У Менску развіталіся з Генадзем Бураўкіным (дадалося відэа)


Сотні людзей прыйшлі развітацца з беларускім паэтам, дзяржаўным і грамадскім дзеячам Генадзем Бураўкіным, які памёр 30 траўня пасля працяглай хваробы на 78-м годзе жыцця.

{movie}Развітанне з паэтам|right|16767{/movie}

Развітанне праходзіла ў сталічнай царкве святых Пятра і Паўла.

Праводзіць Генадзя Бураўкіна ў апошні шлях прыйшлі ягоныя сваякі, сябры, грамадска-палітычныя дзеячы, калегі-творцы, сярод якіх кіраўнік Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка), ягоны намеснік Алесь Пашкевіч, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, праваабаронца і грамадскі актывіст Валерый Шчукін, палітыкі Андрэй Дзмітрыеў, Дзмітрый і Настасся Дашкевічы, а таксама Павал Севярынец з жонкаю ды шмат іншых вядомых людзей, у тым ліку заснавальнік інтэрнэт-парталу tut.by Юрый Зісер, музыка Зміцер Вайцюшкевіч, вядомая спартоўка Аляксандра Герасіменя, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, драматург Аляксей Дудараў.

Алтарная зала святыні не магла змясціць усіх ахвотных развітацца з паэтам. Людзі чакалі чаргі ў царкоўным дворыку. Адпявалі Генадзя Бураўкіна па-беларуску.

Генадзь Бураўкін пры жыцці быў класікам, і цяпер стаў у адзін шэраг з найвялікшымі творцамі Беларусі, зазначыў на грамадзянскай паніхідзе па памерлым паэце Барыс Пятровіч (Сачанка): «Пайшоў у вечнасць яшчэ адзін творца з ліку тытанаў і апосталаў, тых, хто быў і застаецца гонарам і годнасцю нашай краіны. Такія раны доўга не загойваюцца, такія страты не забываюцца, і такія людзі – незаменныя».

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч падкрэсліў, што наўрад ці хто ведаў Генадзя Бураўкіна даўжэй, чым ён, – 60 гадоў: «Мы ведалі адзін аднаго са студэнцтва. Заўсёды адзін аднаго паважалі».

Уладзімір Някляеў успомніў выпадак, калі Рыгор Барадулін павіншаваў маці Генадзя Бураўкіна, Феадосію, са 100-годдзем, падзякаваўшы за сына: «Паэт, які валодаў сапраўды народнаю беларускай свядомасцю, ведаў, што для бацькоў вельмі важны гонар за дзяцей».

Пры гэтым ён павіншаваў удаву Бураўкіна з тым, што ў яе быў такі муж, дзяцей – што быў такі бацька, сяброў – што быў такі паплечнік, а ягоных чытачоў з тым, што ў іх быў такі паэт. «Але галоўнае – можна павіншаваць Беларусь за тое, што ў яе быў такі выдатны сын. Пакуль у Беларусі нараджаюцца такія людзі, як Бураўкін, Быкаў, Барадулін, Караткевіч, тыя, хто прыйшоў сёння развітацца з паэтам, як Дзмітрый Дашкевіч і Насця Палажанка, будзе жыць Беларусь», – сказаў Някляеў.

Тэлеграмы са спачуваннямі прыслалі пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, мноства сяброў і калегаў Бураўкіна з Украіны. Сказаць развітальную прамову прыйшоў часовы павераны ў справах ЗША Ітан Гоўлдрыч.

Вынас цела з царвы пасля працэдуры развітання людзі сустракалі з бел-чырвона-беламі сцягамі.

Сёння ж Генадзя Бураўкіна пахаваюць на Усходніх (Маскоўскіх) могілках.

Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна (цяпер – Тродавічы) Расонскага раёну Віцебскай вобласці. Першыя вершы надрукаваў у 1952 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі ды прозы, кніг для дзяцей, сцэнарыяў дакументальных і мастацкіх фільмаў. Лаўрэат Прэміі Ленінскага камсамолу БССР (1972), Дзяржпрэміі БССР імя Янкі Купалы (1980), літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча (2005), узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Дружбы Народаў, медалямі.

Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, загадчыкам аддзелу літаратуры, намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва», галоўным рэдактарам часопісу «Маладосць».

У 1978–1990 гадах – старшыня Дзяржкамітэту БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, у 1980–1990 гадах – дэпутат Вярхоўнага Савету БССР, у 1990–1993 гадах – сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН.

У 1997–1999 гадах узначальваў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, з 2008 года – назіральную раду тэлеканалу «Белсат».

Грамадскай дзейнасцю Генадзь Бураўкін працягваў займацца і ў апошні год свайго жыцця. Гэтак, летась у снежні ён у ліку іншых сябраў СБП публічна выступіў дзеля падтрымання актывістаў украінскага Майдану, узваліўшы барацьбу Украіны за дэмакратыю і еўрапейскі шлях развіцця.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН

Стужка навінаў