«Смешна, абсурдна, страшна!» На кінафестывалі «Bulbamovie» паказалі пілотны эпізод серыялу «Працэсы»


«Белсат» прэзентаваў на кінафестывалі «Bulbamovie-2022» ў Варшаве пілотны эпізод серыялу «Працэсы», прэм’ера якога мае адбыцца налета. Першую серыю пад назвай «Ператрымка» паказалі на другі дзень фестывалю 19 лістапада ў варшаўскім кінатэатры «Iluzjon». На пачатку ў зале гучаў смех, у канцы – амаль ніхто не смяяўся. Але – чуліся апладысменты. Пасля прагляду перад гледачамі выступілі аўтары праекту – рэжысёр Андрэй Кашперскі і сцэнарыст Міхаіл Зуй.

«Так і трэба ім, фашыстам гэтым»

Неймаверна, але факт: у Беларусі скончыліся месцы ў турмах, а затрыманых не менее. «Так і трэба ім, фашыстам гэтым», – шыпіць пенсіянерка-фізкультурніца ў адным з менскіх двароў, назіраючы, як малоцяць дубінкамі маладзёна. І тут жа – сама трапляе «пад раздачу» (пачатак эпізоду).

Кадр з фільму Андрэя Кашперскага «Ператрымка» на фестывалі беларускага кіно «Bulbamovie». Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

Затрыманых столькі, што хоць жыўцом закопвай. Але да гэтага яшчэ не дайшло (ідзе 2024 год). Брутальнаму амапаўцу Мікалаю (Андрэй Новік), у якога яшчэ дубінка не абсохла пасля «затрыманняў», загадваюць узяць пратэстоўцаў «на ператрымку» ў сваю сямʼю. То бок – «на суткі». Жонка Мікалая (Валянціна Гарцуева) спачатку ўспрымае гэта ў рожкі (незапіканымі расейскімі мацюкамі), але загад ёсць загад. 

Як паведаміў пасля прагляду рэжысёр «Працэсаў» Андрэй Кашперскі, ужо напісаныя сцэнарыі для некалькіх першых серыяў, якія цяпер на розных стадыях падрыхтоўкі да здымкаў.

Дыскусія з удзелам Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя пасля паказу пілотнай серыі «Ператрымка» ў кінатэатры «Iluzjon» у межах  фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie». Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

«Абсурдны сусвет працэсу»

«Працэсы» – гэта серыял-анталогія, дзе кожная серыя будзе асобнай гісторыяй, асобнай рэфлексіяй наконт таго, што можа быць, калі гэтыя працэсы ў беларускім грамадстве набудуць свой лагічны працяг. Іншымі словамі, да чаго можа дайсці, калі ўсё так і будзе развівацца… Хацелася б стварыць адзіны сусвет. Абсурдны сусвет працэсу», – удакладніў аўтар сцэнару Міхаіл Зуй.

Актор і сцэнарыст Міхась Зуй падчас дыскусіі пасля паказу пілотнай серыі «Ператрымка» ў кінатэатры «Iluzjon» у межах  фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie». Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

Як кажуць стваральнікі, сусвет гэты мае нагадваць сваёй формай знакаміты тэлесерыял-анталогію «Black Mirror» («Чорнае люстра»).

Аўтары серыялу распавялі, што ідэя зʼявілася паўтара года таму. За гэты час сітуацыя ў свеце змянілася. Пры перапісванні сцэнароў ужо немагчыма было абысці, напрыклад, тэму вайны ва Украіне. Але, паводле задумы, першы сезон будзе цалкам прысвечаны чыста «беларускім працэсам». Украінская тэматыка зʼявіцца пазней.

Ці будзе хэпі-энд

Рэжысёр стужкі Андрэй Кашперскі прызнаўся, што яму вельмі хочацца, каб уся гісторыя скончылася хэпі-эндам. Гераіня аднаго з эпізодаў будзе шукаць зніклага сына, які, як яна думае, знік на вайне, але ўсе вакол яе кажуць, што ніякай вайны няма…

Гледачы і ўдзельнікі фестывалю падчас паказу пілотнай серыі «Ператрымка» ў кінатэатры «Iluzjon» у межах  фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie». Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

«Мы думаем, што гэтая гісторыя мае скончыцца хэпі-эндам для гераіні, бо мы не можам з яе жартаваць і паказваць яе слабай. Мы, як сцэнарысты, хочам, каб у яе ўсё было добра. Але часам сама гісторыя не дазваляе даць такі шчаслівы фінал. Не дазваляе сказаць: усё будзе добра. І мы таксама не можам…» – падзяліўся Андрэй Кашперскі.

Чорная абсурдысцкая камедыя, але – не да смеху

Андрэй Кашперскі кажа, што ўвесь праект робіцца ў стылістыцы чорнай абсурдысцкай камедыі, а крыніцай натхнення для стваральнікаў выступаюць штодзённыя навіны.

«Гэта і фармуе жанры, у якіх мы будзем здымаць. Гэта страшна, абсурдна, смешна, трагічна, і мы спрабуем звесці гэтыя жанры ў адно цэлае. Спачатку ў гледача будзе стварацца ўражанне, што ён глядзіць камедыю, але потым ён зразумее, што падманваецца, бо на экране – страшнае. І робіцца зусім не да смеху. Мы спрабуем такім чынам абʼяднаць гэтыя жанры, каб яны выклікалі неадназначныя эмоцыі і каб глядач паспрабаваў іх адрэфлексаваць і ўсвядоміць», – сказаў на заканчэнне рэжысёр Андрэй Кашперскі.

Рэжысёр Андрэй Кашперскі падчас дыскусіі пасля паказу пілотнай серыі «Ператрымка» ў кінатэатры «Iluzjon» у межах  фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie». Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

Фестываль незалежнага беларускага кіно «Bulbamovie» адкрыўся ў Варшаве 18 лістапада. Паказы адбываюцца ў варшаўскім кінатэатры «Iluzjon». На сёлетнім кінафоруме пакажуць славутую стужку Аляксея Палуяна «Возера радасці» (20 лістапада) паводле матываў аднайменнага рамана Віктара Марціновіча, фільм Мары Тамковіч «У жывым эфіры» пра журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову (20 лістапада), фільм «Голас» (стваральнікі – каманда «DocWave», 19 лістапада) пра гісторыю беларускага Вольнага хору ды іншыя стужкі.

Упершыню кінафестываль «Bulbamovie» прайшоў у 2011 годзе, пасля Плошчы і пратэстаў 2010-га. Кінафэст адбываўся штогод да 2016 года. Пасля перапынку аднавіў сваю працу ў 2021 годзе. «Белсат» – медыяпартнёр фестывалю «Bulbamovie».

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў