Як Берасце сустрэла Дзень незалежнасці (фотарэпартаж)


На Дзень незалежнасці на вуліцах Берасця, як і цалкам па краіне, было малалюдна. Затое вялікія чэргі ўтварыліся на памежных пераходах: берасцейцы масава паехалі ў суседнюю Польшчу. Шмат хто ад свята збег за горад. Аднак было нямала і тых, хто накіраваўся адзначыць гэты дзень ў гарадскія паркі, дзе была арганізаваная культурная праграма і выязны гандаль.

9 траўня–22 чэрвеня–3 ліпеня – здаецца, гэтыя даты зліліся ў адное цэлае. Не паглядзеўшы ў каляндар, не было б вядома, які сёння дзень. Даволі складана адгадаць, што за свята сёння адзначае краіна. Усё зроблена паводле аднаго сцэнара.

Пры ўваходзе ў Цэнтральны парк імя Першага траўня гасцей сустракаюць песні запрошанага з Расеі хору: гучыць «Гэты дзень перамогі», «Выхадзіла на бераг Кацюша!» (берасцейцаў увечары яшчэ чакае выступ Акадэмічнага ансамблю песні і танца Расейскай Арміі імя А. Александрава, які будзе выконваць беларускі гімн).

У парку людзі проста гуляюць і ствараецца ўражанне, што гэта звычайны выходны дзень. У меню выязнога гандлю – шашлык, памідоры ды гуркі, і, у адрозненні ад мінулага года, у продажы няма моцнага алкаголю. Але людзей, якія выпілі, нямала.

Ад размовы з журналістамі людзі не адмаўляюцца, але не пакідае адчуванне, што для іх няма вялікай розніцы паміж Днём Перамогі і Днём незалежнасці. «Сёння ў нас цудоўнае свята, – зазначае мужчына гадоў пяцідзесяці. – Дзень незалежнасці! У гэты дзень быў вызвалены Менск». – «Але Берасце заставалася пад нямецкай акупацыяй?». – «Ну, потым жа і яго таксама вызвалілі».

«Дзень незалежнасці мы сёння адзначаем, – кажа Алег, хлопец, якому, на выгляд, гадоў 25. – Калі б мы тады не перамаглі і гэтыя людзі засталіся намі кіраваць, невядома, што было б сёння. А так усё нармальна». – «І пасля той перамогі Беларусь стала незалежнаю?» – «Не, не стала. Але давайце не звяртаць на гэта ўвагі. Сёння – свята, давайце яго проста адзначаць».

Сям’я пенсіянераў распавядае: «Для нас, людзей, народжаных у СССР, Дзень незалежнасці – вельмі вялікае свята. Мы, савецкія людзі, перамаглі фашысцкую Нямеччыну, і сёння ў нас ёсць мірнае неба над галавою, мы можам жыць у дастатку і ганарыцца сваёй краінаю. Безумоўна, 9 траўня і 3 ліпеня – гэта розныя святы, але сэнс у іх адзін – успомніць пра гераічную перамогу савецкага народу».

У іншым берасцейскім парку – воінаў-інтэрнацыяналістаў – людзей таксама няшмат. Іх забаўляюць калектывы мастацкай самадзейнасці. Міліцыя заплюшчвае вочы на тое, што пры сабе шмат хто хавае моцны алкаголь.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Фота Мілана Харытонава

Стужка навінаў