Як будзе паводзіць сябе Расея з суседзямі?


Супрацьстаянне ці супраца? Пра тое, які шлях можа абраць Расея ў вонкавых дачыненнях з суседзямі ды светам, размаўлялі ў Менску падчас сустрэчы, арганізаванай Аб’яднанаю грамадзянскаю партыяй. У экспертны клуб “Прафесійна аб актуальным” запрасілі палітыкаў і журналістаў з Беларусі ды Расеі.

Імклівае далучэнне да Расеі Крыму, неабвешчаная, але самая сапраўдная вайна ўва ўсходніх рэгіёнах Украіны – усё гэта яшчэ некалькі месяцаў таму здавалася нерэальным у сённяшнім цывілізаваным свеце. Цяпер для сваіх мэтаў улады ў Крамлі стварылі новую, зусім іншую рэчаіснасць.

{movie}Супрацьстаянне ці супраца?|right|16758{/movie}

ЛЕАНІД ГОЗМАН, ФОНД «ПЕРСПЕКТЫВА», РАСЕЯ:

“Гэта праблема ўнутранага становішча Расеі, якой патрэбная была пераможная вайна дзеля развязання ўнутраных праблемаў. А канфлікты і рэальныя супрацьстаянні паміж Укріанаю ды Расеяй маглі б быць развязаныя за сталом непублічных перамоваў”.

Але развязаныя не былі. Бо вырашаць іх давялося б з новым урадам у Кіеве, які прыйшоў да ўлады пасля рэвалюцыйных падзеяў на Майдане. Ці выгадна тады было Крамлю размаўляць з кіраўніцтвам Украіны, якое без згоды Масквы скінула тагачаснага прэзідэнта ды ўвесь багаж ягонага кіравання?

СВЯТЛАНА КАЛІНКІНА, ГАЗЕТА «НАРОДНАЯ ВОЛЯ»:

“Расея прапаноўвала Украіне і грошы, і ўсялякую дапамогу толькі дзеля таго, каб краіна не развівалася, каб народ не зрабіў свайго выбару. І гэты працэс дайшоў да адкрытай вайны. Гэта сапраўдны твар расейска-ўкраінскага сяброўства”.

Ці цяпер гэты твар зменіцца або ці прынамсі скончыцца вайна? Частка ўдзельнікаў дыскусіі не выключае працягу крывавага сцэнара ўкраінскіх падзеяў. Іншыя ўсцяж спадзяюцца на голас розуму.

УЛАДЗІМІР РЫЖКОЎ, РАСЕЙСКІ ПАЛІТЫК, ГІСТОРЫК:

“Я мяркую, што цяпер прыйшло працверазенне, у тым ліку і ў Крамлі. Рыторыка апошнімі днямі змянілася, яна стала больш спакойнаю ды добразычліваю ў дачыненні той самай Украіны, расейскія тэлеканалы перасталі распавядаць пра фашыстаў і бандэраўцаў. Я перакананы, што далейшай экспансіі не будзе”.



Але ці азначае гэта спыненне экспансіі, накіраванай на іншыя постсавецкія краіны? Нязбройным, але таксама эфектыўным метадам падпарадкавання частка ўдзельнікаў дыскусіі называе падпісаную ўчора кіраўнікамі Расеі, Казахстану і Беларусі дамову аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюзу. У прыватнасці, Беларусі стварэнне новай рынкавай прасторы можа прынесці банкруцтва шэрагу айчынных прадпрыемстваў. У выніку – яшчэ большую залежнасць ад усходняй мацнейшай суседкі, а ў перспектыве – чарговае абмежаванне суверэнітэту.

ЛЕАНІД ГОЗМАН, ФОНД «ПЕРСПЕКТЫВА», РАСЕЯ:

“Небяспека такая, несумненна, будзе. Новае дэмакратычнае кіраўніцтва, якое раней ці пазней прыйдзе ў Беларусі, сутыкнецца з вельмі сур’ёзнаю задачаю рэальнага пабудавання дачыненняў з Расеяй”.



Як Масква будуе адносіны з такім кіраўніцтвам, паказваюць цяперашнія падзеі вакол Украіны. Аднак некаторыя расейскія палітыкі перакананыя, што менавіта яны могуць стаць імпульсам дэмакратычных зменаў – у самой Расеі.

УЛАДЗІМІР РЫЖКОЎ, РАСЕЙСКІ ПАЛІТЫК, ГІСТОРЫК:

“Калі працягнецца канфрантацыя з Захадам, калі працягнецца падзенне эканомікі Расеі (сёлета яно, на жаль, ужо адсочваецца), Расея аб’ектыўна стане перад неабходнасцю эканамічных рэформаў, як рынкавых, гэтак і дэмакратычных. Я перакананы, што дэмакратычная перспектыва для Расеі захоўваецца.

А для Беларусі?

СВЯТЛАНА КАЛІНКІНА, ГАЗЕТА «НАРОДНАЯ ВОЛЯ»:

“Лёс дзяржавы залежыць ад таго, якую пазіцыю займае народ. Чым больш беларусы будуць адчуваць сябе беларусамі, тым больш яны будуць разумець, што мы нармальная нацыя, паўтанавартасная нацыя, што мы маем права на нармальнае жыццё”.



А шанец зрабіць свой выбар беларусы атрымаюць ужо налета, на прэзідэнцкіх выбарах. Ці, прынамсі, нагоду, каб заявіць пра такое жаданне.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў