«Дубінка і камера на стале». Актывіст, абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе за зварот да консула, распавёў пра ўцёкі з Беларусі


Аршанскі актывіст Сяргей Мярненка, якому сілавікі пагражалі крымінальнай справай за здраду Радзіме, распавёў «Белсату» пра свой пераслед і ўцёкі з Беларусі.

«Усе бабулькі спалохаліся»

Улетку 2020 года Сяргея Мярненку тройчы затрымлівалі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

«19 чэрвеня мы выйшлі ў Воршы на мірную маўклівую акцыю ў падтрымку менчукоў. Мы стаялі ўздоўж дарогі і проста маўчалі. Адтуль мяне забралі міліцыянты. Адразу трое содняў «у плечы». Прыдумалі артыкул 17.1 – быццам бы папісаў у грамадскім месцы. Я адседзеў свае трое сутак, яны мне потым упаялі дзве базавыя велічыні штрафу, якія я, вядома, не плаціў. Каму плаціць? Лукашэнкаўскім сабакам? Не!» – адзначыў актывіст.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Паўторна яго затрымалі на афіцыйны Дзень Незалежнасці 3 ліпеня. Забралі проста з дому.

«Чацвёра чалавек мяне пад канвоем павялі. Усе бабулькі спалохаліся ў двары. Я ж спакойны. А тут міліцыя прыехала да мяне і мяне пад канвоем вядуць», – распавёў Сяргей.

«Там такі жэсткач, што піпец»

У РАУС участковы Віталь Серада ўсё за той жа пікет склаў на яго пратакол па 23.34 КаАП, і актывіста пасадзілі на трое сутак да суду. А там ужо суддзя Лідзія Похава прысудзіла актывісту 10 сутак арышту. Аднак Сяргея адпусцілі дадому, паабяцаўшы пасадзіць перад выбарамі, «каб не тузаўся».

Каб не быць затрыманым, актывіст 1 жніўня выехаў з дому, пакінуўшы там тэлефон. Але ў ноч з 2 на 3 жніўня яго ўсё ж затрымалі на вуліцы.

«На звычайнай машыне, усе па-цывільнаму. Не прадставіліся, нічога. Гэта выкраданне», – распавёў актывіст.

Жаночы пратэст
Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

За спробу напісаць заяву аб выкраданні яго пасадзілі ў карцэр.

«Якія там ўмовы ўчынлілі – гэта жэсць. Але хоць кніжкі давалі чытаць. Цяпер ужо кніжкі палітычным не даюць чытаць. Нават спецыяльныя камеры зрабілі ў ІЧУ на Энгельса. І там такі жэсткач, што піпец», – адзначыў Сяргей.

У міліцыю – як на працу

Hавiны
Актывісту прыгразілі «дзяржаўнай здрадай» за зварот па польскую гуманітарную візу. Ён усё адно з’ехаў
2021.10.18 11:34

Пасля выбараў Сяргей у Воршы нікуды не мог уладкавацца на працу, не бралі ні на адно дзяржпрадпрыемства. Выжыць дапамагалі сваякі. Апошняй кропляй для яго стала, што пачалі кожны дзень прыходзіць «то участковы, то яшчэ хтосьці».

«Я да іх наогул хадзіў як на працу. Маглі на дзень па два разы выклікаць», – распавёў актывіст.

У выніку ён вырашыў з’ехаць з Беларусі, «інакш нічым добрым гэта не скончыцца». Таксама актывіст звязаўся з беларусамі ў Польшчы, якія паабяцалі дапамагчы з працай і дакументамі. А затым звярнуўся ў польскі візавы цэнтр у Магілёве і папрасіў гуманітарную візу. Аднак пасля гэтага сілавікі выклікалі яго ў Аршанскі ГАУС і паказалі раздрукоўку ліста консулу.

«Адкуль ён у іх – я не ведаю», – распавёў актывіст.

Міліцыянты папярэдзілі актывіста, што гэты зварот можа стаць падставай для крымінальнага пераследу па арт. 356 КК («Здрада радзіме»). Маўляў, «выдаў дадзеныя чужому консулу».

Марш справядлівасці
Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Калі прывялі, зачынілі дзверы і костачкамі храбусцяць: «Будзем размаўляць?» Дубінка на стале, камера на стале: «Зразумеў, што табе цяпер трэба казаць? Усё, што мы табе зараз скажам, будзеш гаварыць. І прасі прабачэння ў сілавікоў за тое, што яны зрабілі такую працу, што ты іх напружыў». Там рэальна разумееш, што будзе вельмі балюча, або сказаць ім, – а потым…» – адзначыў Сяргей.

«Уцякаў у момант»

Пасля запісу пакаянага відэа актывісту намякнулі ў міліцыі, што ў яго ёсць два дні, каб пакінуць Беларусь.

«Уцякаў у момант. Жыццё змясцілася ў заплечнік, а там засталося ўсё – і кватэра, і сям’я, і сабачка», – падзяліўся ён.

З Воршы актывіст у той жа дзень паехаў на цягніку ў Маскву, а там сеў на самалёт да Варшавы.

«У самалёт сеў, усё роўна мандраж. Але калі ў Варшаве прайшоў іхны мытнік – ужо як гару скінуў з сябе», – сказаў Сяргей.

У Польшчы яму дапамаглі прадстаўнікі беларускай дыяспары.

«Беларусы тут вельмі моцна дапамагаюць адзін аднаму. Вы проста ўявіць не можаце. Я ў шоку», – падсумаваў актывіст.

МГ/АА belsat.eu

Стужка навінаў