Чаму лепш зрабіць прышчэпку, чым спальваць лёгкія «назло рэжыму»

Ёсць рэчы, страшнейшыя за дыктатуру. Яны забілі ў Беларусі за мінулы год больш людзей, чым Лукашэнка. Гэта невуцтва. Невуцтва забівае.

У Беларусі адзін з самых нізкіх у свеце адсотак прышчэпленых людзей – 19 %.

У колькасці жыхароў, якія цалкам прышчэпленыя або атрымалі прынамсі першую дозу двухкампанентнай вакцыны ад COVID-19, Беларусь ужо адстае ад сярэднесусветнага ўзроўню на 22 %. Крыніца: Сяргей Харытонаў / Telegram

Што гэта значыць? Адмова ад прышчэпак за год з невялікім забіла ўжо шматкроць больш людзей, чым Лукашэнка за 27 гадоў.

І працягвае забіваць. Штодня. Беларусы паміраюць ад невуцтва.

У Беларусі ёсць вакцыны. Але праблема не ў недахопе вакцынаў. Праблема ў тым, што беларусы не хочуць прышчапляцца.

Чаму?

Тэорыі змовы (невядомыя ўсе наступствы на 10 гадоў наперад – хоць прышчэпка проста дае вам дадатковыя шанцы дажыць да гэтых наступстваў).

Недавер да ўладаў (цалкам апраўданы, што і казаць). Лукашэнка не шкадуе жыцця беларусаў і не дапускае ў Беларусь ніякіх вакцынаў, акрамя кітайскай і расейскай. Але навошта «назло рэжыму» спальваць уласныя лёгкія?

Фота: Белсат

Недавер да стваральнікам вакцынаў. Так, лепш прышчапляцца вакцынай, якая створаная паважанай ва ўсім свеце карпарацыяй і адобраная САЗ. Але калі ў вашага пажылога сваяка схопіць сэрца і побач спыніцца аўтамабіль, каб падвезці яго ў клініку, – вы спачатку пагоніце аўтамаль на СТА або ўхопіцеся за шанец выжыць?

Я на гэтую тэму гаварыў з медыкамі (напрыклад, з дацэнтам украінскага ўніверсітэту, які дакладна не атрымлівае мільёнаў ад бігфармы, каб труціць людзей, і якога наўрад ці магчыма западозрыць у прадузятасці да расейскіх вакцынаў). Кароткая выснова такая:

Так, можна разважаць пра эфектыўнасць розных гатункаў прышчэпак. Але цалкам відавочна, што і кітайская вакцына, і «Спутник» – лепш, чым каронавірус. Прыводжу поўную цытату:

«Навукоўцы могуць абмяркоўваць, якая вакцына больш эфектыўная, якую лепш выбіраць у сталым узросце, калі і чым вакцынаваць перахварэлых, што з абаронаю ад новых штамаў і г. д., але на практыцы гэта ўсё добра, калі ёсць рэальны выбар.

Усе дапушчаныя цяпер да выкарыстання вакцыны больш-менш эфектыўныя і дастаткова бяспечныя. Таму, калі выбар стаіць у выглядзе «прышчапляцца нейкай канкрэтнай даступнай вакцынай ці не прышчапляцца наогул», – тут не да тонкасцяў, трэба прышчапляцца чым ёсць, – і хутчэй.

Ампулы з вакцынаю «Спутник V».
Фота: Мінабароны РФ

Натуральная інфекцыя дакладна і адназначна не падарунак – і ў працэсе хваробы, і што да магчымых ускладненняў, і ў доўгатэрміновых наступствах. Складана нават уявіць вакцыну, якая несла б больш істотныя рызыкі, чым сам Covid-19.

У свеце ўжо ўвялі мільёны доз розных вакцынаў ад Covid-19 за тры месяцы, і нічога асабліва дрэннага ў плане пабочных эфектаў заўважана не было, гэта датычыць і «Спутника».

Я ведала, што прышчаплюся, як толькі з’явіцца такая магчымасць, і якой заўгодна вакцынай, якая будзе ў наяўнасці.

Можа, праз год у нас ужо з’явіцца магчымасць выбіраць. Але пакуль такой магчымасці няма. Таму мне здаецца разумным пачаць абараняцца тым, да чаго рэальна дацягнуцца».

У краінах, дзе максімум прышчэпленых людзей, – колькасць хворых прыкметна зніжаецца. Немагчыма сфальсіфікаваць медычную статыстыку па ўсім свеце – ад ААЭ да Канады.

Звесткі аб захворванні на Сovid-19 у ААЭ. Крыніца: index.minfin.com.ua

Закіды канспіролагаў на гэтую тэму не вытрымліваюць крытыкі.

Паводле адкрытых звестак, у Беларусі ўжо загінулі ад ковіду больш за 4 тысячы чалавек.

Hавiны
«У шпіталях ужо як на вайне» – тэрапеўт пра тое, што нас чакае, калі ковіднікам не будзе ставаць кіслароду
2021.10.19 08:01

Калі ўжыць да гэтых дадзеных «каэфіцыент фальсіфікацыі», які паводле дакументаў, што трапілі ў доступ, складае каля двух, а паводле высноваў медыка можа дасягаць пяці, – то колькасць смерцяў складае 5–10 тысяч людзей.

Пры адказным стаўленні да вакцынацыі значнай часткі гэтых смерцяў можна было б пазбегнуць.

Прышчапляйцеся. Жывіце.

Hавiны
Абяцанне Лукашэнкі «разабрацца з каронавірусам» вылілася ў адмену ўсіх антыковідных абмежаванняў
2021.10.19 17:26

Міхаіл Кірылюк/ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў