ЗША заклікалі рэжым неадкладна і беспярэчна вызваліць Дар'ю і Ігара Лосікаў


Вашынгтон адрэагаваў на затрыманне ў Беларусі Дар’і Лосік – жонкі палітзняволенага журналіста Ігара Лосіка. Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпу Ведант Патэль назваў гэта «чарговай атакай бязлітаснага рэжыму Лукашэнкі».

Дар’я Лосік паказвае фота мужа. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту Ведант Патэль на брыфінгу пракаментаваў затрыманне ў Беларусі Дарʼі Лосік – жонкі палітзняволенага журналіста Ігара Лосіка. Спікер адзначыў, што адзінае «злачынства», якое яны здзейснілі, – гэта мары пра дэмакратычную, суверэнную і квітнеючую Беларусь.

«Мы з непакоем даведаліся, што Дарʼя Лосік сама цяпер у турме, верагодна, за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці – за інтэрвʼю незалежнаму СМІ, якое беларускія ўлады палічылі экстрэмісцкім. Затрыманне Дарʼі – чарговая атака бязлітаснага рэжыму Лукашэнкі на правы асобы і асноўныя свабоды», – адзначыў прадстаўнік Дзярждэпу.

Ён патрабаваў ад рэжыму вызваліць Дарʼю і Ігара Лосікаў, а таксама ўсіх палітзняволеных.

«Мы заклікаем да неадкладнага і беспярэчнага вызвалення Дарʼі і Ігара Лосікаў і ўсіх палітычных вязняў – больш за 1300 асобаў, што несправядліва затрыманыя беларускімі ўладамі», – сказаў Ведант Патэль.

Дарʼю Лосік затрымалі ў аўторак, 18 кастрычніка. Ёй інкрымінуюць «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», верагодна, за інтэрвʼю «Белсату».

Ейны муж, журналіст Ігар Лосік, зараз адбывае 15-гадовы тэрмін за нібыта арганізацыю масавых закалотаў і распальванне варожасці.

Hавiны
Ціханоўская пра Дар’ю Лосік: Чалавек з неверагоднай вытрымкай і сілай волі
2022.10.18 21:17

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў