Застаньцеся ўдома і насіце маскі. Беларускія медыкі ў замежжы звярнуліся да беларусаў

Хуткая дапамога старога ўзору ў Барысаве, Беларусь. 10 кастрычніка 2021 года. Фота: Белсат

У рэдакцыю «Белсату» даслалі зварот беларускія дактары замежжа, якія просяць беларусаў дапамагчы медыкам у змаганні з каронавірусам.

«Сёння медыкам зноў патрэбная вашая дапамога. Гэтая хваля эпідэміі мацнейшая і праходзіць ва ўмовах недахопу персаналу і матэрыялаў, а таксама больш агрэсіўнага віруса. Вы можаце дапамагчы паменшыць лік хваробаў і аслабіць нагрузку на медычныя ўстановы», – гаворыцца ў заяве.

Чаму лепш зрабіць прышчэпку, чым спальваць лёгкія «назло рэжыму»

Сярод іншага, дактары заклікаюць:

«1. Застаньцеся ўдома, калі можаце. Пакіньце ў хаце дзяцей–школьнікаў і студэнтаў. Каардынацыя з іншымі сем’ямі і калегамі дапаможа непасрэдным кіраўнікам перагледзець рэжым працы арганізацыяў. Адмяніце не жыццёва важныя асабістыя сустрэчы, наведванне грамадскіх месцаў і святкаванні. Перанясіце важныя сустрэчы ў дыстанцыйны фармат.

2. Насіце маскі ў памяшканнях, дзе могуць быць іншыя людзі, пастаянна. Кажыце пра неабходнасць масачнага рэжыму навакольным, якія могуць не разумець важнасці нашэння масак і дыстанцыявання. Калі разнастайны Нью-Ёрк пагадзіўся надзець маскі і працягвае іх насіць, то чаму Менск ці Віцебск не могуць?

3. Прышчапляйцеся любой даступнай вам вакцынай супраць COVID. Ніводная вакцына не дае 100 % абароны ад захворвання, але ўсе вакцыны змяншаюць рызыку і сурʼёзна змякчаюць цячэнне хваробы ў большасці прышчэпленых. Для кагосьці прышчэпка можа азначаць розніцу паміж хатняй прастудай і перапоўненай больніцай, для кагосьці – паміж кіслароднай маскаю і ШВЛ, ці паміж жыццём і смерцю. У дзвюх асноўных даступных у Беларусі вакцынаў сабралася дастаткова незалежных (!) звестак аб бяспецы з краінаў, дзе яны ўжываюцца. Поўны эфект ад вакцыны зʼяўляецца толькі праз 2–4 тыдні пасля заканчэння вакцынацыі.

4. Калі вы захварэлі, кожную прастуду ўспрымайце як COVID і ізалюйцеся, каб абараніць сваіх блізкіх і проста навакольных людзей. Калі ёсць магчымасць пратэставаць без рызыкі для навакольных – рабіце тэсты, але ўлічвайце магчымасць ілжыва адмоўных вынікаў.

5. Калі вы працуеце ў медычнай сферы або органах улады, дапамагайце самі і патрабуйце ад мясцовых кіраўнікоў арганізоўваць эфектыўныя захады барацьбы з эпідэміяй: павышэнне даступнасці прышчэпак для здаровага насельніцтва, актыўнае тэставанне хворых і здаровых людзей, падзел патокаў інфікаваных і неінфікаваных пацыентаў, а таксама стварэнне інфраструктуры дзеля дапамогі ўдома ізаляваным пацыентам і грамадзянам з павышанай рызыкай ускладненняў».

Сцісла рэкамендацыі медыкаў выглядаюць наступным чынам:

  • калі вы здаровыя: вакцына + дыстанцыяванне + маскі
  • калі вы захварэлі: ізаляцыя + дыстанцыяванне + маскі (+ вакцына пасля выздараўлення)

«Гэтыя захады – праява салідарнасці і клопату пра блізкіх. Выконваючы іх, мы зможам абараніць самых далікатных жыхароў нашай краіны – тых, хто не можа быць прышчэплены з прычыны веку або чый імунітэт аслаблены хваробамі ці лячэннем. Выконваючы іх, мы зможам выратаваць тых, хто сёння не можа працягнуць лячэння сурʼёзных захворванняў з-за закрыцця аддзяленняў. Выконваючы іх, мы зможам вярнуцца да нармальнага жыцця з мінімальнымі абмежаваннямі», – падкрэсліваюць медыкі.

Абяцанне Лукашэнкі «разабрацца з каронавірусам» вылілася ў адмену ўсіх антыковідных абмежаванняў

Зварот падпісалі беларускія дактары Анастасія Пігаль, Кацярына Грэвал, Вольга Годзін, Максім Ачарэтні, Т. К., Сяргей Дзедзік, Анастасія Манькоўскі.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны