Пяць самых гучных расследаванняў «ByPol»


Ініцыятыва «ByPol» створаная былымі супрацоўнікамі міліцыі, якія не падтрымліваюць рэжыму Лукашэнкі. Аб’яднанне вядзе YouTube- і Telegram-каналы, у якіх публікуе матэрыялы, звязаныя з сілавікамі Беларусі. Ужо год ініцыятыва выступае супраць Лукашэнкавай палітыкі, а таксама не прызнае яго легітымным прэзідэнтам, яны лічаць абраным прэзідэнтам Святлану Ціханоўскую, і, самае галоўнае, не перастаюць ствараць справаздачы на падставе ўласных расследаванняў.

Мы сабралі пяць самых гучных справаў, за якія ўзяліся эксперты «ByPol».

Забойства Рамана Бандарэнкі

Гэтая жахлівая трагедыя шакавала і ўскалыхнула грамадства. Былыя супрацоўнікі сілавых структураў не раз звярталіся да гэтай тэмы. Дзякуючы ім мы ведаем, хто быў на плошчы Пераменаў у той чорны вечар, калі Раман выйшаў у двор даведацца, хто і чаму зразаў бел-чырвона-белыя стужкі.

Магіла Рамана Бандарэнкі на Северных могілках. Менск, Беларусь, 6 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Так, 24 верасня следчыя «ByPol» назвалі імёны тых, хто збіў да смерці Рамана Бандарэнку. У сваім расследаванні «ByPol» выкарыстоўваў запісы тэлефонных перамоваў, якія атрымалі «Кіберпартызаны» ў выніку ўзлому базы МУС.

«ByPol» прыходзіць да высновы, што першы, хто выкарыстаў фізічны гвалт супраць Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў 11 лістапада 2020 года, быў Дзмітрый Шакута – неаднаразовы чэмпіён свету ў тайскім боксе і кікбоксінгу, інструктар спецпадрыхтоўкі Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання (САХР / СОБР).

Другі падазраваны ва ўжыванні гвалту супраць Бандарэнкі – Яўген Ціманоўскі, старэйшы прапаршчык САХРу. Перад пагрузкаю Рамана ў службовы мікрааўтобус менавіта ён наўмысна ўдарыў яго галавою аб зямлю. Паводле расследавання «ByPol», акрамя Ціманоўскага ў групу Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання ўваходзілі таксама капітан Сяргей Сарман, кіроўца буса – старэйшы прапаршчык Сяргей Анцюфееў, а таксама прапаршчыкі Алег Буйкевіч і Раман Савенка.

Нагадаем, што 31-гадовы Раман Бандарэнка памёр 12 лістапада 2020 года ў рэанімацыі шпіталю хуткай дапамогі, куды яго прывезлі з РУУС Цэнтральнага раёну ў Менску.

Забойства на вуліцы Якубоўскага

Пасля таго, як з’явілася інфармацыя пра страляніну падчас штурму сілавікамі кватэры ІТ-спецыяліста, імя гаспадара хаты Андрэя Зельцара стала вядомае амаль адразу. Аднак імя забітага сілавіка падуладныя каналы не называлі.

Дзякуючы «ByPol» свет дазнаўся, што штурмаваў жытло і загінуў баец групы «А» КДБ Федасюк Дзмітрый Юрʼевіч, 1990 года нараджэння.

Акцыя памяці Андрэя Зельцара адбылася ў Кіеве каля беларускай амбасады. Кіеў, Украіна. 29 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Хто гэты АМАП?

Натуральна, што ў АМАПе працуюць жывыя людзі. Але тое, што сілавікі ўчынялі з удзельнікамі пратэстаў, было за мяжою чалавечнасці. Натуральна, што расследаванне на гэты конт выклікала багата ўвагі.

Па-першае, 13 студзеня «ByPol» выклаў спіс з 560 супрацоўнікаў АМАПу, дзе можна прачытаць не толькі поўнае імя, але і род дзейнасці і званне. Таксама ў гэтым спісе раскрываецца значэнне нумарных нашывак на экіпіроўцы працаўнікоў АМАПу, што дае магчымасць паводле відэа- і фотаматэрыялаў высветліць асобу кожнага і ўдзел у акцыях пратэстаў.

Па-другое, 7 чэрвеня прадстаўнік «ByPol» Матвей Купрэйчык раскрыў імёны амапаўцаў, якія затрымалі Паўла Севярынца, удзельнікаў разгону маршу жанчын, збіцця Мікіты Домрачава ды іншых выпадкаў гвалту ў Менску.

Былыя сілавікі з «ByPol» высветлілі, што затрымалі Паўла Севярынца працаўнікі 15-га ўзводу 5-й аператыўнай роты АМАПу ГУУС Менгарвыканкаму пад кіраўніцтвам маёра міліцыі Максіма Русановіча. Адным з тых, хто браў удзел у затрыманні Паўла, быў капітан міліцыі Аляксей Іваноў, камандзір 15-га ўзводу 5-й аператыўнай роты АМАПу, а таксама старэйшы сяржант міліцыі Канстанцін Купцэвіч.

19 верасня 2020 года ў Менску прайшоў традыцыйны жаночы марш. Жанчын пачалі хапаць працаўнікі 14-га ўзводу 5-й аператыўнай роты АМАПу Менгарвыканкаму. Адным з камандзіраў быў лейтэнант міліцыі Ілля Шуневіч, сын былога міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча.

Яшчэ адзін выпадак дэананімізацыі сілавікоў: «ByPol» высветліў асобу амапаўца, які лаяўся на ўдзельніцу мірнай акцыі і публічна, голасна яе абражаў. Гэтым амапаўцам у балаклаве аказаўся Максім Курэш, камандзір 14-га ўзводу 5-й аператыўнай роты.

Лагер і калючы дрот

1 студзеня «ByPol» апублікаваў аўдыязапіс, на якім былы кіраўнік ГУБАЗіКу, а пазней намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў гаворыць пра нараду з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, на якой кіраўнікам беларускай міліцыі давялі, што рабіць з мірнымі пратэстамі і пратэстоўцамі:

«Ствараецца база звестак. У гэтай базе – хто трапіў другі раз, той павінен там і застацца. Сказана распрацаваць, зрабіць лагер, ну не для ваеннапалонных, не для інтэрнаваных нават, а лагер для асабліва востракапытных, такі для адсялення. І паставіць калючы дрот, атрымліваецца, па перыметры. Два памяшканні зрабіць: топка – паверх, кармілі – паверх, каб працавалі. Але там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца».

Мяркуючы з таго, што кажа чалавек на запісе, размова адбывалася ў канцы кастрычніка, бо там гучаць словы: «міністрам прызначаны Кубракоў Іван Уладзіміравіч, генерал-маёр, сёння яму ўручылі пагоны генерал-лейтэнанта» (гэта адбылося ў Палацы незалежнасці на ўрачыстай цырымоніі 30 кастрычніка).

Відэа з нагрудных камераў

Гэтыя запісы – не расследаванні, а відэа сілавікоў, дзе бачна, як яны рыхтаваліся і разганялі пратэсты. І самае мемнае відэа – як да сілавікоў выходзіў Лукашэнка з аўтаматам і ўзброеным сынам Мікалаем. Такія відэадакументы таксама істотныя для разумення агульнай карціны падзеяў у нашай краіне, год таму і цяпер.

У першым відэа падчас працы сілавікі абмяркоўваюць як ім спыніць марш, ці ўжываць зброю і гранаты супраць бяззбройных людзей. Імаверна, гэта здымкі з нагруднай камеры аднаго з супрацоўнікаў спецслужбаў 18 кастрычніка падчас Партызанскага маршу каля ўнівермагу «Беларусь». Відэа ўтрымлівае шмат нецэнзурных словаў.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў