Як захаваць фота з пратэстаў, каб іх не знайшлі сілавікі


Не абавязкова закапваць флэшку ў лесе – ёсць бясплатныя воблачныя сховішчы.

Малюнак згенераваны нейрасеткай. Людзі з белымі і чырвонымі балонікамі. Выява: Dall-E / Bing.com

Некаторыя пратэстоўцы, якія хадзілі на маршы ў 2020 годзе, пасля пачатку масавых рэпрэсіяў схавалі ў надзейныя месцы бел-чырвона-белыя сцягі, плакаты і іншую атрыбутыку. Некаторыя нават казалі, што закапалі ўсё ў лясах.

Шматлікія затрыманні пратэстоўцаў адбываюцца выпадкова: хтосьці кажа, што спачатку затрымліваюць або прыходзяць з ператрусам, а потым знаходзяць «склад злачынства», дамагаючыся доступу да тэлефонаў і камп’ютараў. Маці аднаго з затрыманых расказвала «Белсату», што яго асудзілі на 2,5 года калоніі за відэа, якое ён не паспеў прыбраць з тэлефона.

Парады
Чатыры простыя ідэі кіберпартызанаў і OSINT для абароны Android-смартфона ад сілавікоў
2021.10.25 16:05

Можна проста выдаліць усе чаты, фота і відэа. Але можна і захаваць іх так, каб у сілавікоў не было шанцаў іх знайсці.

Як сцягнуць усе фота і відэа з перапісак

У залежнасці ад мэсэнджара, можна альбо ўручную захаваць усе фота і відэа перад выдаленнем чатаў, альбо зрабіць гэта аўтаматычна.

Telegram дазваляе захаваць усе звесткі, у тым ліку фота і відэа з перапісак, але толькі з праграмы для настольных камп’ютараў. У ёй трэба зайсці ў налады праз бакавое меню (кнопка з трыма палоскамі ў левым верхнім куце), націснуць «Налады» → «Пашыраныя налады» → «Экспартаваць даныя Telegram». У спісе пазначыць птушкамі, што трэба захоўваць (напрыклад, фота і відэа, але не галасавыя паведамленні і gif-анімацыі) і націснуць «Экспарт». Калі перапісак шмат, чакаць давядзецца доўга.

Як захаваць фота і відэа з чатаў у Telegram. Скрыншоты: Белсат

Facebook умее аўтаматычна захоўваць усе апублікаваныя фота і відэа, а таксама ўсю перапіску. Адпаведны раздзел наладаў не перакладзены на беларускую, але на расейскай шлях такі: у браўзеры – кнопка са стрэлкай уніз у правым верхнім куце экрану → «Настройки и конфиденциальность» → «Ваша информация на Facebook» → «Перенос копии вашей информации» (каб захаваць пасты) або «Скачать информацию» (каб захаваць перапіску). У першым выпадку прапануюць загрузіць усё на воблачнае сховішча (як то «Google Photos» або «Dropbox»), у другім выпадку пазней прышлюць файл з усімі звесткамі.

Instagram дае падобную опцыю для захавання ўсёй інфармацыі профілю. Шлях на настольным камп’ютары такі (па-расейску, сацсетку не перакладалі на беларускую): клікнуць на сваю аватарку ў правым верхнім куце → «Настройки» → «Конфиденциальность и безопасность» → «Скачивание данных» → «Запросить файл».

WhatsApp умее рабіць рэзервовую копію ўсіх чатаў з фота і відэа на «Google Drive». У мабільнай праграме шлях такі (па-расейску, бо праграма не перакладзеная на беларускую): кнопка опцыяў – тры кропкі ў правым верхнім куце экрана → «Настройки» → «Чаты» → «Резервная копия чатов». Там трэба выбраць, як часта і на які акаўнт капіяваць звесткі.

«Аднакласнікі» і «УКантакце» не даюць опцыі аўтаматычнага захавання гісторыі перапіскі і медыяфайлаў з яе. Давядзецца або захоўваць файлы ўручную, або на свой страх і рызыку карыстацца староннімі праграмамі (калі ёсць давер да іх і няма перасцярогаў, што гэтыя праграмы перададуць файлы трэцім асобам або атрымаюць непажаданы доступ да акаўнту). Прыклады старонніх праграмаў для гэтага называлі тут.

Куды гэта схаваць

Лепей не захоўваць фота і відэа, за якія могуць адпомсціць сілавікі, у відавочныя месцы – могуць здагадацца праверыць сховішча ў «iCloud» ці «Google Drive». Лепей скарыстацца адным з альтэрнатыўных бясплатных воблачных сховішчаў:

  • Mega бясплатна дае 20 Гб сховішча.
  • Icedrive, Mediafire, pCloud і многія іншыя даюць па 10 Гб.
  • Deego дае бясплатна аж 100 Гб сховішча, але калі сховішчам не карыстацца нейкі час, звесткі выдаляюцца. Карыстальнікі паведамляюць пра розны час, праз які ім прыходзіла паведамленне аб магчымым выдаленні.
Як зарэгістравацца ў воблачным сховішчы – на прыкладзе «Mega». Скрыншоты: Белсат

Каб у гісторыі браўзера не захаваліся звесткі аб тым, што вы заходзілі на гэтыя сайты, трэба запусціць у браўзеры вакно ў рэжыме «Інкогніта». На Windows гэта звычайна спалучэнне клавіш Ctrl+Shift+N або Ctrl+Shift+P (другое – у браўзерах «Internet Explorer» і «Edge»), на MacOS – Command+Shift+N. Пароль ад адпаведнага сайта ў такім вакне таксама не захаваецца, лепей яго запомніць або запісаць у невідавочным выглядзе (але не так, каб пры ператрусе было зразумела, ад чаго гэты пароль).

І, вядома, ліст з пацверджаннем рэгістрацыі на сэрвісе лепей выдаліць са сваёй электроннай пошты.

Калі ж не хочаце, каб нават правайдар ведаў, што вы карыстаецеся гэтымі сховішчамі, перад уваходам варта ўключыць VPN. Гісторыяў аб тым, што кагосьці з пратэстоўцаў судзілі менавіта за выдадзеныя правайдарам звесткі, пакуль не было, але тэхнічна гэта не выключана: правайдараў яшчэ ад 2016 года абавязалі захоўваць гісторыю наведванняў сваіх карыстальнікаў.

Інтэрв’ю
Цяпер, як у 1937 годзе? Ці надышоў 1938-ы? Гутарка з даследчыкам сталінскіх рэпрэсіяў
2021.10.28 08:35

АА belsat.eu

Стужка навінаў