Крок да міру? Ізраіль пагадзіўся на спыненне баявых дзеянняў


Сталі вядомыя прамежкавыя вынікі перамоваў аб умовах замірэння паміж Ізраілем і радыкальнай групоўкай ХАМАС. Ізраіль прыняў план спынення агню. Палестынскія баевікі – не.

З ініцыятывай правесці мірныя перамовы выступіў Егіпет. Шэраг сустрэчаў паміж егіпецкімі ўладамі і прадстаўнікамі абодвух бакоў канфлікту прайшоў у Каіры.

Ужо напярэдадні ўвечары палестынскія баевікі, якія кантралююць сектар Газа, заявілі, што адмаўляюцца прымаць прапанову ды будуць “працягваць барацьбу супраць ворага”. Між тым, прэсавы сакратар руху ХАМАС Фаўзі Баргум заявіў, што прыняцце мірнага плану немагчымае без падпісання паўнавартаснага пагаднення.

“Ва ўмовах вайны не можа быць так, што спачатку спынілі агонь, а потым распачалі перамовы”, – заявіў у Газе афіцыйны прадстаўнік руху.

Канфлікт паміж Палестынаю ды Ізраілем абвастрыўся ў палове чэрвеня, калі на заходнім беразе ракі Іярдан забілі трох ізраільскіх падлеткаў.

Паводле звестак палестынскіх уладаў, цягам апошняга тыдня ў выніку абмену ракетнымі ўдарамі з Ізраілем колькасць смяротных ахвяраў толькі з палестынскага боку дасягнула больш як 180 чалавек.

ГЛ, belsat.eu паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў