У Салігорскім раёне затрымалі трох іншадумцаў, распачатыя крымінальныя справы


Міліцыянты Салігорскага РАУС і байцы ГУБАЗіКу затрымалі трох жыхароў раёну за «дэструктыўную дзейнасць», паведамляе прэс-служба УУС Менаблвыканкаму.

«42-гадовы жыхар Салігорскага раёна і яго 39-гадовая жонка распаўсюджвалі незарэгістраваную друкаваную прадукцыю антыдзяржаўнай накіраванасці, а таксама наносілі надпісы адпаведнага зместу на будынкі і збудаванні ў горадзе. Памагаты сямейнай пары, 40-гадовы жыхар райцэнтра, падпольна тыражаваў улёткі і стыкеры з экстрэмісцкіх інтэрнэт-крыніцаў, а таксама забяспечваў выканаўцаў фарбай», – гаворыцца ў прэс-рэлізе УУС.

Як вынікае з відэароліку міліцыі, сужэнцы, напрыклад, пакідалі такія надпісы: «Свабоду палітвязням», «УНС – гэта наш сорам».

Надпісы, якія сужанцы наносілі на будынкі. Скрыншот з відэа minobl_uvd / Telegram

Акрамя таго, як сцвярджаюць сілавікі, были вызначаны «заказчыкі здзейсненых злачынстваў, якія іх фінансавалі». У адносінах да сужэнцаў распачатыя крымінальныя справы за «паклёп у адносінах да прэзідэнта», а таксама «апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці». Дзеянням астатніх фігурантаў «даецца прававая ацэнка», сцвярджаюць у міліцыі.

  • Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Цягам года ўва ўсёй краіне былі распачатыя больш за 5000 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. На дзень 20 снежня 927 асобаў прызнаныя палітычнымі вязнямі.
  • З лета 2020 года тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, каля 35 000 чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Згодна з рознымі ацэнкамі, у выніку палітыкі дзяржаўнага тэрору загінулі ад 4 да 20 асобаў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы іншадумцаў да адказнасці нікога не прыцягнулі.
  • Cловы «экстрэмізм» і «дэструктыўная дзейнасць» прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі цяпер выкарыстоўваюць для абазначэння любой праявы пратэставых настрояў і іншадумства.

РР belsat.eu

Стужка навінаў