«Хор Турэцкага» на «Славянскім базары» спяваў па-ўкраінску і пажадаў Украіне шчасця


У Віцебску прайшоў першы начны канцэрт «Славянскага базару-2014». У Летнім амфітэатры пры аншлагу адбылося выступленне расейскай арт-групы «Хор Турэцкага».

Рэпертуар калектыву складаўся з класічных оперных твораў, песняў з савецкіх кінафільмаў і замежных хітоў. Згадаўшы свае ранейшыя гастролі ва Украіне, артысты выканалі кампазіцыю «Пісня про рушник» на ўкраінскай мове. На кулісах сцэны ў гэты час з’явіліся колеры нацыянальнага сцяга Украіны і ўзоры з украінскіх вышыванак. Скончыўшы песню, «Хор Турэцкага» пажадаў Украіне шчасця і росквіту на доўгія стагоддзі.

Калі калектыў зацягнуў «Надежду», якую некалі выконвала Ганны Герман, гледачы таксама пачалі спяваць, прычым так гучна, што выканаўцы з хору ўсклікнулі: «Расея адпачывае! Гораду не патрэбныя ні рэпетыцыі, ні ганарары. Горад сам спявае!».

Развітаўшыся з публікай, артысты спыталі: «Хочаце яшчэ?». «Так!», – адгукнулася публіка, пасля чаго «Хор Турэцкага» выканаў песню «Белавежская пушча» на беларускай мове, скончыўшы першы дзень сёлетняга «Славянскага базару».

Чытайце яшчэ: «Славянскі базар-2014»: Адзін з самых папулярных артыстаў – Барыс Маісееў

МЯ, belsat.eu, паводле news.vitebsk.cc

Стужка навінаў