Двух гомельцаў асудзілі на пазбаўленне волі за тое, што справілі патрэбу на помнік чэкістам


Вясной 2021 года два мужчыны памачыліся на помнік «камунарам-чэкістам» перад будынкам абласнога ўпраўлення Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Аднаго асудзілі на год калоніі агульнага рэжыму, другога – на чатыры гады строгага, паведамляе belkagomel.by.

Помнік «камунарам-чэкістам» у Гомлі.
Фота: городгомель.бел

Пра інцыдэнт у міліцыю па тэлефоне паведаміла сведка. Мужчынаў затрымалі. Пасля затрымання яны даводзіліся, што спраўлялі патрэбу на газон, але камеры відэаназірання даказалі, што на помнік.

У судзе мужчыны расказалі, што былі ў стане алкагольнага ап’янення і цяжка згадваюць, што было ў той вечар. Адзін адмаўляў віну, другі прызнаў, што гэта было ягонай ідэяй.

Дзяржаўнае абвінавачванне вырашыла, што гэта злачынства было ўчыненае «групай асобаў паводле папярэдняй змовы ў стане алкагольнага ап’янення».

Паводле якога артыкулу іх судзілі, не паведамляецца, але імаверна, што гэта быў арт. 339 КК РБ – «Хуліганства». Частка 2 гэтага артыкулу прадугледжвае пакаранне за «хуліганства групай асобаў» ад арышту да пазбаўлення волі на 6 гадоў.

Аднаго мужчыну асудзілі на 1 год калоніі агульнага рэжыму. Другі месяц таму нанёс знаёмаму два нажавыя раненні і пагражаў забойствам, але быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе – яму прысудзілі 4 гады калоніі строгага рэжыму.

Адзін з асуджаных падаў апеляцыйную скаргу, прысуды не набылі законнай моцы.

Hавiны
Дзяржаўныя прапагандысты пахваліліся тым, як перашкаджалі жалобнай акцыі ў Курапатах
2021.10.29 16:18

Помнік на вуліцы Беліцкага пастаўлены над братняй магілай 25 камунараў, загінулых падчас антысавецкага паўстання тульскіх стралкоў у сакавіку 1919 года. Паўстанне вядомае як «Стракапытаўскае» паводле прозвішча кіраўніка – меншавіка Уладзіміра Стракапытава. Стралкі Чырвонай арміі біліся з сіламі Украінскай народнай рэспублікі, але няўдала трапілі пад абстрэл пад украінскім мястэчкам Оўруч і вырашылі ўцякаць на Тульшчыну, дабраліся да Гомля і спачатку патрабавалі выдаць паравозы, але ў выніку захапілі чыгунку, турму, тэлеграф і артылерыйскія склады. Да паўстання далучылася рэчыцкая караульная рота. Чырвоная армія выгнала паўстанцаў з гарадоў, але тыя з дапамогай мясцовых жыхароў перабраліся на іншы бок фронту – да УНР. Перад адступленнем забілі 25 палонных чырвоных.

АА belsat.eu

Стужка навінаў