Эстонія пачала ставіць калючы дрот на мяжы з Расеяй праз міграцыйны крызіс у Беларусі

Калючага дроту спатрэбіцца не так шмат: асноўная частка мяжы ідзе па рэках і азёрах. Дроту цяпер трэба ўсяго на 40 км.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Калючы дрот на мяжы Украіны з Беларуссю. 12 лістапада 2021 года. Фота: dpsu.gov.ua

У Эстоніі 20 лістапада пачалі ўзводзіць часовую загароду на першых участках сухапутнай мяжы з Расеяй – на паўночным усходзе каля Нарвы і на берагах ракі Піўза на паўднёвым усходзе, піша «Інтэрфакс».

Калючым дротам узмацняюць агулам каля 40 км мяжы ў былым рэчышчы Нарвы, дзе «рызыка незаконнага перасячэння мяжы найбольшая». Да работаў прыцягнулі 1700 рэзервістаў Сілаў абароны, прызваных на вучэнні. Да 26 лістапада ў сувязі з будаўнічымі работамі забаранілі палёты самалётаў і беспілотнікаў у памежных з Расеяй раёнах.

Глыбей у ізаляцыю: Украіна збудуе кардон, а Эстонія дапаможа палякам

Паводле намесніка генеральнага дырэктара Дэпартаменту паліцыі і памежнай аховы Эстоніі Эгерта Белічава, цяпер «міграцыйны ціск у Эстоніі не ўзмацняецца», але калі сітуацыя зменіцца, часовая агароджа мусіць дапамагчы перадухіліць масавае нелегальнае перасячэнне мяжы. Работы вядуць у паскораным тэмпе праз міграцыйны крызіс на межах Беларусі з Еўразвязам (а аховы мяжы Беларусі і Расеі фактычна няма).

Асноўная частка эстонска-расейскай мяжы ідзе па рацэ Нарве і па возеры, якое па-расейску завецца Чудскім, а па-эстонску – Пэйпсі. Сухапутнай мяжы ўсяго 135 км, і асноўная частка ідзе па цяжкапраходнай мясцовасці. Пабудаваць памежную інфраструктуру ў Эстоніі лічаць вартым на 115 км мяжы, менавіта калючы дрот – на 39,5 км (яшчэ 25 км ужо гатовыя). На 90 км мяжы ў Эстоніі збіраюцца да 2026 года дабудаваць плот вышынёй у 2,5 м.

Летам Эстонія дапамагала калючым дротам Літве – у той скончыўся свой для ўзмацнення мяжы з Беларуссю.

У Друскеніках стварылі вайсковую базу, каб супрацьстаяць плыні мігрантаў з тэрыторыі Беларусі

АА belsat.eu

 

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны