«Крамбамбуля» перайначыцца ў партызан


Гурт «Крамбамбуля» актыўна рыхтуе новы дыск з «партызанскімі» песнямі. Упершыню іх можна будзе пачуць на фэсце «Galapagai» (Літва), на які беларусы маюць магчымасць атрымаць бясплатныя візы.

«Песні новай праграмы ўмоўна «партызанскія»: яны распавядаюць пра змаганне вольналюбівых людзей з нейкім ворагам, – тлумачыць лідар гурта Лявон Вольскі. Тут мы маем справу з «махровай антысавеччынай», бо вораг – гэта савецкая сістэма, ці то, як кажуць некаторыя, «савецкая акупацыя», якая пачалася на нашых землях з 20-ых гадоў мінулага стагоддзя. Але пра гэтыя драматычныя падзеі «Крамбамбуля» спявае з уласцівымі ёй гумарам ды іроніяй».

Новы альбом мае выйсці бліжэй да канца года, таму усіх наведнікаў «Galapagai» чакае сапраўдны эксклюзіў. На фестывалі, які адбудзецца 1-2 жніўня, Беларусь прадставяць «Крамбамбуля» і гурт «Без білета». Сярод замежных хэдлайнераў – «The Baseballs» (Нямеччына), «Supersci» (Швецыя), «Mr. Woodnote» (Вялікая Брытанія). Агулам на 4 сцэнах выступяць больш за 40 артыстаў. Арганізатары таксама абяцаюць шмат гульняў і забаў.

Фэст адбываецца на востраве пасярод возера ў гарадку Зарасай, ад якога да Вільні 131 км, 70 км да Браслава (праз Даўгаўпілс). Даехаць туды можна на адмыслова арганізаваных аўтобусах, а таксама на асабістым аўто альбо на цягніку з Вільні (да станцыі Турмантас, далей едзе маршрутка).

Бясплатная віза: квіткі на гэты фэст даюць права на атрыманне бясплатнай візы з тэрмінам знаходжання з 1 да 3 жніўня ўключна. Падача дакументаў традыцыйна спрошчаная – не трэба падаваць даведак з месцы працы/навучання і пацверджання платаздольнасці. Падрабязная інфармацыя пра запаўненне анкет і іншыя нюансы – www.shabli.by

Умовы продажу квіткоў: адзін квіток на адзін пашпарт. Калі вы не маеце дзейнай візы, для набыцця квітка вам трэба спачатку зарэгістравацца на падачу дакументаў у амбасадзе Літоўская Рэспублікі ў Беларусі на даты з 1 па 23 ліпеня (электронны запіс на сайце by.mfa.lt) і раздрукаваць пацверджанне рэгістрацыі. Новыя месцы на падачу дакументаў з’яўляюцца кожны працоўны дзень.

Продаж квіткоў: з 26 чэрвеня толькі на офісе агенцыі «Шаблі»: горад Менск, вуліца Чарвякова 6, пад’езд 3, цокальны паверх (з 9:00 да 19:00 гадзін у працоўныя дні).

Кошты на квіткі: стандартны (ўваход і месца ў кемпінгу) – 420 тыс. руб, аўтобусны тур у два бакі – 500 тыс. руб. Квіткі катэгорыі «Камфорт» (гатовы для пражывання намёт + спальнікі + цішоткі фэсту + шампанскае + кава раніцай): на 2 чалавекі – 1 900 тыс. руб., на 3 чалавекі – 2 720 тыс. руб., на 4 чалавекі – 3 550 тыс. руб.

Інфалінія ў Беларусі: +375 33 6555596; +375 29 6555596, +375 17 395 05 65

belsat.eu

Стужка навінаў