Ці «чэмпіянат сюрпрызаў» будзе мець прадказальны фінал?


Чым усцешыў ці засмуціў сёлетні чэмпіянат свету па футболе ў Бразіліі? Якія падараваў сюрпрызы і колькі зорак запаліў? Беларускія журналісты падводзяць вынікі мундыялю ды спрабуюць спрагназаваць вынік фінальнай гульні.

13 ліпеня а 22:00 паводле беларускага часу адбудзецца апошні і самы важны матч – паміж зборнымі Нямеччыны і Аргентыны – за тытул наймацнейшай футбольнай дружыны свету.

Алесь Баразенка, «Белсат»:

Са старту чэмпіянату падалося, што свет футболу перавярнуўся. Іспанцы склалі паўнамоцтвы ўжо ў другім туры групавога этапу, Коста-Рыка заняла 1-ае месца ў групе, хоць ніхто не спадзяваўся, што яны набяруць прынамсі пункт. Чылі ды Калумбія навялі страху на фаварытаў. Алжыр пакінуў па-за бортам турніру каманду Расеі. Але чым бліжэй было да вырашальных матчаў, тым больш станавіўся лагічным гэты турнір. Тое, што ў фінал трапілі менавіта Аргентына і Нямеччына – таксама цалкам лагічна. Маладой зборнай Нідэрландаў, суперніку Аргентыны ў паўфінале, банальна не хапіла досведу. А бразільцы і ў матчы з Нямеччынай, і ў матчы за 3-яе месца проста аказаліся не гатовымі маральна да такога ціску ды адказнасці.

Зміцер Герчыкаў, журналіст, тэлекаментатар:

Галоўная тэндэнцыя турніру – шыкоўная гульня брамнікаў, якая прымусіла нанова паглядзець на цэлую плеяду галкіпераў ды пабачыць французскую лігу як найлепшую на дадзены час калыску гульцоў гэтага амплуа. Асаблівасцю чэмпіянату назваў бы надзвычай моцную ды дысцыплінаваную гульню «малых» зборных, што кампенсавала розніцу ў класе.

Леанід Пазняк, «Комсомольская правда в Белоруссии»:

Калі шчыра, чэмпіянат выдаўся найбольш яркім сярод усіх, што былі на маёй памяці. Тут табе і скандалы (праца японскага рэферы на першым матчы), і сенсацыі (перамога Коста-Рыкі ў «групе смерці»), і гульцы, якія расчаравалі (Балётэлі, Акінфееў, Галк), і новыя футбольныя адкрыцці (Кейлёр Навас, Дэлі Блінд, Хамэс Радрыгес). Бразілія спадабалася эмоцыямі. Хоць я там і не быў, але тое, як гульцы і стадыёны спявалі гімн, уразіла нават па тэлевізары. Вядома ж, былі і негатыўныя моманты (кусанне Суарэса, траўма Нэймара), але гэта таксама эмоцыі, якія мы так любім у футболе. І на гэтым чэмпіянаце мы адчулі ўвесь іх спектр.

Алесь Плотка, паэт:

Галоўнае падсумаванне – свет футболу даўно не еўропацэнтрычны. Выбітныя байцы з Коста-Рыкі, Чылі, Уругваю прадэманстравалі, што Еўропа і сапраўды «старушка» і новы свет выглядае куды болей новым, свежым і прагрэсіўным. Таму лагічным фіналам стане чэмпіёнства Аргентыны, бо Нямеччына і так ужо скокнула вышэй за галаву.

Ірына Козлік, «Комсомольская правда в Белоруссии»:

Шыкоўны чэмпіянат! Я думала, што найлепшы і найярчэйшы ўспамін пра футбол у мяне – гэта фінал чэмпіянату свету ў 1998 годзе, дзе перамагла Францыя, за якую я тады заўзела. А вось не – найбольш яркім успамінам стане тое, як знялі карону з Іспаніі. Запомніцца гэта нават лепш, чым іх чэмпіёнства ў 2010-ым. Але ўсё роўна, пра хлопцаў, якія перамаглі паўсюль, я не перастаю думаць. Не будзем забываць, што да апошняга свістка сённяшняга фіналу, іспанцы ўсё яшчэ чэмпіёны.

Сяргей Чалы, эканаміст:

Здзівіла Бразілія грубаю гульнёю. Спадабаліся амаль усе паўночна- і паўднёваамерыканскія каманды. Аўстралійцы і ЗША запомніліся тым, што ніколі не сімулявалі «страшэнны боль», ніякіх сімуляцыяў. Уставалі ды ішлі далей гуляць. Аргентына здзівіла сваёй абаронаю, немцы – атакаю. Ну і змену пакаленняў пабачылі. На прыкладзе маладой Бельгіі ды старой Іспаніі.

Алесь Баразенка, «Белсат»:

Дык а хто пераможа ў фінале? Атака Нямеччыны ці абарона Аргентыны? Мюлер ці Мэсі?

Сяргей Чалы, эканаміст:

Вынік такіх матчаў вырашае гульня ў абароне ды невялічкая доля шчасця. Так што думаю, што сёння з вялікімі цяжкасцямі (магчыма, у дадатковы час, ці па пенальці), але пераможа Аргентына.

Леанід Пазняк, «Комсомольская правда в Белоруссии» :

Думаю, варта чакаць валявой перамогі немцаў. Можа быць 2:1. Генерацыя Ляма, Шванштайгера ды Мэртэзакера заслугоўвае кубак пераможцы. А Мюлер ім у гэтым дапаможа.

Алесь Плотка, паэт:

Аргентына мацней духам і болей схільная да перафарматавання. Да таго ж, будзе гуляць 2-ім нумарам і на контрвыпадах дасягне мэты. Нямеччына, вядома, «каток», але галоўны мінус катка – яго непаваротлівасць і просталінейнасць. Пісьменна заліўшы бетонам абарону, Аргентына выцягне на контратаках. Дзякуй Богу, праводзіць іх ёсць каму і хуткасці Аргентыны ў «абаротках» вельмі значныя. Ну яшчэ за Аргентыну будзе гуляць вера тых шматлікіх людзей, што заўзеюць супраць Нямеччыны.

Зміцер Герчыкаў, журналіст, тэлекаментатар:

Стаўлю ўсё ж на Нямеччыну. Яе перавага перадусім у фізічнай падрыхтаванасці. Да таго ж – уменне хутка пераходзіць з абароны ў атаку і кантроль за тэмпам гульні.

Ірына Козлік, «Комсомольская правда в Белоруссии» :

Льёнэль Мэсі – той гулец, за якога заўзею ў «Барселоне» і які не мае яшчэ тытулу чэмпіёна свету. Так што сёння ўвечары буду персанальна за яго. Але і перамога зборнай Нямеччыны, якая, хутчэй за ўсё, здарыцца – будзе радасцю. Класная, «зыбанская» каманда, якая заслугоўвае падняць над галавою кубак. Але ўсё роўна, як бы ні скончыўся сённяшні матч, такой прыгажосці і такіх эмоцыяў, як пасля фіналу ЧС-2010, калі іспанскіх футбалістаў сустрэла каралеўская сям’я з маленькімі прынцэсамі ў цішотках – для мяне не будзе.

P.S. Шкада, што не згуляюць Чылі ды Коста-Рыка!

Алесь Баразенка, «Белсат»:

Супернікі па фінале нібыта памяняліся ролямі. Нямеччына, якая славіцца сваім парадкам, дэманструе атакавальны футбол, часцяком без азірання на ўласную браму. Аргентынцы, якія звычайна робяць стаўку на сваіх нападнікаў (не дзіва, маючы ў складзе такіх майстроў як Мэсі, Ігуаін ды Агуэра), на гэтым чэмпіянаце дэманструюць рацыянальную ды асцярожную гульню. Пры роўных шанцах на перамогу на авансцэну могуць выйсці асабістыя лідарскія якасці «завадатараў» камандаў. На што здольны Мэсі, мы добра ведаем і бачылі ўжо не раз. У немцаў жа галоўнаю зоркаю чэмпіянату стаў, несумненна, Томас Мюлер. Пацвердзіць ён свой статус лідара ці гэтую ролю на сябе возьме нехта іншы? І ці дастаткова гэтага будзе, каб супрацьстаяць Аргентыне з Мэсі на чале?

Чакаць засталося лічаныя гадзіны.

belsat.eu

Стужка навінаў