Рызыкоўны сход ці праграмная прамова? Чаму насамрэч заблюрылі сілавікоў на нарадзе ў Лукашэнкі


Аляксандр Лукашэнка правёў 18 кастрычніка тое, што на беларускім тэлебачанні назвалі «неардынарным кадравым днём»: міністрам юстыцыі прызначылі чалавека без юрыдычнай адукацыі, а на БТ паказалі нараду з людзьмі ў вайсковай форме з размазанымі тварамі. Што значаць схаваныя абліччы?

Нарада Аляксандра Лукашэнкі з афіцэрамі КДБ, у якіх заблюраныя твары. Скрыншот з дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1»

Раней здаралася, што дзяржаўная тэлевізія хавала твары байцоў спецпадраздзяленняў, што выступалі людзі ў балаклавах, што сілавікоў паказвалі са спіны… Наўрад ці нейкі непрафесійны аператар зняў тое, чаго нельга было здымаць, а заўважылі гэта ў апошні момант. Байнэт выбухнуў жартамі пра «мутныя кадры» і «цяпер усе замазаныя».

Hавiны
«Замазаны ўсе»: байнэт кпіць з «заблюраных» твараў сілавікоў на нарадзе ў Лукашэнкі
2021.10.19 15:23

Але чаму паказалі замазаных, калі маглі б не паказваць зусім?

Не проста КДБ, а замежная выведка?

Аб’яднанне былых сілавікоў «ByPol» адказала «Белсату»:

«Усё тлумачыцца вельмі проста: нарада была з супрацоўнікамі КДБ. Агучваліся патрабаванні ўзмацнення замежнай выведкі. Таму зразумела, што прысутнічалі афіцэры, адказныя за гэты кірунак дзейнасці.

Але гэта абсалютнае глупства! Такія мерапрыемствы не праводзяць публічна, тым больш не агучваюцца тэмы размоваў. На наш погляд, гэта звычайная паказуха і чарговая пагроза Захаду і палітычным апанентам за мяжой».

Падобную думку «Белсату» агучыў і вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін: хутчэй за ўсё, на нарадзе пераважна былі выведнікі, якія працуюць за мяжой, і контрвыведнікі.

Аляксандр Алесін.
Фота: Ej.by

«Ва ўсіх краінах свету гэтыя людзі карыстаюцца найвышэйшай ступенню сакрэтнасці, яны самы ласы кавалак для выведкі праціўніка, таму нават найменшы намёк на тое, хто яны, як выглядаюць і дзе жывуць, можа дазволіць іх дэшыфраваць і нейтралізаваць», – тлумачыць Алесін сакрэтнасць замежнай выведкі.

Выведнікаў сабралі на рызыкоўную мабілізацыйную прамову?

Алесін адзначае: ніколі не чуў, каб такія выведнікі прыходзілі да Лукашэнкі. Яны «зашыфраваныя» нават у Беларусі, у многіх выпадках нават іншыя сілавыя ведамствы і найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі не ведаюць сапраўднага выгляду гэтых людзей. А калі шмат выведнікаў збіраецца ў адным месцы, гэта патэнцыйна небяспечна, бо хтосьці іх можа дэшыфраваць проста праз неасцярожнасць.

Калі такія зборы звычайна не ладзяць публічна, чаму правялі цяпер?

«Я думаю, перадусім гэта мерапрыемства, каб мабілізаваць гэтых людзей, – разважае Алесін. – Лукашэнка вельмі любіць заклікі, мабілізацыю, «падняць у атаку» і гэтак далей. Ён разумее, што асабістая размова з ім мусіць стаць стымулам, каб актывізаваць працу. Відавочна, былі пастаўленыя нейкія канкрэтныя задачы менавіта ад асобы вярхоўнага галоўнакамандуючага».

Hавiны
Абяцанне Лукашэнкі «разабрацца з каронавірусам» вылілася ў адмену ўсіх антыковідных абмежаванняў
2021.10.19 17:26

З грубай сілы робяць «спецагентаў-супермэнаў»?

Медыяэксперт Серж Харытонаў кажа: лепшай ілюстрацыі да таго, што ў КДБ цяпер «замазаныя ўсе», не прыдумаць.

Медыяэксперт iSANS Серж Харытонаў. Слуханні аб змаганні за справядлівасць і свабоду ў Беларусі ў Хельсінкскай камісіі Кангрэсу ЗША. 31 верасня 2021 года. Скрыншот: Helsinki Commission / Youtube

«На мой погляд, нагода не паказваць твары КДБшнікаў вынікае са страху дэананімізацыі ды логікі «вежы ў аблозе», якой ва ўнутрыпалітычных справах кіруецца хунта ў Менску, – кажа ён «Белсату». – Адначасова на вонкавы рынак прадаецца логіка «апошняга фронту абароны Расеі»: отступать некуда, за нами Москва!»

Беларусь, кажа ён, сутыкнулася з палітычным крызісам у выніку электаральнай кампаніі. У дэмакратычнай краіне падобная сітуацыя развязваецца ў межах законаў. Але Аляксандр Лукашэнка і ягоныя падначаленыя выхоўваліся ў СССР. Таму для іх любая палітычная канкурэнцыя (апроч, уласна «ўлады бальшавікоў», з якой яны сябе асацыююць) – гэта варожая змова, фашысцкі бліцкрыг, і літоўскія джыпы з кулямётамі, што рушаць на захоп Вейшнорыі. Таму сістэма адмыслова запалохвае вайной тых, хто ў ёй застаецца, і ўмоўных «нейтралаў», і спрабуе ўзмацніць імідж КДБ пасля правальнай аперацыі ў кватэры Зельцара.

«З прадстаўнікоў карнай службы, якая працуе толькі грубай сілай, цяпер лепяць сакрэтных спецагентаў-супермэнаў, – лічыць медыяэксперт. – Пры гэтым эфектыўнасць ананімізацыі сумнеўная, бо «кіберпартызанам» і «ByPol» даўно вядомыя імёны большасці гэтак званых «спецслужбістаў». Тым больш, што ў «ByPol» працуе сетка інфарматараў сярод дзейных сілавікоў».

Hавiны
Так працуе тэрарызм: каб баяліся ўсяго. Сацыёлаг пра рыторыку ўладаў пасля забойстваў у Менску
2021.10.03 10:51

На думку Харытонава, сілавікі разумеюць, што займаюцца злачынствамі, але праз асабістую баязлівасць працягваюць працаваць на сістэму і спадзяюцца захаваць ананімнасць, каб пазней не адказваць за гэтыя злачынствы. Харытонаў лічыць, што гэтак не атрымаецца, калі супраць сістэмы выступае большасць грамадзянаў.

Гэта былі не шараговыя выведнікі, а кіраўнікі, якія баяцца?

Беларускі палітычны аналітык, які хоча застацца ананімным, кажа «Белсату», што нараду паказалі па тэлебачанні таму, што Лукашэнка кожныя такія паседжанні, кадравыя прызначэнні выкарыстоўвае для праграмных заяваў.

«Ён скарыстаў гэты выпадак, каб сказаць, што ворагі не спяць, што працягваецца святая, з гледзішча ўладаў, вайна», – кажа аналітык пра тое, чаму «сакрэтных людзей» паказалі на БТ.

Парады
Псіхолаг раіць, што рабіць, калі чакаеш пераменаў, а добрых знакаў няма
2021.10.01 08:40

Лукашэнка наўрад ці прызначаў бы «агентаў 007» на ўзроўні лейтэнантаў – хутчэй гаворка пра высокапастаўленых супрацоўнікаў, кіраўнікоў, разважае аналітык. За мяжой сілавікі высокага рангу не хаваюцца, нават кіраўніцтва амерыканскага CIA (Цэнтральнага выведнага ўпраўлення) трымае справаздачы і выступае перад журналістамі.

«Тое, што сілавікі ў Беларусі хаваюцца, – гэта прыкмета закрытасці сістэмы, яе адгароджанасці ад грамадства, – мяркуе аналітык. – Па-першае, няма пачуцця бяспекі ні ў цывільнага кіраўніцтва, ні ў «вялікіх шышак у пагонах». Хоць цвердзяць з кожнага праса, што «перамаглі гэтых змагароў», яны працягваюць пачувацца як на вайне. Адсюль гэтае жаданне схавацца ў нейкі акоп, схавацца за маскай ці балаклавай, на ўсіх узроўнях ва ўсіх сілавых ведамствах.

Другі момант – у тым, што за апошнія паўтара года каста сілавікоў сябе вельмі дыскрэдытавала брутальнасцю, бязлітаснасцю ў дачыненні палітычных праціўнікаў. За гэты час стала вядома пра шматлікія выпадкі катаванняў, здзекаў, злачынстваў, і дыскрэдытацыі сілавікоў спрыяюць злівы хакераў – мы даведваемся, што гэта была мэтанакіраваная палітыка».

Артыкулы
Былы следчы ГУБАЗіКу Азараў – пра тое, як гэтае падраздзяленне ваюе з беларускім народам
2021.10.12 13:42

На думку аналітыка, «свяціць сваю прыналежнасць да гэтай касты – неяк не камільфо». Магчыма, у кагосьці ёсць маральныя меркаванні: засцярогі, што крыва будуць глядзець калегі ці жонка, або дзеці будуць у школе сутыкнуцца з непрыязным стаўленнем.

«Яшчэ адно меркаванне, якое прымушае хаваць твары, – баяцца гэтыя людзі адказнасці пры змене ўлады, – дадае аналітык. – Як бы яны ні даводзілі, што гэты рэжым умацаваўся, што ён жалезабетонны і назаўсёды, насамрэч недзе грызе чарвячок, недзе варушыцца гэтая думка: а раптам усё зменіцца?»

Невядомы ў форме байца АМАПу змененым голасам зачытвае зварот «Нас не запужаць» у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ. 13 кастрычніка 2020 года. Скрыншот: CTVBY / Youtube

АА belsat.eu

Стужка навінаў