Пайшоў з жыцця Антон Фурс, стваральнік нацыянальнага «Саюза беларускіх патрыётаў»


Беларускі патрыёт Антон Фурс быў вязнем ГУЛАГу, прайшоў праз лагера за прыналежнасць да арганізацыі «Саюз беларускіх патрыётаў», якая ставіла мэту захаваць беларускую культуру і мову, нягледзячы на русіфікацыю. Ён да апошняга адстойваў ідэю беларускай незалежнасці і самасвядомасці.

Развітанне з Антонам Фурсам адбудзецца сёння, 20 кастрычніка, на пастаўскім могілках каля 14 гадзін.

Антон Фурс

Антон Фурс нарадзіўся ў 1927 годзе на тэрыторыі сучаснага Мёрскага раёну Віцебскай вобласці. Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе. Падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну наведваў беларускую школу ў сваёй вёсцы.

З надыходам савецкіх войскаў у 16 гадоў паступіў у Глыбоцкую педагагічную гімназію, дзе блізка пазнаёміўся з шэрагам будучых паплечнікаў. Там Антон Фурс разам з іншымі сябрамі стварыў нелегальнае таварыства «Саюз беларускіх патрыётаў», дзе ён быў сакратаром Глыбоцкай групы.

Была распрацавана праграма і статут арганізацыі. Выкарыстоўваліся беларускія нацыянальныя сімвалы: бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня». Таксама была наладжана сувязь з паплечнікамі з Пастаўскай педнавучальні.

«Нашыя задачы былі культурна-асветныя, як сёння сказалі б, адраджэнскія. Перш за ўсё самі мы абавязаліся быць сапраўднымі патрыётамі Радзімы, заўсёды і ўсюды гаварыць па-беларуску, па-свойму, шанаваць родную мову, культуру, гісторыю, традыцыі, прапагандаваць іх сярод свайго народу, вяртаць нашых людзей да нацыянальнай памяці, абуджаць пачуццё нацыянальнай годнасці», – узгадваў Антон Фурс пра тыя часы.

У лютым 1947 года савецкая ўлада пачала арышты сябраў СБП. Антон Фурс таксама быў арыштаваны і, як адзін з заснавальнікаў, асуджаны да смяротнага пакарання. Але ў сувязі з яго адменай атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі.

Пасля арышту быў пераведзены ў лагеры ў Карагандзе ў Казахстане, дзе браў удзел у паўстанні лагераў.

У 1955 г. быў датэрмінова вызвалены з лагераў, адбыўшы там 9 гадоў. Пэўны час жыў у Беларусі, дзе ажаніўся са знаёмай яшчэ па СБП Алесяй Умпіровіч, якая да гэтага часу таксама выйшла на волю. Да 1982 года разам з жонкай жыў у Карагандзе, дзе працаваў на будаўніцтве. Па выхадзе на пенсію пераехаў у Беларусь.

Антон Фурс на пахаванні жонкі ў 2017 годзе. Сын Юры трымае Пагоню, намаляваную маці.
Фота: svaboda.org

У гады дэмакратызацыі актыўна спрычыніўся да грамадска-палітычнага жыцця, быў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і Таварыства беларускай мовы.

У лістападзе 1992 г., як і шэраг некаторых іншых сябраў СБП, быў рэабілітаваны «з-за адсутнасці складу злачынства». У жніўні 2020-га Фурс выходзіў у цэнтр Паставаў з бел-чырвона-белым сцягам.

Аб’ектыў
Беларускі патрыёт Антон Фурс: праз Гітлера і Сталіна да свабоды
2016.10.07 22:49

АД, belsat.eu

Стужка навінаў