Уладальніка бел-чырвона-белага дома асудзілі на 15 дзён арышту


На такі ж тэрмін асудзілі актывіста ліквідаванага ўладамі руху «За свабоду» за апублікаваны год таму ў Telegram-чаце матэрыял TUT.by.

Анатоль Каханчык намаляваў нацыянальныя сімвалы на ўласным доме ў вёсцы. За гэта яго звольнілі з беларускай чыгунцы і пасадзілі на 7 содняў. Алёшча, Беларусь. Люты 2021 года.
Фота: viciebskspring.org

Праваабаронцы «Вясны» публікуюць звесткі пра суды і затрыманні ў апошнія дні.

Сярод асуджаных на арышт з палітычных прычынаў – жыхар Полацкага раёну Анатоль Каханчык. Яго затрымалі ўдома 19 лістапада, пакаралі 15-дзённым арыштам за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП РБ). Каханчык вядомы тым, што намаляваў на сваім прыватным доме белыя і чырвоныя палоскі, што ўтварылі нацыянальны сцяг. 10 лістапада невядомыя замазалі чырвоную паласу карычневай фарбай, таксама зафарбавалі на вакне герб Пагоня.

З 16 па 18 лістапада ў Баранавічах і Наваполацку прайшла хваля ператрусаў сярод мясцовых актывістаў, большасць актывістаў затрымалі.

Так, баранавіцкага актывісту руху «За свабоду» Юрыю Казакевічу прысудзілі 15 дзён арышту за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ). Мужчыну абвінавацілі ў размяшчэнні матэрыялу TUT.by у мясцовым тэлеграм-чаце ў верасні мінулага года. Мужа і жонку Дзмітрыя і Наталлю Карачуноў з Баранавічаў арыштавалі на 15 і 13 сутак адпаведна. На «пакаяльным відэа» дзяўчына кажа, што з’яўляецца адміністратаркай мясцовага Telegram-канала «Поехали Барановичи». Арыштавалі таксама Яўгена Крывашэіна (15 дзён), Паўла Ермаловіча (10 дзён), Аляксея Кірпічова (6 дзён), Паўла Казлова (5 дзён). Перадачы для затрыманых у адміністрацыйных справах баранавіцкае СІЗА № 6 не прымае.

У Наваполацку на гэтым тыдні асудзілі другі раз на 30 дзён арышта Дзмітрыя Саюнова (адвакатаў на суд не пусцілі); на 15 дзён арыштавалі Юрыя Падлознага, Андрэя і Сяргея Корабавых, Аляксея Сцяпанава; на 2900 рублёў аштрафавалі за «несанкцыянаваную акцыю» Таццяну Сцяпанаву. За падпіску на «экстрэмісцкі» канал Zerkalo.io ў Мазыры аштрафавалі на 580 рублёў старшыню праўладнага прафсаюзу НПЗ Вольгу Кулыбу.

Палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна накіравалі на псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі. Палітзняволеную Вольгу Гарбунову перавялі з ізалятару часовага ўтрымання ў СІЗА № 1.

АА belsat.eu

Стужка навінаў