Прымусовае пазбаўленне грамадзянства. Як рабілі камуністы і нацысты


Падраздзяленне МУС прапаноўвае пазбаўляць беларускага грамадзянства асобаў, прызнаных вінаватымі ў экстрэмізме, тэрарызме або злачынствах, якія прычыняюць шкоду інтарэсам Беларусі.

Адначасова «экстрэмісцкім фармаваннем» МУС абвесціў сайт з інфармацыяй пра дваравыя чаты dze.chat, які аб’ядноўвае больш за паўмільёна акаўнтаў з улікам каналаў і больш за 300 тыс. чалавек у розных чатах.

Прапанову Вячаслава Арлоўскага з ГУБАЗіКу нельга назваць беспрэцэдэнтнай – аналагічныя нормы практыкаваліся ў Савецкім Саюзе і нацысцкай Нямеччыне. Паглядзім, як гэта было.

У дзяржаве інтэрнацыянал-сацыялістаў

У 15-м пункце Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, прынятай у 1948 г., адзначаецца: «Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены свайго грамадзянства». СССР адмаўляўся падтрымаць гэтую дэкларацыю. Дакумент лічыўся антысавецкім, а пашырэнне нават ягоных фрагментаў пагражала артыкуламі за антысавецкую агітацыю і прапаганду і «паклёп на савецкі лад».

Ужо да афіцыйнага заснавання СССР камуністы выкарыстоўвалі высылку сваіх крытыкаў ці проста недастаткова надзейных людзей за мяжу.

Адзін з «філасофскіх параходаў» 1922 г. Фота wikipedia.org

У 1922 г. Ленін прапанаваў замяніць смяротнае пакаранне высылкай за мяжу. Гэта найперш датычыла любых вядомых іншадумцаў – навукоўцаў, філосафаў, пісьменнікаў, паэтаў. Менавіта ў 1922 г. адбыліся зʼезды аграномаў, дактароў, геолагаў, на якіх адкрыта крытыкавалася сацыяльна-эканамічная палітыка бальшавікоў.

Таму ў 1922 г. прадстаўнікоў інтэлігенцыі выслалі з тэрыторыі СССР з пазбаўленнем грамадзянства, пасадзіўшы на гэтак званы філасофскі параход. Насамрэч адправілі не менш за пяць пасажырскіх рэйсаў, на якіх праз тагачасны Петраград, Адэсу і Севастопаль прымусова выганялі людзей за мяжу. Акрамя таго высылалі цягнікамі ў Латвію і Нямеччыну.

Леў Троцкі каментаваў падзею так: «Мы гэтых людзей выслалі таму, што расстраляць іх не было нагоды, а трываць іх было немагчыма». Цікава, што ў 1929 г. сам Троцкі быў высланы з СССР пасля таго, як прайграў унутрыпартыйную барацьбу Сталіну. Троцкага пазбавілі савецкага грамадзянства.

Таксама ўжо ў паслясталінскі час савецкага грамадзянства пазбавілі пісьменніка Аляксандра Салжаніцына (за раман «Архіпелаг ГУЛАГ»), тэатральнага рэжысёра Юрыя Любімава (за крытыку культурнай палітыкі ў СССР), музыку Мсціслава Растраповіча і ягоную жонку спявачку Галіну Вішнеўскую (за крытыку савецкага ладу), шахматыста Віктара Карчнога (за тое, што атрымаў палітычны прытулак у Швейцарыі).

У дзяржаве нацыянал-сацыялістаў

Як у савецкім грамадстве ўсе павінны былі «крочыць у нагу», гэтак і ў нацысцкім не былі патрэбныя «няправільныя» грамадзяне. Нацысты прыйшлі да ўлады ў 1933 г., і ў гэтым жа годзе ўвялі Закон аб адмене натуралізацыі і пазбаўленні нямецкага грамадзянства. Тады ж быў апублікаваны першы спіс пазбаўленых грамадзянства людзей.

Пазбаўлялі грамадзянства за дзеянні, «якія супярэчылі доўгу вернасці райху і народу», ці проста за адмову вярнуцца ў Нямеччыну з замежжа. Адначасова канфіскоўвалі маёмасць. Гэтак былі пакараныя пісьменнікі Ліён Фойхтвангер, Томас Ман, Гайнрых Ман, Бэртальд Брэхт, Эрых Марыя Рэмарк, Штэфан Цвайг. Альбэрт Айнштайн сам адмовіўся ад нямецкага грамадзянства ўжо вясной 1933 г.

Нацысцкія штурмавікі на вуліцы, пачатак 1934 г. Фота Bundesarchiv

У 1935 г. пазбавілі нямецкага грамадзянства ўсіх нямецкіх габрэяў – яны сталі асобамі без грамадзянства і фактычна апынуліся па-за законам, што пазней прывяло да Галакосту.

Пасля вайны ў ФРГ нямецкае грамадзянства было вернутае ўсім, хто пажадаў вярнуцца ў Нямеччыну, а прымусовае пазбаўленне грамадзянства было забароненае законам.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў