Сёння на небе з’явіцца суперпоўня!


У ноч з суботы на нядзелю Месяц будзе выглядаць на 14 % большым і на 30 % ярчэйшым. Спадарожнік нашай планеты рухаецца па эліптычнай траекторыі ды будзе найбліжэй да Зямлі. Да таго ж – у поўню.

Месяц будзе на 50 тысячаў кіламетраў бліжэй да нашай планеты, таму і будзе падавацца большым. Аднак адмыслоўцы з NASA папярэджваюць: калі не ведаць пра з’яўленне суперпоўні, то можна яе і не заўважыць. На небе няма арыенціраў, паводле якіх чалавечае вока зможа вызначыць, што Месяц сапраўды выглядае большым чымся звычайна. Таму варта прыглядацца да Поўні падчас узыходу.

І астраномы, і псіхолагі зазначаюць, што калі Поўня знаходзіцца нізка, над самым даляглядам, то яна падаецца большаю. «Я гарантую, што некаторыя людзі будуць думаць, што гэта самы вялікі Месяц, якія яны толькі бачылі ў жыцці – калі будуць глядзець на яго падчас самага ўзыходу», – гаворыць астраном Джэф Чэстэр з абсерваторыі NASA. Да таго ж медыі ў гэтыя дні звяртаюць асаблівую ўвагу на гэтую з’яву, што дае псіхалагічны эфект.

Калі неба сёння будзе зацягнутае хмарамі, то наступную суперпоўнюможна будзе пабачыць 10 жніўня.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў