Нацыянальнае бедства: Бразілія – Нямеччына 1:7 (фота)


Разгром «чараўнікоў мяча» ў паўфінале прывёў да пагромаў і сутыкненняў з паліцыяй адразу ў некалькіх гарадах. Бразільцы не хаваюць слёз і роспачы, для краіны гэта «гістарычная параза».

Параза Бразіліі стала галоўнай падзеяй першага паўфіналу на сёлетнім чэмпіянаце свету па футболе. «Чараўнікі мяча» нічога не змаглі супрацьпаставіць немцам. Дождж з сямі галоў ад гульцоў нямецкай каманды спустошыў бразільскіх футбольных вернікаў, якія на працягу многіх гадоў жылі надзеяй узяць свой шосты тытул на ўласнай тэрыторыі.

Ужо ў першыя 18 хвілінаў нямецкія футбалісты паразілі браму бразільцаў 5 разоў. У другім тайме «нямецкая машына» яшчэ двойчы прымусіла бразільскага брамніка ўбачыць мяч у сваёй сетцы. Адзіны «гол прэстыжу» на рахунку Оскара, які ён забіў напрыканцы матчу.

Сутычкі паміж фанатамі пачаліся яшчэ напярэдадні гульні

Бразілія ў агні: людзі паляць нацыянальныя сцягі. Паводле звестак паліцыі, ахвярамі гневу ўзрушанага натоўпу стаў грамадскі транспарт ды крамы ў Сан-Паулу і Курытыбе. У масавых беспарадках у Бэлу-Арызонці 12 чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці, 8 фанатаў арыштаваныя.

Пройгрыш бразільскай дружыны, якая лічылася фаварытам, можа адмоўна адбіцца і на палітычнай кар’еры прэзідэнта Бразіліі Дыўмы Русэф. У краіне, якая выдаткавала на арганізацыю першынства мільярды, а футбол узведзены ў ранг рэлігіі, такіх памылак не выбачаюць, адзначаюць эксперты.

Другі паўфінал пройдзе сёння ў Сан-Паўлу. На поле выйдуць Аргентына і Нідэрланды.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў