Як расейскія алігархі гадуюць сваіх паплечнікаў на Захадзе


Найбуйнейшыя расейскія магнаты ўжо каторы год вызначаюць кірунак фармавання свядомасці маладых еўрапейцаў. Стыпендыя «Газпрому» для аспірантаў і дактарантаў Варшаўскага ўніверсітэту, грант на 260 тыс. фунтаў стэрлінгаў для Кембрыджу, мільярдэр расейскага паходжання і былы гендырэктар НТВ на Захадзе закладаюць свае школы рыхтавання ўрадавых працаўнікоў. Дзеля чаго?

Стыпендыяльная праграма «Газпрому»

Стыпендыі «Газпрому» прызначаюцца для аспірантаў універсітэту. Афіцыйная мэта стварэння стыпендыяльнай праграмы – «фінансаванне навуковых даследаванняў у галіне міжнародных сувязяў, асабліва польска-расейскага супрацоўніцтва ў сферы бізнесу, кіравання, аховы навакольнага асяроддзя і энергетычнай гаспадаркі».

Пачатак праграмы ў 2010 суправаджаўся дыскусіяй у польскіх медыя. Некаторыя польскія журналісты наўпрост выказваліся пра «наступную хвалю акупацыі Польшчы». Аляксандр Мядзведзеў, генеральны дырэктар «Газпрому», пераконваў у прэсе, што аніякай экспансіі не адбываецца, і «Газпром» нельга атаясамліваць з імперыялістычнаю палітыкаю Расеі ды яе кіраўніцтва.

Варта нагадаць, што менавіта «Газпром» – найбуйнейшы сусветны канцэрн, які кантралюе амаль 20 % глабальнай вытворчасці газу і нафты. «Газпром» пануе на расейскім рынку. Акрамя гэтага «Газпром» мае свой медыя-холдынг, да актываў якога належаць некаторыя буйныя расейскія каналы, як НТВ, СТВ, часткова ОРТ ды інш., з дапамогаю якіх здзяйсняецца праўладная прапаганда не толькі ў самой Расеі, але і на щсёй прасторы былога СССР. Прыклад гэтага – асвятленне падзеяў ува Украіне.

Сёння расейскія ўлады выкарыстоўваюць «Газпром», які яшчэ да нядаўняга часу меў манаполію на імпарт газу ў Еўропу і краіны былога СССР, у сваіх палітычных мэтах. Пры дапамозе энергетычных рэсурсаў Расея ўсцяж дыктуе ўмовы эканамічнага і палітычнага жыцця Беларусі, і да Майдану – ува Украіне.

Наяўнасць стыпендыяльнай праграмы ў Варшаўскім універсітэце, якая напалову фінансуецца найбуйнейшаю дзяржаўнаю кампаніяй Расеі, прымушае задумацца. Паводле расейскай праваабаронцы Вольгі Захаравай «гэта не проста фінансаванне, гэта фактычна вызначае вобраз мыслення і тых, каго там выхоўваюць, і тых, хто там не проста выкладае, а выдае, напрыклад, policy paper, іншымі словамі, меркаванні, якія захады трэба рабіць у дачыненні Расеі».

«Газпром» у Кеймбрыджы

Аднак «Газпром» не абмежаваўся толькі Польшчаю. Сёлета расейская кампанія падаравала ў межах дабрачыннасці ўніверсітэту ў Кеймбрыджы 260 тыс. фунтаў стэрлінгаў. Афіцыйна – на развіццё расейскай лінгвістыкі ўва ўніверсітэце.

Крытычна да гэтага аднеслася экалагічная арганізацыя «Greenpeace», паводле якой Кеймбрыдж не мусіць прыймаць грошы ад кампаніяў з такою сумнеўнаю рэпутацыяй. Прадстаўнік «Greenpeace» Чарлі Кронік (Charlie Kronik) дадае, што такім чынам «Газпром» «купляе шанаваных паплечнікаў, якія ім могуць спатрэбіцца ў будучыні».

Таксама і паводле праваахоўнай арганізацыі «Amnesty International» Кеймбрыдж «абавязаны старанна правяраць кампаніі-спонсары на прадмет іх сацыяльнай ды экалагічнай палітыкі».

Расейскія грошы ўва еўрапейскіх універсітэтах выклікаюць вялікую зацікаўленасць. Вядомы той факт, што на Захадзе існуе шмат кампаніяў, якія лабіююць інтарэсы Крамля. Ёсць палітыкі ў Радзе Еўропы, якія намагаюцца павялічыць уплыў Расейскай Федэрацыі ўва ўнутранай еўрапейскай палітыцы. Прыклад – вугорскі еўрадэпутат Бэла Ковач (Béla Kovács), якога цяпер абвінавачваюць у шпіянажы і «ценевым» лабізме на карысць Расейскай Федэрацыі.

Паводле афіцыйных звестак, прынамсі дзве расейскія дзяржаўныя кампаніі, «Северсталь» і «Росатом», у 2012 годзе падпісалі дамову з амерыканскімі лабістычнымі кампаніямі з мэтай адстойвання сваіх інтарэсаў ува ўрадзе ЗША. Сярод іх – вядомыя юрыдычныя кампаніі «Clark Hill PLC» і «APCO Worldwide Inc.».

На думку Захаравай, «у ЗША адсачыць уплывы лабістаў крыху лягчэй, бо там усе лабістычныя кампаніі мусяць прайсці рэгістрацыю. Аднак існуюць гэтак званыя think tank, ці «мазгавыя цэнтры». Яны афіцыйна не лабісты, але публікуюць policy advices і такім чынам фармуюць грамадскую думку».

Магнаты-«філантропы»

Цягам апошніх некалькіх гадоў не толькі расейскія дзяржаўныя кампаніі, але і расейскія алігархі ды прамысловыя магнаты выступаюць спонсарамі і грантадаўцамі добра вядомых вузаў Вялікай Брытаніі ды ЗША. Гэтыя гранты спрыяюць не толькі легітымацыі алігархаў на Захадзе, але і лабіююць інтарэсы Крамля. Бо іх бізнес у той ці іншай ступені звязаны з расейскімі ўладамі.

Прыклад – з’яўляецца вядомы на Захадзе Леа Блаватнік, заснавальнік «Access Industries», які ў 1970-е гады з’ехаў у ЗША. Паводле Вольгі Захаравай, «ён успрымаецца на Захадзе як адзін з найбольш адэкватных, цывілізаваных расейскіх бізнесоўцаў». Сваё багацце (паводле газеты «The Sunday Times», 11 млрд фунтаў (16,8 добараў)) Леанід Блаватнік зарабіў менавіта ў Расеі.

У верасні 2010 года ён даў 75 млн фунтаў універсітэту Оксфарду з мэтай адкрыцця ўрадавай школы Блаватніка (Blavatnik School of Government). Яе мэта – адукацыя і выхаванне будучых еўрапейскіх лідараў. Акрамя гэтага, Блаватнік разам з Навуковай Акадэміяй у Нью-Ёрку (спонсар якой – арганізацыя “Узнагарода Блаватніка для маладых навукоўцаў”) выплочвае прэміі для навукоўцаў у Нью-Ёрку, Нью-Джэрзі ды Канэтыкуце. Цягам апошніх гадоў Гарвард і Ель атрымалі ад яго 50 млн долараў і 10 млн, адпаведна.

У кастрычніку 2012 года яго ўганаравалі выключнаю ўзнагародаю ўніверсітэту Оксфарду.

Можна было б лічыць яго звычайным філантропам, калі б бізнес Блаватніка не залежаў ад расейскіх уладаў. «Access Industries» – ягоная асноўная крыніца фінансавання –пабудаваная на прадпрыемствах металургічнай ды хімічнай прамысловасці ў Расеі. А прыбытковы бізнес у Расеі застаецца пад пільным наглядам уладаў.

Іншы расійскі бізнесовец, які займаецца «адукацыйнаю дабрачыннасцю», – былы генеральны дырэктар расейскага тэлеканалу НТВ і медыя-холдынгу «Газпром-медыя», Барыс Ярдан. У 2011 годзе ён заснаваў ува ўніверсітэце Нью-Ёрку Цэнтр перспектыўных даследаванняў Расеі Ярдана. Іронія лёсу – у тым, што менавіта гэты цэнтр часта праводзіць дыскусіі на тэму свабоды слова і медыяў у Расеі, што можа пагражаць фармаванню аб’ектыўнай публічнай думкі ў ЗША наконт сітуацыі расейскіх СМІ.

Парадаксальным падаецца і тое, што нягледзячы на сувязі гэтых магнатаў з расейскімі ўладамі еўрапейскія прэстыжныя вышэйшыя навучальныя ўстановы свядома дазваляюць уплываць на фармаванне грамадскай думкі ў сваіх краінах. «Некалькі гадоў таму Уладзімір Пуцін адкрыта выказаўся на тэму моцы. Ёсць hard power і soft power. Мы будзем ісці шляхам soft power, будзем укладваць грошы ў заходнія мазгавыя цэнтры, заходнюю сістэму адукацыі, – дадае Вольга Захарава. – Яны падыходзяць з тою меркаю, што дэмакратычныя каштоўнасці ў Расеі прасоўваюць за грошы наёмнікі. Сыходзячы з гэтага расейскія ўлады гэтак сябе паводзяць і ў Еўропе, і ў ЗША. І ў гэтым і ёсць праблема».

Інтарэсы Расеі лабіююць не толькі на эканамічным ці палітычным узроўні, але пачынаючы з асноваў станаўлення маладых мысляроў, якім належыць будучыня не толькі ўласнай краіны, але і свету.

Іна Чанчавік, belsat.eu

Стужка навінаў