«Дзейнічаць неадкладна». Ціханоўская ў Канадзе заклікала выключыць Лукашэнку з «ураўнення»

Беларускі прэзідэнт-элект Святлана Ціханоўская працягвае свой візіт у Канаду, дзе ладзіць шэраг сустрэчаў з заходнімі палітыкамі. Дэталі гэтага яна распавяла ў сваім акаўнце ў Twitter.

Гэтак, Ціханоўская ўзяла ўдзел у панэлі ў барацьбе з дэзынфармацыяй на Галіфакскім міжнародным форуме бяспекі, дзе адзначыла важную ролю беларускіх незалежных медыяў.

«У Беларусі мы сутыкаемся з рэжымам, пабудаваным на хлусні. Але яны не маглі перашкодзіць людзям пазнаць праўду. Нягледзячы на тое, што незалежныя СМІ былі забароненыя як экстрэмісцкія, яны працягваюць сваю важную працу ў выгнанні», – адзначыла прэзідэнт-элект.

З міністаркай нацыянальнай абароны Канады Анітай Ананд Ціханоўская абмеркавала, як «дапамагчы беларускім валанцёрам, якія змагаюцца за свабоду ва Украіне». Было дамоўлена працаваць разам, «каб вярнуць мір і бяспеку ва Усходнюю Еўропу, у тым ліку ў маю любімую Беларусь».

На сустрэчы з міністаркай абароны Нідэрландаў Кайсай Алангрэн абмяркоўвалася супраца ў ваенна-палітычнай сферы.

«Лукашэнка стварыў сур’ёзную пагрозу незалежнасці Беларусі. Цяпер мы павінны дзейнічаць неадкладна, каб падарваць ваенныя намаганні Расеі, выключыўшы Беларусь з ураўнення», – заявіла Ціханоўская.

Амерыканскіх сенатараў беларускі прэзідэнт-элект заклікала да тэрміновых крокаў у абарону беларускай незалежнасці.

А нямецкім дэпутатам прапанавала правесці слуханне ў Бундэстагу адносна ролі Лукашэнкі ў вайне і пра тое, «як выратаваць Беларусь ад рук Пуціна». Таксама абмяркоўвалася падтрыманне беларускай грамадзянскай супольнасці.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны