«Оўбама ў войску не служыў, і Яцэнюк з Турчынавым – таксама...»


Пра тое, што Украіне патрэбныя не грошы, а зброя, – у інтэрв’ю Змітра Гурневіча з шэф-рэдактарам газеты «Наша Ніва» Андрэем Дынько.

Андрэй Дынько быў госцем праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» штопятніцу а 20:30. Паглядзець яе вы можаце ў онлайн-трансляцыі на нашай старонцы або ў закладцы «Нашыя праграмы».

Андрэй Дынько высока ацэньвае эканамічную каманду на чале з прэм’ер-міністрам Арсеніем Яцэнюком і крытыкуе сілавікоў. Станоўчаю якасцю новага прэзідэнта Пятра Парашэнкі называюць ягоную здольнасць да перамоваў. Шэф-рэдактар «Нашай Нівы» лічыць, што ў такі момант краіне не зашкодзіў бы моцны лідар.

{movie}Андрэй Дынько ў праграме “ПраСвет”|right|16759{/movie}

«Трэба пераводзіць краіну на ваенныя рэйкі, але ці гатовы да гэтага Парашэнка, ці гатовая палітычная эліта? Я тут выкажу такую думку, што ім бы лідара кшталту Лукашэнкі цяпер, – мяркуе суразмоўца. Я чаму гавару, што Украіне патрэбны новы Пілсудскі, ну паглядзіце на гэтых украінскіх сілавікоў цяперашніх. Міністр унутраных справаў штодзень нешта там піша ў «Facebook’у», нейкія там эмоцыі выказвае. Каб напісаць, трэба пару хвілінаў. У цябе што, ёсць лішнія пару хвілінаў у гэтай сітуацыі? Ды ты мусіш 24 гадзіны думаць, куды накіраваць зброю, а не ў «facebook’ах» пісаць».

Менавіта зброя патрэбная цяпер Украіне, а не грошы, якіх Еўразвяз накіраваў ужо нямала. «Бо грошы могуць трапіць у рукі бандытаў». У плане ж ваеннай дапамогі Захаду «бракуе палітычнай волі, бо сёння на Захадзе шмат слабых лідараў. Оўбама ў войску не служыў, і Яцэнюк з Турчынавым – таксама…».

З іншага боку, падкрэслівае Андрэй Дынько, увязванне ў ваенны канфлікт можа стаць пачаткам трэцяй сусветнай вайны, а гэта – «найгоршы варыянт, бо яна каменю на камені не пакіне ў нашым рэгіёне». «У гэтым сэнсе падыход Мэркель, Оўбамы, якія прыдумалі слова «дээскалацыя», [можа быць апраўданы – belsat.eu]. Нам, якія прызвычаіліся да аўтарытарнай палітыкі, да дыктатарскай палітыкі, дзе людзі кулаком па стале стукаюць, не баяцца ўжываць сілу, гэта трошкі смешна. Там пруць грузавікі з чачэнцамі, а тут «дээскалацыя». Але з іншага боку, калі глядзець глабальна, ну, можа быць, і маюць рацыю?».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў