Пасля чэмпіянату: што напісалі пра Беларусь замежныя журналісты?


Улады Беларусі чакалі, што чэмпіянат свету па хакеі ў Менску палепшыць імідж краіны, прывабіць турыстаў. Апазіцыя, у сваю чаргу, спадзявалася, што замежныя журналісты раскажуць і пакажуць усю праўду пра нашую краіну, не абмінаючы і тэмы палітвязняў. Якою ж аказалася гэтая праўда?

«Чэмпіянат як спроба для краіны-ізгоя выбрацца з ценю»

У большасці замежныя медыі напярэдадні і падчас чэмпіянату пісалі пра прэвентыўныя затрыманні моладзевых актывістаў. Прэзідэнт Беларусі спадзяецца ўразіць гасцей цёплым прыёмам і палепшыць імідж краіны. Але напярэдадні міжнароднага турніру ў краіне правялі гэтак званую прэвентыўную зачыстку – арыштавалі каля двух дзесяткаў актывістаў апазіцыі», – чытаем на нямецкім партале «Deutsche Welle».

Пра Беларусь як апошнюю дыктатуру Еўропы ды затрыманні пісала амерыканская газета «New York Times»: «Турнір праходзіць у Беларусі – краіне, якую часта называюць апошняю дыктатурай Еўропы. Больш за 20 беларускіх грамадскіх актывістаў былі арыштаваныя. Прымаць гэты турнір – як спроба для краіны-ізгоя выбрацца з таго ценю, у якім яна застаецца».

Амерыканскі палітычны сайт «The Hill» у артыкуле «Абразлівы дыктатар не заслугоўвае чэмпіянату па хакеі» выказвае здзіўленне, што чэмпіянат ўсё ж адбыўся ў Менску: «Кожная краіна мае праблемы з правамі чалавека, але ў Беларусі яны найбольш сур’ёзныя, і Лукашэнка не праявіў ніякай зацікаўленасці ў рэформах. Дзіўна, што хакейная федэрацыя абрала гэтую краіну для такой знакавай падзеі».

Брытанскі журналіст: у беларусаў вытраслі душу, і яны дагэтуль не ачунялі

«Беларусь – гэта жывы музей савецкай камуністычнай мінуўшчыны» – такое ўяўленне пра нашую краіну склалася ў журналіста брытанскага тэлеканалу «Channel 4 News» Джонатана Рагмэна, якога не пусцілі ў Беларусь на чэмпіянат. «Беларусы, якіх я сустракаў, – адзін з самых сумных і самых прывабных народаў, што я калі-небудзь бачыў, з гісторыяй, якая адчайна патрабуе таго, каб быць расказанай… У гэтага народу вытраслі душу, і ён дагэтуль не ачуняў. Калі вы хочаце ведаць, як выглядае расейская мадэль краіны-нахлебніцы, якая выконвае загады з Масквы, прыязджайце ў Беларусь. Калі можаце», – піша брытанскі журналіст.

Беларусам не спадабаліся расейскія заўзятары?

Расейскі сайт www.newtimes.ru заўважыў, што Менск быў вольным як ніколі, але беларусы з расейскімі турыстамі былі зусім не талерантныя: «Стараннямі Лукашэнкі ды ягоных суайчыннікаў беларуская сталіца пераўтварылася на гэтыя дні не толькі ў зіхатлівы ад чысціні запаведнік, але і ў горад вольнасці, якім Менск ніколі не быў. А вось мясцовым жыхарам шмат якія госці з Расеі, што ставіліся да іх з ухмылкаю ды грэбаваннем, не спадабаліся» – чытаем у матэрыяле з красамоўнай назвай «Как «руссо туристо» Минск зашугал».

Лілія Кобзік: адным чэмпіянатам імідж не выправіш

На думку Ліліі Кобзік, дырэктаркі парталу «Туризм и отдых», улады не ставілі сабе мэту выправіць імідж краіны, а проста хацелі давесці, што могуць арганізаваць такую маштабную падзею, як чэмпіянат, нават калі ўва ўсім свеце Беларусь клічуць апошняю дыктатурай Еўропы.

«Да нас без візаў ехалі замежнікі, някепскай была арганізацыя чэмпіянату, інфраструктура, пабудавалі брэндавыя гатэлі, – пералічвае Лілія Кобзік плюсы чэмпіянату. – Але наколькі хоць рэшткі палітыкі адкрытасці дзяржавы застануцца пасля чэмпіянату? Усе зрухі нічога не вартыя, калі не будзе працягнутая палітыка гасціннасці. А тут ілюзіяў няма. Хоць і хочацца падмануцца і паверыць, што ўсё будзе папраўленае ў кірунку большай еўрапейскасці ды нармалёвасці».

На думку спадарыні Кобзік, замежныя журналісты мала пісалі пра Беларусь, бо нічога новага тут не ўбачылі: «А пра што пісаць? Пра тое, што ў нас усё дорага, і толькі алкаголь – танны? Да таго ж, мы нічога не зрабілі, каб нейкія нацыянальныя матывы Менску дадаць і гэтым прывабіць».

Аляксандр Класкоўскі: улады перабольшылі значэнне чэмпіянату

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі звяртае ўвагу, што якой бы добраю ні была арганізацыя чэмпіянату, але беларуская сістэма свой твар паказала – праз арышты, у першую чаргу. Таму няма нічога дзіўнага, мяркуе эксперт, што нешматлікія матэрыялы замежнай прэсы пра Беларусь – не на карысць беларускага рэжыму. Да таго ж, улады Беларусі проста перабольшылі значэнне чэмпіянату.

«Калі браць у сусветным маштабе, то хакей – толькі адзін з відаў спорту, не самы масавы. Таму не варта было чакаць шквалу публікацыяў. Для большасці замежных выданняў Беларусь – мала цікавая сама па сабе, бо ёсць устойлівы стэрэатып, што гэта – апошняя дыктатура Еўропы, і, маўляў, што тут яшчэ можна дадаць? Тым больш, цяпер увага сусветных медыяў найперш прыцягнутая да Украіны».

Галоўныя вынікі чэмпіянату трэба шукаць у эканоміцы

«У вачох шараговага беларуса ўлады нейкія плюсы атрымалі, але яны хісткія, нязначныя. Пройдзе нейкі час, жарсці ўлягуцца, і народ сутыкнецца з праблемамі, што нарастаюць: інфляцыя, пагроза дэвальвацыі, усё адно галоўным выклікам для Лукашэнкі будзе эканоміка», – заўважае Аляксандр Класкоўскі.

Такім чынам, затрыманнямі актывістаў апазіцыі напярэдадні чэмпіянату Беларусь пацвердзіла імідж апошняй дыктатуры Еўропы. А нечага самабытнага і незвычайнага, што магло б прывабіць замежнікаў, не паказала, засталася нецікаваю для замежных журналістаў. Беларусы ж, якія на хвілінку адчулі подых еўрапейскай вольнасці ў сваёй краіне, будуць рабіць высновы пазней, калі падлічаць эканамічныя вынікі чэмпіянату.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў