Украінскі вайсковец нешта рабіў у снезе. Памежны камітэт Беларусі ў адказ прыгразіў узброеным супрацьстаяннем


Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў пра інцыдэнт на мяжы з Украінай. Паводле памежнікаў, гэта можа выліцца ва ўзброены канфлікт.

Як паведамілі ў ДПК, удзень 19 лістапада ў чыгуначным пункце пропуску Славечна (з украінскага боку – Выступовічы) з украінскага боку мяжы ўзброены чалавек «незаконна перасек мяжу, якая праходзіць па цэнтры чыгуначнага моста, і зайшоў на тэрыторыю Беларусі».

Як адзначаецца ў паведамленні, на беларускай тэрыторыі «ўкраінскі вайсковец ажыццяўляў фота- і відэаздымку мясцовасці, а таксама шукаў ці ўсталёўваў нешта ў снезе».

«Нізкая дысцыпліна змешчаных паблізу мяжы ўкраінскіх сіл тэрытарыяльнай абароны і іншых ваенізаваных фармаванняў стварае правакацыйныя сітуацыі на мяжы, якія могуць прывесці да ўзброенага сутыкнення», – заявілі ў ДПК.

Напачатку расейскай агрэсіі згаданы ўчастак беларуска-ўкраінскай мяжы выкарыстоўваўся для нападу войскамі РФ з тэрыторыі Беларусі на Украіну. Гэтак, украінскія памежнікі 24 лютага паведамілі, што каля Выступовічаў знішчылі пяць бронетранспарцёраў і аўтамабіль агрэсараў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў