Нікаля Сарказі – пад вартаю


Былы прэзідэнт Францыі падазраецца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў у перыяд з 2007 года да 2012-га, калі ён выконваў абавязкі прэзідэнта.

Нікаля Сарказі праходзіць у справе, па якой яму могуць выставіць абвінавачанні паводле артыкулу «Гандаль уплывам», то бок уздзеяння на дзяржаўнага чыноўніка, каб той за ўзнагароду выканаў пэўныя дзеянні.

Экс-прэзідэнту можа пагражаць да трох гадоў турмы і € 375 тыс. штрафу. Яго даставілі ў аддзел барацьбы з карупцыяй у прыгарадзе Парыжу – Нантэры. Паводле закону следчыя могуць трымаць палітыка пад вартаю 24 гадзіны з магчымасцю аднакратнага падаўжэння тэрміну затрымання на суткі.

У чым абвінавачваюць былога прэзідэнта Францыі

Сарказі падазраюць у тым, што ён атрымліваў інфармацыю аб ходзе справы з нагоды магчымага незаконнага фінансавання ягонай выбарчай кампаніі лівійскім дыктатарам Муамарам Кадафі ў 2007 годдзе. Сярод іншага, прадстаўнік суда папярэдзіў Сарказі аб праслухоўванні ягонага тэлефона.

У ходзе праслухоўвання следчыя выйшлі на інфармацыю, якая датычыць іншай справы – нелегальнага фінансавання перадвыбарчай кампаніі Сарказі мільярдэршаю ды спадчынніцай касметычнай імперыі L’Oreal Лільян Бэтанкур.

Следчыя спрабуюць высвятліць ці сапраўды Сарказі паабяцаў аднаму з суддзяў, які вёў справу Бэтанкур, высокую пасаду ў Манака ў абмен на службовыя матэрыялы следства.

Гэта першы выпадак у гісторыі сучаснай Францыі, калі пад варту бяруць былога кіраўніка краіны. Раней Сарказі заяўляў пра свой намер балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах 2017-га году.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў