Правілы жыцця Васіля Быкава


Сёння класіку беларускай літаратуры Васілю Быкаву споўнілася б 90 год. Што насамрэч важна ў жыцці і як трэба яго пражыць – падборка цытатаў пісьменіка, які праславіў Беларусь на ўвесь свет.

● Нявыказаная сёння праўда можа застацца нявыказанай ніколі.

● Нацыяналізм вялікай нацыі непазбежна перараджаецца ў шавінізм і імперыялізм, а нацыяналізм малой нацыі, якім бы ён ні быў, накіраваны перш за ўсё на выжыванне сваёй нацыі сярод іншых.

● Пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут — трава.

{movie}«Васіль Быкаў. Апошнія дні», дак. фільм, ч. 1|right|17055{/movie}

● Божа мой, гэта ж не маё адкрыццё, гэта яшчэ некалі я чытаў у Талстога, прынамсі, што ўжо само нараджэнне, як пачатак, так сказаць, і абяцанне радасці — ужо заключае ў сабе і элемент трагізму. Таму што ўсё тое, што мае пачатак — мае канец.

● Пакаленні людзей, якія за шмат гадоў прызвычаіліся існаваць у дагары нагамі перакуленым свеце, па той бок славутага люстэрка, і на старасці год не здольны зразумець свае трагедыі, — гэтыя пакаленні для нацыі страчаны, таксама як і для чалавечай гісторыі.

{movie}«Васіль Быкаў. Апошнія дні», дак. фільм, ч. 2|right|17056{/movie}

● Талент мае права гаварыць народу ўсю праўду пра яго існаванне, часам горкую праўду.

● Напэўна, самае дзейснае, самае практычнае — прымусіць чалавека заглянуць у сябе, прымусіць яго ўбачыць, які ён ёсць, што ў ім ёсць подлае, а што добрае. Калі ён разбярэцца ў сабе з дапамогай мастацтва, то і будзе вынік.

● Порахам чалавека не выхаваеш.

{movie}Дак. фільм «Белсату»: «Распавяду вам пра вайну»|right|17057{/movie}

● Чалавек, як i кожная жывая iстота ад Бога, нараджаецца свабодным.

● Нармальны працэс культурнага развіцця павінны быў выглядаць так: спярша ў самым поўным аб’ёме — уласная культура, затым іншыя — расейская, нямецкая, польская, англійская — чым болей, тым лепш, наколькі хапае да таго здольнасцяў грамадства ці асобнага яго члена.

● Я не збіраю музею, як некаторыя. Нават архіву. Лішнія матэрыялы я часам аддаю ў літаратурны музей, паколькі яны заўсёды просяць.

● У грамадстве, дзе кожны трэці — камуніст, а кожны другі — сексот, цяжка разлічваць на перамогу дэмакратычнымі сродкамі.

● Мне вельмі цяжка завершыць сваю працу там, дзе няма ніякай свабоды.

● Я добра памятаю той дзень і час, калі не толькі я, а ўвогуле, я так лічу, і народ, страціў свабоду. Гэта, канешне, для майго пакалення было на пачатку 30-х гадоў. Суцэльная калектывізацыя краіны… Не толькі свабода, але было страчана і ўсё, звязанае з ёй. Адбылася, увогуле, класічная з’ява: знікла свабода і, як вынік таго, знік хлеб.

● Талент — гэта труба, вечавы звон, барабан, але не жалейка і не свісцёлка… Ён з’яўляецца на свет не для таго, каб усыпляць элегіямі, а каб гучаць як сігнал трывогі.

● Калі з’яўляюцца ў жыцці моманты, якія абвяргаюць мой песімізм, то я бязмерна рады. Я песіміст, які прагне аказацца не правым.

● Кажуць, што калi нацыя не склалася за сто год, дык яна ўжо не складзецца нiколi. Ну а калi мы самi ў гэтым сэнсе не надта ўдалыя, тады якое маральнае права мы маем патрабаваць зменаў ад іншых?

● Як гэта ні сумна, трэба прызнаць, што гісторыя сапраўды нічому не вучыць. Зараз, як і заўжды, наперадзе культуры і нават наперадзе эканомікі зноў ідэалогія з яе імперскай палітыкай, якія спакваля падпарадкоўваюць сабе ўсё, у тым ліку і правы чалавека.

● Мы ведаем з гісторыі, што многія народы за сваю незалежнасць пралілі мора крыві. У нас жа гэта адбылося без асаблівых высілкаў і вялікіх дэбатаў… Відаць, незалежнасць патрабуе другой цаны, другой платы.

● Нельга з феадалізму адразу сягнуць у сацыялізм… ад бальшавіцкага лікбезу ўзвысіцца да сучаснай еўрапейскай культуры. Мусіць, спярша трэба назапасіць эканамічны, культурны, маральны капітал.

● Як і ўсе пакуты, адну душу яны спархняюць, а другую гартуюць да трываласці сталі.

● Апантанасць так званымі папулісцкімі ідэямі каштуе вялікай крыві. І яны рэдка ажыццяўляюцца. Нават самая святая з іх — ідэя свабоды.

● Мы павiнны скласцi велiчны мартыралог нашых страт i нашых пакутнiкаў. Гэта ляжа вуглавым камянём у падмурку нацыянальнай свядомасцi, стане важным элементам гiстарычнай памяцi i гарантам. Гарантам будучынi народу, якi праз генацыд, кроў i знявагу з упартасцю асуджанага рвецца да сонца, дабра i справядлiвасцi.

● Напэўна, кожнаму свой шлях да свабоды трэба прайсці ў адзіночку.

● Я веру, што Беларусь жыве і будзе жыць. Зробім жа ўсё дзеля гэтага.

АК, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў