У візавых цэнтрах Менску, Гомля і Магілёва прыпынілі прыём дакументаў на польскую гуманітарную візу


У Беларусі паменела візавых цэнтраў, дзе можна падаць дакументы на польскую гуманітарную візу. Жыхарам Менску, Гомля і Магілёва цяпер можна звяртацца альбо адразу ў амбасаду Польшчы, альбо ў візавыя цэнтры ў Берасцейскай вобласці, паведамляе «Зеркало».

Польская віза. Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Візавыя цэнтры ў Менску, Гомлі і Магілёве прыпынілі прыём дакументаў на польскую гуманітарную візу. У консульскім аддзеле амбасады Польшчы тлумачаць гэта пастановай свайго Міністэрства замежных справаў.

«Тут каментаваць складана, але ў нас скарачаецца колькасць дыпламатаў, працаўнікоў, таму крыху памяншаецца і колькасць дакументаў, што мы прымаем», – кажуць у амбасадзе.

Цяпер жыхары Менску, Гомля і Магілёва могуць звяртацца ў консульскі аддзел праз электронную пошту. Каб атрымаць гуманітарную візу, трэба мець дакументы, якія пацвярджаюць факт рэпрэсіяў. Калі такіх дакументаў няма, застаецца магчымасць звярнуцца ў візавыя цэнтры ў Берасці, Баранавічах і Пінску, адзначылі ў амбасадзе Польшчы.

Hавiны
Польскае МЗС: выдача гуманітарных візаў на тэрыторыі Польшчы вядзецца па агульных правілах
2022.10.17 16:41

Паводле апошніх звестак, цяпер у Польшчы жывуць амаль 60 тысяч беларусаў, што маюць дзейны дакумент, які дае права перабываць у краіне, – гэта, напрыклад, від на жыхарства. З жніўня 2020 года грамадзяне Беларусі атрымалі крыху менш за 40 тысяч гуманітарных візаў і больш за 53 тысячы візаў паводле праграмы «Poland.Business Harbour» для рэлакацыі айцішнікаў.

Hавiны
Колькі беларусаў цяпер жыве ў Польшчы?
2022.10.19 08:42

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў