Група мігрантаў, спрабуючы перайсці мяжу, зноў закідала польскіх паліцыянтаў камянямі

Чарговы інцыдэнт з мігрантамі, якія спрабавалі трапіць з тэрыторыі Беларусі ў Польшчу, адбыўся 19 лістапада каля 16-й гадзіны па польскім часе, паведамляе Польская паліцыя ў сваім афіцыйным акаўнце ў Твітары.

Каля вёскі Стажына мігранты зрабілі спробу перайсці беларуска-польскую мяжу. Пры гэтым яны закідалі польскіх паліцыянтаў і вайскоўцаў камянямі. Ніхто не пацярпеў, аднак былі пашкоджаныя два паліцэйскіх фургоны. Перасекчы мяжу мігранты не змаглі.

Мігранты зноў закідалі польскіх паліцыянтаў камянямі. 19 лістапада 2021 году. Фота: Польская паліцыя/Twitter

Пра некалькі спробаў гвалтоўнага перасячэння мяжы ў раёне вёскі Дубічы Царкоўныя паведамляе таксама Памежная ахова. Самая вялікая група налічвала каля 200 замежнікаў, у іншых было па некалькі дзясяткаў мігрантаў. Замежнікі паводзілі сябе агрэсіўна – кідалі камяні, петарды, выкарыстоўвалі слезацечны газ.

Агулам у пятніцу 19 лістапада польскія памежнікі зафіксавалі 195 спробаў нелегальнага перасячэння мяжы. Затрымалі 5 замежнікаў. У дачыненні да 82 чалавек былі вынесеныя рашэнні аб іхным выездзе з тэрыторыі Польшчы. За дапамогу мігрантам затрымалі двух грамадзянаў Украіны і аднаго грамадзяніна Нямеччыны.

19 лістапада прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што беларускі рэжым прадпрыняў гібрыдную атаку на мяжы Еўразвязу і НАТА.

«Найбольш атакаваная сёння польская мяжа, за якую мы адказваем. Абараняем у сувязі з гэтым з усіх сілаў тэрыторыі Еўразвязу і НАТА перад нелегальнай міграцыяй», – гаворыцца ў паведамленні Дуды ў твітар-акаўнце прэзідэнцкай канцылярыі.

Беларускі бок зносіць часовы лагер мігрантаў на мяжы з Польшчай

Тым часам беларускія ўлады працягваюць распавядаць і паказваць пра апеку над мігрантамі ў прытулку, які зладзілі ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі». 19 лістапада туды прывезлі партыю гуманітарнай дапамогі, прыгналі аўталаўку, імправізаваную «Табакерку», зладзілі пункт абмену валютаў. Раздавалі гарачую ежу і гарбату з вайсковай палявой кухні. Улады сцвярджаюць, што мігрантам хапае коўдраў і падушак. Таксама наўпрост у ТЛЦ арганізавалі вакцынацыю мігрантаў кітайскай вакцынай.

Глыбей у ізаляцыю: Украіна збудуе кардон, а Эстонія дапаможа палякам

ГГ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны