. Заробак налічваюць па выніках выканання «нерэальных нормаў», якія не разлічаны на сярэднестатыстычнага працаўніка і ўвесь час павышаюцца, гаворыць жанчына.

IMG_9377

Мадэлі ўсміхаюцца, а вось тым, хто шые купальнікі, не да смеху. Фота 8marta.com

Не жаночы твар фабрыкі «8 Марта»

Паводле нашай суразмоўніцы, яна спрабавала змагацца за свае правы, калі атрымала вытворчую траўму: ёй параніла вока кавалкам іголкі, якая адскочыла ад машынкі, што не мела абароннага экрану. Нягледзячы на тое, што жанчына трапіла на аперацыю, кіраўніцтва папрасіла яе пра гэты выпадак прамаўчаць, заплаціўшы Br 100 тысячаў у якасці кампенсацыі ды перавёўшы працаваць кантралёрам. Яна распавяла, што і на новай пасадзе таксама чакалі антысанітарныя ўмовы працы: чысціць рэчы ад машыннага масла даводзілася агрэсіўным сродкам «Нефрас» (тзв. нафтавы разбаўляльнік), выцяжкі не было, а перад прыходам камісіі хімікат прымушалі хаваць. За спробы адстаяць свае правы і скаргі на нізкі заробак, паводле суразмоўніцы, ёй пагражалі «сапсаваць» дакументы. «Я табе зраблю такую працоўную, што ні ў адну «шарашкіну кантору» пасля не возьмуць», – пераказала жанчына словы кіраўніцы аддзелам кадраў.

На фабрыцы «8 Марта» працуюць больш за 1300 асобаў. Яна мае сваю сетку крамаў у Віцебску, Магілёўскай і Віцебскай абласцях і гандлёвыя дамы ў Маскве і Кіеве.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў