Ці кантралюе Лукашэнка сітуацыю ў краіне?


Што адбываецца ў Беларусі? Падобна, што на гэтае пытанне не здольны цяпер адказаць нават сам Лукашэнка, калі б яго запыталі. У Беларусь прыязджаюць новыя расейскія жаўнеры і вайсковая тэхніка, беларусаў жа прыхавана выклікаюць у ваенкаматы. У Еўропе рыхтуюцца абараняюць уласныя межы ад нападу з Усходу і збіраюць дапамогу Украіне. Лукашэнка ж на фоне ўсёй гэтай сітуацыі запрашае да сябе заходніх журналістаў і адкрыта дасылае проста ў Вашынгтон цікавыя сігналы.

У Беларусь прыбыла чарговая партыя расейскіх вайскоўцаў, якіх сустракалі хлебам з соллю.

Афіцыйная версія беларускай і расейскай прапаганды: стварэнне рэгіянальнай групоўкі войскаў для абароны межаў Беларусі. Пад гэта ў краіне хутка абвясцілі чарговыя сумесныя вучэнні і цяпер чакаюць новай тэхнікі з Расеі. Паводле афіцыйных звестак, у Беларусь прыбудзе 170 танкаў, 200 браняваных машынаў ды мінамёты.

Тое, што адбываецца цяпер, калі шчыра, нагадвае звычайныя ад пачатку вайны спробы эскалацыі і інфармацыйнага напружвання, – мяркуе аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка.

«У нас быў ужо мільён вучэнняў, сумесных вучэнняў, усялякіх вучэнняў. З такой тэхнікай, гэткай тэхнікай. Відавочна, каб кожны раз прыцягваць да гэтага нейкую інфармацыйную ўвагу, увагу медыяў, увагу людзей, грамадства, украінскіх палітыкаў, трэба прыдумляць новыя інфармацыйныя нагоды. Таму яны і будуць прыдумляцца. Мы будзем чуць усё новыя і новыя паведамленні, каб нам было штодня чаго абмеркаваць», – кажа адмыслоўца.

Што праўда, пакуль у Беларусь прыбыла толькі невялікая колькасць расейскай тэхнікі – яўна не анансаваныя сотні адзінак. І малаімаверна, што гэта ўвогуле адбудзецца, бо гэта Беларусь цяпер высылае ў Расею тэхніку, знятую з захоўвання – танкі Т-72А ды цяжкавікі «Урал», а таксама артылерыйскія снарады рознага калібру.

А вось занепакоенасць выклікае тое, што, паводле маніторынгавай групы «Беларускі гаюн», у Беларусь з Расеі прыляцелі тры баявыя самалёты МІГ-31К, здольныя несці ядравую зброю і гіпергукавыя ракеты «Кінжал» з дальнасцю да 2 тыс. км. Атака такой зброяй з тэрыторыі Беларусі па Украіне нясе найбольшую небяспеку, бо скарачаецца час падлёту ракетаў – магчымасць збіць іх блізкая да нуля.

Зразумела, што на Захадзе да апошніх навінаў з Беларусі паставіліся вельмі сур’ёзна. Гэтак, Польшча неўзабаве размесціць недалёка ад мяжы з Беларуссю новыя танкі ды гаўбіцы, якія набывае ў Паўднёвай Карэі. А нямецкі ўрад рыхтуе заяву на выпадак уварвання войска Лукашэнкі на тэрыторыю Украіны.

«Беларуская армія, гэта нават беларускія вайскоўцы ананімна, не афіцыйна, прызнаюць, што беларуская армія не прадстаўляе ніякай пагрозы. І ёсць сумневы, ці зможа самастойна абараніць краіну ў выпадку чаго. Сутнасць не ў гэтым. Сутнасць у тым, колькі свайго войска падцягне Расея, і ці хопіць гэтых сілаў, і ці будуць яны гатовыя нанесці новы ўдар, вывесці новую атаку на ўкраінскі поўнач у бок Кіева або іншых гарадоў», – каментуе Каміль Клысіньскі, эксперт у справах Беларусі з Цэнтру ўсходніх даследаванняў у Варшаве.

У гэтак званым Мінабароны Беларусі магчымасць удзелу беларускіх жаўнераў у вайне адмаўляюць. Маўляў, позвы ў ваенкаматы, а таксама выклікі на зборы – планавыя мерапрыемствы. Ва ўдзел беларускага войска ў вайне не вераць нават у Галоўным упраўленні выведкі Украіны, мяркуючы, што Лукашэнка нібыта асцерагаецца сацыяльнага выбуху ў краіне. У NATO лічаць, што ён баіцца новых, больш маштабных, санкцыяў. А што думае сам Лукашэнка? Лукашэнка добра разумее: адправіць сваіх жаўнераў азначае згубіць апошнія кроплі сваёй улады і таго, што ён называе суверэнітэтам.

Аб’ектыў
Як выглядае прыхаваная мабілізацыя?
2022.10.19 22:48

Вадзім Мажэйка ўпэўнены, што Лукашэнка разумее ўсе рызыкі для сябе ў гэтай вайне:

«Разумее, як ён можа дэстабілізаваць абставіны ўнутры краіны, наколькі антываенна накіраванае беларускае грамадства. Ну і з рэшты, у самой вайне няма ніякіх пераможных сцэнароў для Лукашэнкі. Чым бы вайна ні скончылася, перамогай якога боку, для Лукашэнкі тут нічога добрага не будзе. Ні ад перамогі Расеі, ні ад перамогі Украіны, тым болей. Натуральна, Лукашэнка не хацеў бы ўцягвання ў вайну, і цяпер тая мяжа, якая ёсць, то бок уцягванне такое лагістычнае, тэрыторыяў – з гэтым Лукашэнка не можа зрабіць нічога, каб перашкодзіць. А ўцягвання беларускага войска як не адбывалася, так і не адбылося дагэтуль».

У Лукашэнкі няма выйсця, але ёсць звычкі. Звычкі абхітрыць і сесці на два крэслы. Нядаўна ён даў інтэрв’ю амерыканскаму тэлеканалу NBC, у якім недвухсэнсоўна прапанаваў перамовы.

«Тысячы людзей кожны дзень гінуць. У тым ліку, і цывільных. Гэта праўда. Таму давайце спынім гэты канфлікт, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Усё залежыць ад Злучаных Штатаў Амерыкі і Вялікай Брытаніі. Калі вы зразумееце і пагадзіцеся, што заўтра трэба сесці за стол і дамовіцца, паверце, цягам тыдня дамовімся».

Лукашэнка разлічвае на тое, што Захад папросту не мае выйсця. А ён, як нібыта самы набліжаны да Пуціна, здольны на таго паўплываць.

«Гэта не партнёр для перамоваў, як мне падаецца, – кажа Каміль Клысіньскі. – Таксама існуе такое меркаванне, што Лукашэнка ў пытаннях абароны, у пытаннях вайсковых нічога не вызначае. Ён толькі абараняецца ад гэтага апошняга пытання – удзелу ў вайне. Гэта адзінае, што ён яшчэ можа зрабіць – абараняцца і пазбягаць рашэнняў у гэтым пытанні».

Лукашэнка пацярпеў ад сваёй жа зброі. Жаданне трымаць усё ў адных руках прывяло да таго, што цяпер ён не можа ўтрымаць, няхай і ў ягоным разуменні, але хоць якую стабільнасць.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў