Адзнака па беларускай мове з’явіцца ў дыпломе швейцарскай школы


Ад восені гэтага года ў рускай школе ў Цюрыху пачне сваю працу беларускамоўны клас. Не толькі дзеці, але і дарослыя беларусы, якія жывуць у Швейцарыі змогуць прайсці навучанне. Распавёў “Белсату” пра ідэю беларускамоўнага класу Алесь Сапега, прэзідэнт Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі.

Ў Цюрыху шукаюць беларускага настаўніка

Прапанова стварэння беларускага класу належыць да дырэктаркі рускай школы “Детский городок”, якая знаходзіцца ў Цюрыху. У гэтым годзе беларусы дапамагалі ў арганізацыі і правядзенні Дня славянскай пісьменнасці. Менавіта пасля яго, дырэктарка рускай школы і спытала: “Чаму вы не жадаеце адкрыць беларускамоўны клас?”. “На той момант гэта было вельмі складана. Бо няма ні настаўніка, ні вучняў. І яна прапанавала адкрыць гэты клас на базе рускамоўнай школы. Акрамя гэтага, вучні іх школы атрымліваюць у дыплом аб заканчэнні швейцарскай школы адзнаку па мове. Так будзе і з беларускім класам”, – распавёў Алесь.

Гэта вельмі сур’ёзны праект, таму зараз Асацыяцыя беларусаў шукае адпаведнага настаўніка. Патрабаванні да выкладчыка таксама разнастайныя. Трэба, каб гэта былі не толькі заняткі па беларускай мове, але і па гісторыі і культуры Беларусі. Шмат беларусаў, якія жывуць у Швейцарыі не ведаюць беларускай мовы. А галоўная мэта Асацыяцыі – прапаганда беларускай мовы, гісторыі, культуры, беларускіх каштоўнасцяў і традыцый. “Мы хочам, каб дзеці, дарослыя чулі, ведалі беларускую мову, каб знаёміліся з беларускімі традыцыямі”, – кажа Алесь. Навучацца ў класе змогуць усе жадаючыя.

На прапанову выкладаць беларускую мову ў Швейцарыі адгукнуліся беларусы са ўсёй Еўропы, у тым ліку з Беларусі, Польшчы, Нямеччыны.

Як захаваць традыцыі 2000 км ад Беларусі

Цяпер беларусы ў Швейцарыі рыхтуюцца да святкавання традыцыйнага беларускага свята – Купалля, на які запрасілі фальклорную групу з Беларусі. Гэтая група будзе не толькі ўпрыгожваць імпрэзу сваімі спевамі, але таксама распавядзе пра традыцыі беларусаў, зайграе на беларускіх музычных інструментах. Адбудуцца і традыцыйныя для беларусаў гульні.

На імпрэзы, якія ладзіць Асацыяцыя заўсёды збіраецца шмат людзей. Так, на “Гуканне вясны”, адной з найбольш старажытных беларускіх традыцый, з’ехаліся не толькі беларусы з усёй Швейцарыі, але і прадстаўнікі шасці нацыянальнасцей, сярод якіх: французы, італьянцы, немцы.

Цуд на Дзяды

Не забываюцца беларусы і пра продкаў, пахаваных у Швейцарыі. Штогод з нагоды Дзядоў яны наведваюць магілы вядомых беларусаў. Сярод іх месца пахавання вядомай дзяячкі беларускага культурнага руху – Марыі Магдалены Радзівіл. У мінулым годзе, па аповедах Алеся, здарыўся цуд. “Мы пайшлі на могілкі, дзе пахавана Марыя Магдалена Радзівіл. І туды прыйшоў яе нашчадак. Ніхто не ведаў дзе ён жыве і як завецца. А зараз ведаем”. Гэта яе прапраўнук Адам IV Карл Чартарыскій-де-Бурбон, які нарадзіўся ў 1940 годзе. Магчыма, і ў гэтым годзе ён таксама будзе прысутнічаць на святкаванні Дзядоў.

Штогод адбываецца і беларуская дыктоўка з нагоды Дня роднай мовы. У мінулым годзе беларусы пісалі “Лісты з-пад шыбеніцы” К. Каліноўскага.

магіла Марыі Радзівіл у вёсцы Бургійон (Швейцарыя)

“А што такое наконт?” – Ці беларуская мова ў Беларусі – замежная?

У Алеся вялікая сям’я. Ён мае жонку і трох дзяцей. І ў жніўні гэтага года яны вырашылі з’ехаць у Беларусь на год. Жонка Алеся – швейцарка, вельмі яго падтрымлівае, хаця на пачатку скептычна ставілася да намеру Алеся размаўляць па-беларуску, які перайшоў на родную мову толькі з 1 студзеня гэтага года. Але зараз здзіўляецца таму, што беларусы ў Беларусі не ведаюць роднай мовы. “Для мяне сапраўды вельмі дзіўна, што беларусы ў Беларусі не толькі не размаўляюць па-беларуску, але і не разумеюць беларускай мовы”, – кажа жонка Алеся.

У Швейцарыі, дарэчы, 4 дзяржаўныя мовы: французская, нямецкая, італьянская і рэтараманская (розныя мясцовыя дыялекты). Таму ягоная жонка добра ведае некалькі моваў, якія ўжываюцца ў Швейцарыі. А ў Беларусі часта здараліся розныя, часам, камічныя сітуацыі, калі беларуская мова для беларусаў гучала, як замежная. “Вось, напрыклад, хадзілі ў пашпартны стол. Хацелі ўдакладніць наконт дакументаў для пераезду. І жанчына мне кажа: “А вы мне зараз па-ўкраінску кажаце?”. “Не, па-беларуску”, – адпавядаю ёй. “А што такое наконт?”, – запыталася яна. Я патлумачыў. Напрыканцы перапытваю яе: “Калі мы атрымаем адказ?”. На што яна здзіўлена запыталася: “Чаму вы так негатыўна ставіцеся? Можа мы вам і не адкажам”. Прыйшлося зноў тлумачыць, што такое “адказ” па-беларуску”, – смеючыся распавёў Алесь. І такіх прыгодаў у Беларусі з ім здаралася шмат.

Большасць знаёмых пытаюць, чаму вырашылі з’ехаць. Адказ вельмі просты: “Мы – вольныя, таму і з’яжджаем”. Паводле Алеся, людзі, якія жывуць у Швейцарыі вольныя ад стэрэатыпаў, ад звычкі жыцця на адным месцы. Таму, шмат хто з’яжджае ў іншыя краіны, альбо ў кругасветнае падарожжа на некалькі гадоў. А Беларусь – радзіма, там засталіся сваякі.

У Беларусі Алесь будзе займацца дабрачыннасцю і перакладамі на нямецкую мову. Ёсць мара перакласці дакументальны фільм. Плануюць таксама правесці некалькі месяцаў і на беларускай вёсцы, каб дзеці пазнаёміліся з сапраўдным вясковым жыццём, жывёламі, тым, чаго так не хапае ў прыгожай Швейцарыі.

Беларусы ў Швейцарыі

Стварэннем Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі Алесь заняўся 2,5 гады таму. Жаданне аб’яднаць усіх беларусаў у адной арганізацыі падтрымала і амбасада Рэспублікі Беларусь у Берне. Адметнай рысай беларусаў у Швейцарыі з’яўляецца тое, што яны раскіданы па ўсім краі. Беларуская дыяспара досыць лічная, але не сканцэнтравана ў адным горадзе. Ўсе імпрэзы, якія ладзіць Асацыяцыя праводзяцца альбо ў арэндаваных памяшканнях, альбо на свежым паветры. Аднак гэта не перашкаджае ім размаўляць па-беларуску і распаўсюджваць беларускую культуру ў сваіх гарадах.

Іна Чанчавік, belsat.eu

Стужка навінаў