Алесь Бяляцкі сустрэўся з міністрам замежных справаў Польшчы


Падчас візіту ў Варшаву праваабаронца Алесь Бяляцкі, які выйшаў на волю, 11 ліпеня сустрэўся з міністрам замежных справаў Польшчы Радославам Сікорскім.

Паводле звестак прэс-службы замежнапалітычнага ведамства, Сікорскі выказаў падтрыманне Бяляцкаму ў яго далейшай прадэмакратычнай дзейнасці.

Апошнія тры гады былі цяжкім выпрабаваннем. Вы чарговы раз даказалі сваю незгінальнасць. Мы балюча перажывалі ваш арышт”, — сказаў міністр.

Бяляцкі зноў падкрэсліў, што не абвінавачвае Польшчу за сваё турэмнае зняволенне.

Рэжым рэагуе на актыўнасць, – сказаў Алесь Бяляцкі ў эксклюзіўным інтэрв’ю “Белсату”. – Ёсць актыўнасць – колькасць рэпрэсаваных павялічваецца, няма актыўнасці – колькасць падае. Але кантроль за станам у грамадстве ідзе ўвесь час».

На перамовах абмяркоўвалася палітычная сітуацыя ў Беларусі, канфлікт ва Украіне і дзеянні ЕЗ у падтрымку дэмакратыі.

Напярэдадні адбылася сустрэча Бяляцкага з кіраўніком канцылярыі прэзідэнта Польшчы Яцэкам Міхалоўскім. У самым пачатку размовы ад імя прэзідэнта былі выказаны прабачэнні ў сувязі з тым, што адной з прычынаў прысуду Бяляцкаму сталі дзеянні польскага боку.

Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці па абвінавачванні ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Бяляцкага замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, бо праваабарончы цэнтр “Вясна” працуе нелегальна — улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што ўрон, які нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, быў поўнасцю кампенсаваны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзянаў.

Бяляцкага вызвалілі па амністыі 21 чэрвеня пасля таго, як адбыў у калоніі больш за дзве траціны свайго тэрміну, сумарна — 1050 дзён. Калі ён выйшаў на волю, то заявіў, што мае намер працягваць займацца праваабарончай дзейнасцю ў Беларусі.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў