Гендырэктар тэлеканалу «Дождь»: Нас чакае такі ж сцэнар, як і вас


На Варшаўскім кінафестывалі прэзентавалі дакументальны фільм рэжысёра Веры Крычаўскай «F@ck This Job», які прысвечаны тэлеканалу «Дождь» і яго генеральнаму дырэктару Наталлі Сіндзеевай. Пасля прэзентацыі ў студыю праграмы ВОТ ТАК прыйшла сама гераіня фільма, якая падзялілася сваёй рэакцыяй, а таксама распавяла пра цяперашнія рэаліі тэлеканала.

Наталля Сіндзеева, гендырэктар тэлеканалу «Дождь» і галоўная гераіня фільма «F@CK This Job». Варшава, Польшча. 18 красавіка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

«Гэта летапіс дзесяцігоддзя, у якім ствараўся і нараджаўся «Дождь»

– Наталля, раскажыце, калі ласка, як вы ўспрынялі фільм «F@ck This Job», і ці прывёў прагляд яго да пераасэнсавання вамі гісторыі тэлеканалу?

– Я яго паглядзела ў першы раз з усімі разам некалькі месяцаў таму на закрытай прэм’еры ў Маскве і цяпер я паглядзела яго яшчэ раз на фестывалі. Для мяне гэта вельмі эмацыйнае перажыванне, я пакуль нават не гатовая рэфлексаваць. На фоне эмоцый я пакуль не гатовая задумвацца, ці так усё было, правільна ці не.

Для мяне гэты фільм вельмі эмацыйны, таму што яго рабіла прадзюсар і рэжысёр Вера Крычаўская, з якой мы пачыналі тэлеканал «Дождь», але потым мы ў нейкі момант рассталіся і не размаўлялі некаторы час. І гэта была яе ідэя, гэта яе фільм, яна проста прыйшла і сказала – я хачу зрабіць фільм: пра цябе, пра «Дождь», пра ўсё тое, што адбывалася ў краіне. І яна зрабіла гэты фільм. Гэта летапіс дзесяцігоддзя, у якім ствараўся і нараджаўся «Дождь», і ўсё гэта было ў кантэксце краіны. Усё, што краіна перажывала за гэтыя 10-12 гадоў, усё вельмі падобнае перадываў і тэунутры кантэксту краіны.леканал «Дождь». Гэта жыццё «Дождя» внутри контекста страны.

У офісе тэлеканалу «Дождь». Москва, Расея. 2 верасня 2021 года.
Фота: Яўгенія Наважэніна / Reuters / Forum

– Назва фільма «F@ck This Job» у журналісцкіх колах ужо стала крылатай, як часта вы асабіста пра сябе вымаўляеце гэтую фразу?

– Я яе не вымаўляю, але ўвесь час разумею, што гэта вельмі дакладная фраза, я з гэтым жыву, гэта значыць гэтая фраза пра наша жыццё, пра нашу працу, пра ўсіх незалежных журналістаў, прычым не толькі ў Расеі. У нейкі момант я падумала, што не магу так гаварыць пра сваю працу, я ж яе люблю, але людзі, якія ў кантэксце, яны разумеюць, аб чым гаворка, што гэта наш нармальны стан.

– Што вас спыняе ад таго, каб у нейкі момант не сказаць стоп, хопіць, хачу спакою?

– Я не скажу, што часта прыходзіць такая думка. Такія думкі прыходзілі, можа, пару-тройку разоў за ўсю гісторыю «Дождя», калі я думала, што, можа быць, усё. Але ёсць наша аўдыторыя, людзі, якія ў цябе паверылі, якія з табой столькі гадоў, якія цябе падтрымліваюць. Бо «Дождь» фактычна існуе на 60-70% на грошы гледачоў, за падпіскі, данаты. Гэта людзі, якія з табой увесь гэты час, і калі ты сустракаеш тых, хто дзякуе табе, ты разумееш, што ўсё, што робіш, гэта вельмі важна і трэба.

Другое – гэта, вядома, супрацоўнікі. У мяне вельмі малады калектыў, і для паловы супрацоўнікаў гэта першае месца працы, і гэта так крута, што яны прыйшлі працаваць і патрапілі ў медыя, у якім няма цэнзуры, у якім ёсць свабода, якое вельмі талерантнае, з правільнымі каштоўнасцямі. І мне хочацца, каб усе гэта ў іх было і надалей.

Аляксей Навальны, Наталля Сіндзеева і Анатоль Чубайс падчас прамых дэбатаў рэгіянальнай выбарчай кампаніі. Масква, Расея. 24 чэрвеня 2015 года.
Фота: Сяргей Фадзеічаў / TASS / Forum

А трэцяе – мне ўсё роўна падабаецца гэтым займацца, мне цікава. Зразумела, што сітуацыя пагаршаецца з кожным днём становіцца ўсё складаней працаваць у Расеі, цяпер мы замежны агент. Але мы будзем працаваць столькі, наколькі нам хопіць сіл і магчымасцяў. Я веру, што мы ўсё роўна прарвемся праз усе нягоды.

«Спадзяемся, што не скоцімся ў зусім жорсткі тэрор у адносінах да СМІ і журналістаў»

– Як змянілася ваша праца пасля прызнання «Дождя» замежным агентам?

– З пункту гледжання працы наогул ніяк не памянялася: мы як працавалі, так і працуем, але з’явілася больш працы ў юрыста, які сочыць за гэтым усім. Эканамічна па нас гэта пакуль наогул не ўдарыла. Пакуль. Таму што ў нас крыху ёсць рэкламадаўцаў, у нас іх мала, але яны не сыходзяць, яны нашы, любімыя, яны з намі шмат гадоў. А гледачы наадварот, калі ўсё гэта здарылася, падтрымалі, яшчэ больш людзей на нас падпісалася, вярнуліся старыя нейкія падпісчыкі, і данаты павялічыліся. Агулам пакуль нічога жудаснага няма, але гэта нічога не значыць, мы ўнутрана гатовыя да таго, што далей будзе нейкае развіццё падзей, таму што цяпер такая колькасць замежных агентаў сярод СМІ, што ў мяне пачуццё, што неўзабаве прымуць нейкія законы, якія ў чымсьці абмяжуюць нашу працу.

– Ці не баіцеся вы, што асобных супрацоўнікаў прызнаюць замежнымі агентамі, бо тады гэта ўжо будзе зусім іншая адказнасць?

– Гэта рызыка, гэта непрыемная перспектыва, і мы думаем, што такое можа здарыцца. Адзін наш журналіст Данііл Сотнікаў – быў прызнаны замежным агентам, але не за працу ў «Дожде», а за працу з іншым праектам. Гэта, вядома, не вельмі прыемна, але ўжо такая колькасць добрых людзей, нашых былых супрацоўнікаў, сталі персанальнымі замежнымі агентамі, што мы ўсе адзін аднаго неяк падтрымліваем, падказваем, што рабіць. Тэлеканал не кіне сваіх супрацоўнікаў, працягне дапамагаць ім. Але гэта вельмі непрыемна, і, так, гэта такі адзін з моцных дрэнных фактараў.

Наталля Сіндзеева, гендырэктар тэлеканалу «Дождь» і галоўная гераіня фільма «F@CK This Job», у студыі праграмы «Вот Так». Варшава, Польшча. 18 красавіка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

– Ці існуе цяпер у Расеі журналісцкая салідарнасць? Ці адчуваецца, што незалежныя СМІ гатовыя заступіцца адно за аднаго?

– У цэлым цяпер салідарнасць вышэйшая, чым яна была раней. І цяпер з нагоды гэтага закону аб іншаагенцтве і ў падтрымку петыцыі супраць яго мы правялі вялікі марафон «Агенты людзей». Практычна ўсе незалежныя СМІ, якія засталіся, аб’ядналіся ў гэты марафон, і гэта было прыкольна: мы ўсе адзін аднаму дапамагалі, адзін пра аднаго распавядалі.

– Ці адрэагавалі ўлады на ваш марафон?

– Пра рэакцыю на марафон я пакуль не ведаю, але на петыцыю адрэагавалі. Некалькім фондам, якія падпісалі петыцыю, патэлефанавалі і спыталі, чаму яны гэта зрабілі. Афіцыйна Пяскоў сказаў, што магчыма будзе змяненне закону, але мы ў гэта не верым. Я думаю, яны могуць зрабіць яшчэ горш.

– Наколькі для вас магчымы беларускі сцэнар у дачыненні да незалежных СМІ?

– Мы сочым за вамі ўважліва і ў жаху думаем, што паўтараем за вамі, але з лёгкім спазненнем. Нас чакае такі ж сцэнар, як і вас. Думаць так не вельмі хочацца, стараешся шукаць надзеі, таму не загадваем, працуем па магчымасці. Спадзяемся, што не скоцімся ў зусім жорсткі тэрор у адносінах да СМІ і журналістаў.

– Як вы падтрымліваеце сваіх супрацоўнікаў на фоне такой рэальнасці?

– Ім не трэба нічога казаць. У нас ёсць галоўная ўнутраная матывацыя: тое, што мы робім, гэта мега важна, і гэта асэнсавана. Журналісты разумеюць, што іх матэрыялы камусьці дапамагаюць, асабліва гэта тычыцца сітуацый у правінцыі, таму асноўная матывацыя ва ўсіх – гэта важнасць нашай працы.

«Самае жорсткае маё патрабаванне да рэдакцыі – гэта прытрымліванне нашага заканадаўства»

– Наколькі ў цяперашніх рэаліях можна заставацца аб’ектыўным?

– У мяне глыбокае перакананне, што ў фактах трэба захоўваць аб’ектыўнасць, а ў эмацыйным дачыненні мы ўсе суб’ектыўныя. Можна быць суб’ектыўнымі і эмацыйнымі. Нам часта кажуць, што мы не паказваем другі бок, але другі бок проста не прыходзіць, таму мы і не можам падаць ягоную пазіцыю.

Наталля Сіндзеева ва ўпраўленні Следчага камітэту. Масква, Расея, 10 верасня 2019 года.
Фота: Андрэй Васільеў / TASS / Forum

– Ці ёсць грань паміж уласнай пазіцыяй і актывізмам, як яе не перайсці?

– Я лічу, што ў сітуацыі, калі адбываецца ціск на СМІ, калі нас, людзей, якія па-іншаму думаюць, мала, не трэба саромецца і баяцца займаць актыўную пазіцыю і быць практычна актывістам, нават калі ты журналіст. Я лічу, што гэта шчыра. Але гэта перашкаджае. Калі ты займаешся ўжо не журналістыкай, а фактычна праваабарончай дзейнасцю, то ты вельмі часта актывіст. Проста таму што без відавочнай пазіцыі і яе дэманстрацыі вельмі складана быць праваабаронцам і дамагацца чаго-небудзь. Я лічу, што актывізм у нашых умовах цалкам можа быць.

– Як у такой сітуацыі не перайсці мяжу таго, што можна сказаць?

– Ты не ведаеш, у які момант ты перайшоў умоўны сцяжок, з-за якога ты потым можаш усяго пазбыцца. Самае жорсткае маё патрабаванне да рэдакцыі – гэта прытрымліванне нашага заканадаўства. А яго вельмі складана выконваць, у нас цяпер такая колькасць абмежаванняў, і досыць складана іх усе трымаць пастаянна ў галаве, але гэта адзінае маё патрабаванне. Вельмі складана не парушаць, але трэба яго не парушаць, трэба за гэтым сачыць, а ўсё астатняе – рабіць тое, што павінны.

ВК/АА belsat.eu

Стужка навінаў