Зрабіць адмысловы мэйк-ап и выйсці з дому ўва ўсёй красе – штодзённасць японскай гейшы Юко Асакуса, якой споўніўся усяго толькі 91 год, як кажа яна сама. Юко – найстарэйшая гейша ў Токіа – больш не танчыць, але запэўнівае, што спяваць і граць на японскім народным інструменце сямісэн будзе, пакуль дыхае.
{movie}Гейша ў 91 год мае каля 20-ці сустрэчаў з кліентамі на месяц|right|17290{/movie}
«Нягледзячы ні на што, я люблю выступаць. Мне падабаецца граць на сямісэн і скакаць. Я не назаву гейшаю тую, якой бы не падабалася выступаць. Я буду гейшаю ўсё жыццё, бо ў гэтай прафесіі ўзрост не такі істотны», – празналася гейша.
Хоць цяпер Асакуса ўсё ж больш займаецца з маладымі, пераказваючы ім азы прафесіі. Гейша мусіць лёгка і нязмушана займаць кліентаў дасціпнымі размовамі – у тым ліку і на замежных мовах, правільна праводзіць чайную цырымонію, выконваць традыцыйныя японскія танцы, быць начытанаю і разбірацца ў мастацтве, і пры гэтым заўсёды выглядаць прывабна і акуратна.
Цяпер у Японіі гейшаў усё менш: на увесь густанаселены Токіа – толькі 2 сотні. Затое попыт на сапраўдных гейшаў, а не на дзяўчат у кімано, якія адно фатаграфуюцца з турыстамі, не зніжаецца. У графіку Юко Асакуса каля 20-ці сустрэчаў з кліентамі на месяц.
Марына Вашкевіч, belsat.eu