Шляхціц з танным віном, Купаліха з цукеркамі і вершы Коласа на радзіме Янкі Купалы


Як справы з беларускаю моваю ў месцы, дзе больш за 130 гадоў таму нарадзіўся класік беларускай літаратуры?



Дзе звычайна віруе жыццё ў вёсцы? Вядома, у краме. Каб пачуць спеўную і сакавітую беларускую мову з вуснаў землякоў Янкі Купалы ў Вязынцы, мы скіраваліся найперш у краму.

Добры дзень! – поўныя радасці і энтузіязму мы прывіталі прывабную прадавачку сярэдняга веку.

Здравствуйте!такім было першае слова, пачутае намі на бацькаўшчыне аднаго з самых славутых прадстаўнікоў нашае культуры.

Ці шануюць тут людзі паэта? Ці памятаюць пра яго?

Вы ведаеце, я па-беларуску не вельмі, вінавата тлумачылася прадавачка. Я сама з Менску. Некалі, калі вучылася ў школе, нас прывозілі сюды на экскурсіі, але ў мяне з беларускай мовай заўсёды былі праблемы. Не даваўся мне гэты прадмет…

Падзякаваўшы, мы выйшлі з крамы ды селі перадыхнуць на лавачцы.

– Гуд морнінг, – пабачыўшы незнаёмых, прывітаўся па-замежнаму мужчына ў шэрай майцы.

– Прывітанне, – ветліва адказалі мы.

– О! Вы гаворыце па-беларуску? – са здзіўленнем запытаўся мужчына з вымоваю нібы з Ніжняга Ноўгараду. – У музей Купалы прыехалі? Я сам, як і ён, са шляхты. Мой дзед быў родзічам пану Пшаздзецкаму, у якога арандавалі зямлю бацькі Купалы. Калі я быў маленькім, то сюды прыязджалі бульдозеры карчаваць ліпы ў алеі. Я клаўся пад тыя трактары, каб яны не ехалі…, – мужчына на хвілю задумаўся. – Я**ныя казлы! – выбухнуў наш знаёмец з нечаканай злосцю. Успаміны, відаць, выклікалі хвалю некатраляваных пачуццяў. – Пачакайце, я вам раскажу такое, чаго не гавораць на тых халерных экскурсіях, – кіўнуў жыхар Вязынкі ў бок дому-музею Купалы. – Скочу толькі ў краму па „чарніла”.

Раптам з-за вугла крамы выскачыў яшчэ адзін мужчына з аголеным торсам і звіслым жыватом. За плячыма нашага суразмоўцы ён пачаў дзікі танец без ніводнага слова, выгінаючы сцёгны, прытопваючы і махаючы рукамі. Танцор весела і крыху здзекліва ўсміхаўся, раз-пораз ківаючы на нашчадка мясцовай шляхты і міргаючы адным вокам у наш бок. З крамы выйшла на сходкі зацікаўленая дзеяй прадавачка:

– Андрэй, што тут робіш? Чаго чапляешся да кліентаў?

– Я – пшэк, я – шляхта, – расхваляваўся нашчадак мясцовых шляхціцаў.

– Якая ты там шляхта, ты – алкаголік, – паставіла свой дыягназ жанчына.

– Пачакайце, – папрасіў яшчэ раз ягамосць і скіраваўся ў краму па тое, чаго сюды прыйшоў.

– Не слухайце яго, ідзіце ў музей, там вам усё раскажуць, – параіла нам ціхенька прадавачка, верагодна пераймаючыся, што ейны сталы кліент можа папсаваць імідж вёскі.

Мы падхапіліся з лавачкі і пашпацыравалі як мага хутчэй у бок музею. Азірнуўшыся праз некалькі сотняў метраў, заваўжылі, што Андрэй гукаў нам нешта і махаў рукою са сходак крамы. Мы толькі дадалі ходу.

У доме-музеі Янкі Купалы мы ўпершыню пачулі ў Вязынцы беларускую мову.

– Сярод усіх экспанатаў толькі 3 рэчы належалі сям’і Купалы, – гэта рогі, якімі ўпрыгожвалі сцяну, люстэрка і крэсла, – распавяла нам працаўніца ўстановы. – Паэта забілі ў Маскве, верагодна, прадстаўнікі НКУС. Дагэтуль архівы са звесткамі пра ягоную смерць засакрэчаныя. Чакаем, калі ўрэшце прадставяць тыя дакументы.

Усё дакладна сфатаграфаваўшы і купіўшы сувеніры, мы пайшлі агледзець шляхецкія прысады. Там па-над высокай някошанай травою нібы плыла галава нашага нядаўнага тварыша з-пад крамы – ягонае цела хавала зеляніна. Здавалася, галава жыла сваім асобным жыццём, не звяртаючы на нас ніякай увагі, самотна сёрбаючы пладова-ягаднае і прыжмурваючы вочы ад задавальнення.

{movie}Што ў Вязынцы памятаюць пра жонку Янкі Купалы? |right|17320{/movie}

Мы павандравалі шукаць беларускасць далей. Але Вязынка нібы вымерла. Толькі праз нейкі час мы заўважылі жанчыну, што палівала агуркі на градах.

– Добры дзень!

– Добры дзень! – шчыра і па-беларуску адказала нам кабетка.

– Нарэшце, – узрадаваліся мы беларускай мове. – Ці вы памятаеце якую песню старую, прыказку ці прымаўку? Хацелася б пачуць штосьці цікавае на радзіме класіка.

Жанчынка задумалася, пацерла рукою патыліцу:

– Нічога не памятаю. Што бацькі ведалі некалі ды казалі, то я ад іх не вучылася.

– Дык, можа, вы нас скіруеце да некага, хто ў вас самы красамоўны ў вёсцы?

Праз падворка жанчынка павяла нас да суседняй хаты, каля якой з кійком стаяў стары ў гімнасцёрцы.

Гэта дзядзька Віця, мой хросны бацька, – прадставіла нам кабета. – Яму ўжо 90 гадоў, можа, ён нешта будзе ведаць.

Дзядуля аднак таксама адмоўна паківаў галавою.

Некалі я служыў у польскім войску, бо Вязынка была да вайны пад Польшчаю – пра гэта мог бы расказаць. А нейкіх прымавак то я не ведаю зусім. У вайну мы былі ўсе палякі, бо хацелі ісці ў польскае войска. Саветы бралі нашых людзей у штрафбатальёны. Не дай Бог, хто туды трапіў, бо іх адразу на перадавую давалі, – згадаў дзядуля. –Прыказкі там розныя – гэта больш жаночая справа.

{movie}Як у Вязынцы ўспаміналі вершы Янкі Купалы |right|17321{/movie}

Да нашай групкі падышла яшчэ адна зацікаўленая жыхарка Вязынкі.

Не вучылі нас у школе прымаўкам, а толькі ўсё пра Леніна ды пра партыю, – распавяла кабетка, што адпрацавала ў Вязынцы ўсё жыццё аграномам, хоць сама з-пад Валожыну.

Але мы зараз не пра гэта. Можа хоць нейкі верш Купалы згадаеце – ваш любімы, – не здаваліся мы.

Гм. Мой родны кут як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы.., – аграном.

Дык гэта ж Колас!… Можа, усё ж, якую показку мясцовую, песню, загадку, хоць нешта ўспомніце, каб запісаць на памяць.

Усе нашыя суразмоўцы зноў глыбока задумаліся.

Што ж тут можна такое расказаць? – выразна засаромленая затурбавалася жанчына, якую мы спаткалі першай. – Магу вам пра Купаліху расказаць. Як я была малая, то памятаю, да нас прыязджала Купаліха, жонка Купалы-нябожчыка, мы яе цётка Уладзя называлі. Яна прывозіла дзецям да нас у школу цукеркі, пячэнне вялікімі скрынкамі. Яна сваю родзічку выхоўвала, над моладдзю ў тэхнікуме шэфства брала. Шмат людзям яна памагала. А была такая простая жанчына. Дзякуючы ёй і музей зрабілі.



Міжвольна мы згадалі фотаздымкі з музею, на якіх сужонка Янкі Купалы, абвешаная медалямі, размаўляла з жыхарамі Вязынкі. Яна, пэўна, мусіла граць, хваліць партыю, усміхацца камуністычным кіраўнікам, хоць, верагодна, падазравала, што яны мелі дачыненне да смерці ейнага мужа.

Развітаўшыся з землякамі Купалы, якія так і не згадалі ніводнай старой беларускай прымаўкі, мы вырушылі на вясковыя могілкі. Усе надпісы на помніках, што мы пабачылі, – былі па-расейску. Побач на сметніку ляжалі выкінутыя крыжы, якія, здавалася, сімвалізавалі адрынутую ды выпхнутую з сэрца беларускасць.

Віктар Шукеловіч, Якуб Бернат, belsat.eu

Стужка навінаў