У Літву на «Крамбамбулю» і «Без билета» – з бясплатнай візай


Буйны літоўскі фэст «Galapagai» запрашае гасцей! Арганізатары шчодра дадаюць бясплатную візу кожнаму ўладальніку квітка на фэст.

1–2 жніўня ў Зарасаі, што на мяжы Літвы, Латвіі ды Беларусі, адбудзецца папулярны фэст «Galapagai». Сярод гэдлайнераў імпрэзы – «The Baseballs» (Нямеччына), «Supersci» (Швецыя), Mr. Woodnote (Вяліка Брытанія). Беларусаў рэпрэзентуюць «Крамбамбуля» і «Без билета».

Фэст адбываецца на маляўнічым востраве пасярод возера. «Galapagai» – гэта выдатны настрой і самая пазітыўная музыка, купанне ў любы час дня і мноства бясплатных забаваў: творчыя майстэрні, спартовыя імпрэзы ды экстрэмальныя шоу. Сёлета фэст ператвараецца ў незалежную дзяржаву. Яго афіцыйны дэвіз – «Магчымае ўсё!».

У канстытуцыі «Galapagai» запісана, што прэзідэнтам можа стаць любы музыка, які выйдзе на сцэну фэсту і пабачыць найбольшую колькасць узнятых рук. У гэтай краіне няма парламенту, затое ёсць шмат бараў. Пры гэтым у ёй афіцыйна забаронена працаваць усім, акрамя арганізатараў, а дзень цягнецца 72 гадзіны. Каб стаць грамадзянінам «Galapagai», дастаткова набыць квіток на фэст.

«Настрой фэсту ствараюць людзі, якія да нас прыязджаюць. Таму мы шторазу рыхтуем найлепшыя забавы ды адмысловыя прапановы. Сёлета будзе 4 сцэны ды больш за 40 артыстаў. Таксама звярну ўвагу на наша ноў-хаў – квіткі катэгорыі «камфорт». Іх уладальнікаў на фэсце ўжо будзе чакаць гатовы да пражывання намёт і спальнікі, а з раніцы яны атрымаюць каву і шампанскае», – зазначае дырэктар фестывалю Альгірдас Барнішкіс.

Акрамя ўзгаданых гуртоў, на сцэне з’явяцца літоўцы Leon Somov & Jazzu, «Skamp», Markas Palubenka, эстонцы «Superskankers» ft. Okym Riim, Margaret Live, «Curlykills» і шмат хто іншы.

Зарасай месціцца за 131 кіламетр на поўнач ад Вільні, каля мяжы з Латвіяй і Беларуссю. Ад Браслава да Зарасаю (праз Даўгаўпілс) – 70 кіламетраў. Даехаць туды можна дзякуючы адмыслова арганізаваным бас-турам, а таксама асабістым аўтам альбо цягніком з Вільні (да станцыі Турмантас, далей – маршруткаю).

Бясплатная віза: дзякуючы падтрыманню МЗС Літоўскай Рэспублікі квіткі на гэты фэст забяспечаныя бясплатнымі візамі з тэрмінам перабывання з 1 да 3 жніўня ўключна.

Падаванне дакументаў традыцыйна спрошчанае – даведкі з месцы працы/навучання, пацверджання платаздольнасці не трэба.

Умовы продажу квіткоў – адзін квіток на адзін пашпарт. Калі вы не маеце дзейнай візы, для набыцця квітка вам трэба спачатку зарэгістравацца на падачу дакументаў у амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі не пазней за 23 ліпеня (электронны запіс на сайце http://by.mfa.lt) і раздрукаваць пацверджанне рэгістрацыі. Звяртаем увагу, што ўжо ідзе рэгістрацыя на ліпень, таму вызначайцеся хутчэй. Новыя месцы на падаванне дакументаў з’яўляюцца кожны працоўны дзень.

Продаж квіткоў ужо распачаўся! Квіткі можна набыць толькі ў офісе агенцтва «Шаблі»: горад Менск, вуліца Чарвякова 6, пад’езд 3, цокальны паверх (з 9:00 да 19:00 у працоўныя дні).

Кошты на квіткі: стандартны (уваход і месца ў кемпінгу) – Br 420 тыс., аўтобусны тур у два бакі – Br 500 тыс. Квіткі катэгорыі «Камфорт»: на 2 чалавекі – Br 1 900 тыс., на 3 чалавекі – Br 2 720 тыс., на 4 чалавекі – Br 3 550 тыс.

Сайт фестывалю – www.galapagai.lt

Інфалінія ў Беларусі: +375 33 6555596; +375 29 6555596, +375 17 395 05 65

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў