Трас прабыла прэм’еркай Брытаніі ўсяго 44 дні. Чаму сышла, і што далей?


Прэм’ер-міністарка Злучанага Каралеўства Ліз Трас падала ў адстаўку 20 лістапада, не прабыўшы на пасадзе і паловы са 100 дзён, пасля якіх нефармальна прынята ацэньваць першыя вынікі дзейнасці палітыка на пасадзе. Што за вынікі былі за шэсць тыдняў, якія яна правяла ў доме № 10 на Даўнінг-стрыт?

Калі Ліз Трас заявіла пра адстаўку з пасады лідаркі Кансерватыўнай партыі і прэм’ер-міністаркі, яна сцісла растлумачыла, што была выбраная на пасаду ў часе вялікай эканамічнай і міжнароднай нестабільнасці, калі сем’і і бізнесы былі занепакоеныя тым, як плаціць за рахункі, вайна ва Украіне пагражала бяспецы ўсяго кантыненту, а Злучанае Каралеўства доўгі час перажывала слабы эканамічны рост. Хоць ёй удалося заняцца рахункамі за камунальныя паслугі і страхавой сістэмай, стварыць бачанне эканомікі нізкіх падаткаў і высокага росту са свабодамі брэкзіту, яна не можа адпавядаць мандату, з якім яе выбралі, сказала Трас. Яна расказала, што будзе далей, і сышла з трыбуны – уся прамова заняла 89 секундаў.

Цягам наступнага тыдня Кансерватыўная партыя мае правесці выбары новага лідара, які зробіцца новым прэм’ерам. Да таго яна застанецца прэм’еркай. Але Ліз Трас прабудзе на пасадзе брытанскага прэм’ер-міністра рэкордна кароткі тэрмін: 44 дні плюс яшчэ некалькі дзён. Да яе рэкорд быў за Джорджам Кэнінгам, які зрабіўся прэм’ерам у 1827 годзе, але памёр пасля 119 дзён на пасадзе. Трас спрабавала быць падобнай да іншай брытанскай прэм’еркі-кансерватаркі Маргарэт Тэтчэр, але прабыла на пасадзе на 11 гадоў і 164 дні менш за яе.

У адстаўку на ўласнае жаданне пайшлі і тры папярэднія прэм’еры: Борыс Джонсан (праз тры гады пасля абрання), Тэрыса Мэй (праз тры гады) і Дэйвід Кэмэран (праз шэсць гадоў). Джонсан – у выніку скандалаў з вечарынамі ў часе локдаўну і аднапартыйцам, якога абвінавацілі ў сексуальных дамаганнях да мужчынаў. Мэй – праз няздольнасць знайсці кампраміс ва ўмовах выхаду Злучанага Каралеўства з Еўразвязу. Кэмэран – пасля таго як за брэкзіт прагаласавала бальшыня брытанцаў, хоць сам ён ладзіў рэферэндум у надзеі на тое, што галасаваць будуць супраць.

Ліз Трас.
Фота: Liz Truss / Facebook

Што пайшло не так? 

Шмат што і вельмі хутка, але нагодай да адстаўкі, магчыма, зноў сталіся не дзеянні прэм’ера, а скандалы з аднапартыйцамі.

Яшчэ раніцай выданне «The Guardian» пісала, што брытанскі ўрад на мяжы калапсу пасля таго, як прэм’ерку раскрытыкавала міністарка ўнутраных справаў Суэла Брэвэрмэн. Хоць тая пайшла ў адстаўку праз скандал з перасыланнем афіцыйнага дакументу праз прыватны, а не працоўны e-mail, у развітальным лісце яна выказала сумнеў у здольнасцях ураду.

Пасля гэтага брытанскі парламент галасаваў аб прапанове апазіцыі вылучыць час на абмеркаванне забароны на фрэкінг (здабычу нафты і газу праз гідраўлічны разрыў пласта), якую кансерватары хацелі скасаваць. Парламенцкія арганізатары («бізуны») кансерватараў казалі, што гэтае галасаванне будзе «вотумам даверу» Трас. Вотум яна атрымала, прапанова апазіцыі не прайшла. Але хадзілі чуткі, што «бізунам» даводзілася фізічна штурхаць дэпутатаў-кансерватараў на галасаванне, пасля чаго адзін з «бізуноў» выйшаў з залы з лаянкай: «Я *** [вельмі] раззлаваны, і мне ўжо *** [усё роўна]». Хаос у партыі заўважыла прэса.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сесія пытанняў дэпутатаў да прэм’еркі ў Палаце грамадаў. Лондан, Вялікая Брытанія. 12 кастрычніка 2022 года.
Фота: UK House of Commons / Twitter

Прычынаў для хаосу было мноства:

  • Яшчэ да прызначэння Трас прэм’еркай у Злучаным Каралеўстве пачаўся крызіс з цэнамі на жытло і камунальныя паслугі. Трас хацела развязаць праблему праз замарожванне цэнаў на энергію, выдаткаванне дзясяткаў мільярдаў фунтаў стэрлінгаў энергетычным кампаніям, скасаванне экалагічных збораў і павелічэнне замежных пазыкаў, а таксама аднаўленне фрэкінгу. Гэты план спадабаўся не ўсім – у прыватнасці, шматлікія кансерватары з поўначы былі супраць фрэкінгу.
  • На тле гэтага трывалі забастоўкі чыгуначнікаў і транспартнікаў, якім не падабалася, што цэны на жытло і камунальныя паслугі растуць хутчэй за заробкі.
  • У канцы верасня ўрад анансаваў новы «міні-бюджэт», каб падтрымаць эканамічны рост. Гэты праект крытыкавалі за прэферэнцыі для багацейшых, а таксама за скасаванне часткі гербавага збору падатку на зямлю. Сярод іншага Трас прапаноўвала адмяніць падвышаную стаўку падаходнага падатку (45 %) для тых, хто зарабляе больш за 150 тыс. фунтаў стэрлінгаў на год. У выніку абвяшчэнне «міні-бюджэту» прывяло да падзення фунта стэрлінгаў і біржавых індэксаў, а кошт пазыкаў для Брытаніі рэзка падскочыў. Пасля гэтага да крытыкі праекту далучыўся  Міжнародны валютны фонд.
  • Рэйтынгі Кансерватыўнай партыі і асабіста Трас пасля такога рэзка ўпалі. Толькі 12 % апытаных лічылі «міні-бюджэт» добрай ідэяй, а апазіцыйная Лейбарысцкая партыя пачала абганяць кансерватараў на 33 адсоткавыя пункты. Рэйтынг даверу/недаверу да Трас дасягнуў рэкордных мінус 70 пунктаў.
  • Трас змяніла планы гэтых рэформаў, што апісвалі як «разварот на 180 градусаў», і памяняла канцлера казначэйства. Але некалькі дэпутатаў-кансерватараў пачалі заклікаць да адстаўкі самой Трас.
  • Трас ад пачатку не была надта папулярнай у сваёй партыі: калі выбіралі наступнага пасля Джонсана лідара, у галасаваннях сярод дэпутатаў яе апераджаў былы міністр фінансаў Рышы Сунак, але ў апошнім раўндзе галасавалі ўжо не дэпутаты, а шараговыя чальцы Кансерватыўнай партыі, сярод якіх Трас была больш папулярнай. Дый Сунак прапаноўваў больш асцярожныя эканамічныя захады і выступаў якраз супраць таго, што ў выніку прывяло да эканамічнага абвалу.

Што далей?

Пакуль невядома, паводле якога механізму Кансерватыўная партыя будзе выбіраць новага лідара. Але чакаецца, што новы прэм’ер заступіць на пасаду не пазней за 28 кастрычніка. Магчымымі кандыдатамі называюць тых жа палітыкаў, якіх прарочылі на месца Джонсана: міністра абароны Бэна Ўоліса, лідарку Палаты грамадаў і лорд-старшыню Рады Пэні Мордант і згаданага Рышы Сунака. Але сярод чальцоў Кансерватыўнай партыі найбольшую папулярнасць цяпер мае экс-прэм’ер Борыс Джонсан.

Борыс Джонсан, колішні прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі. 14 чэрвеня 2021 года.
Фота: Number 10 / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Апазіцыя заклікае правесці новыя парламенцкія выбары, але кансерватары наўрад ці пагодзяцца на гэта: з цяперашнімі рэйтынгамі яны страцяць агромністую колькасць крэслаў, а рашэнне пра датэрміновыя выбары прымае прэм’ер (фармальна – просіць караля распусціць парламент). А прэм’ер ўсё яшчэ будзе кансерватарам.

Беларускі актывіст і сузаснавальнік ініцыятывы «By_help» і фонду «BYSOL» Аляксей Лявончык, які жыве ў Вялікай Брытаніі, прагназуе, што спробы Джонсана вярнуцца ў вялікую палітыку «прыб’юць рэйтынгі кансерватараў яшчэ больш», таму «мы стаім на парозе лейбарысцкага ўдару».

Фота
Успаміны ў фотаздымках. Згадваем, якім было жыццё каралевы Элізабэт II
2022.09.09 17:16

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў