Заведзена крымінальная справа на дырэктара прыватнай школы «Смарт Скул»


Галоўнае следчае ўпраўленне завяло крымінальную справа ў дачыненні  дырэктара «Смарт Скул», паведамляе прэсавая служба Следчага камітэту. Як высветлілася, школьнік пашкодзіў твар школьніцы з цацачнага пісталета. 

Школа ў Менску, Беларусь. Выява мае ілюстратыўны характар.
Фота: Белсат

Паводле следства, 15 верасня ў Менску ў памяшканні прыватнай установы адукацыі «Сярэдняя школа «Смарт Скул» нанесеныя цялесныя пашкоджанні няпоўнагадовай вучаніцы.

Пры гэтым следчыя высветлілі, што 54-гадовая кіраўніца юрыдычнай асобы ды іншыя працаўнікі ўстановы «ўсяляк спрабавалі схаваць інцыдэнт, не запэўнілі бяспекі правядзення заняткаў і кантролю за паводзінамі выхаванцаў».

«Дзеянні дырэктара следствам кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 424 («Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі») Крымінальнага кодэксу Беларусі. З удзелам падазраванай праводзяцца следчыя дзеянні, дапытваюцца сведкі і відавочцы. Сканфіскаваная неабходная дакументацыя. У хадзе расследавання таксама будзе правераная правамернасць надання адукацыйных паслуг названай установай», – гаворыцца ў паведамленні СК.

Рэакцыя Лукашэнкі

Цікава, што паведамленне Следчага камітэту зʼявілася пад вечар. А да гэтага аб справе паспеў выказацца Аляксандр Лукашэнка і нават даручыў увесці ліцэнзаванне прыватных школаў з гэтай нагоды.

Падчас сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Савету бяспекі Беларусі Аляксандрам Вальфовічам Лукашэнка пракаментаваў інцыдэнт у Менску, калі хлопчык стрэліў у твар аднакласніцы. Пра гэта паведамляе ягоная прэсавая служба.

Лукашэнка паведаміў дэталі інцыдэнту: стрэл быў не з траўматычнага пісталету, а з дзіцячай цацкі, якая страляе гумовымі шарыкамі. Хлопчык трапіў дзяўчынцы ў вока, разбіў шкло ў акулярах і пашкодзіў вока.

«Пачалі разбірацца, а там кіраўніцтва школы, гэта па першай інфармацыі, яны ж на дух не ўспрымаюць беларускую дзяржаву. Гэта што, там муць нейкая, нейкая клаака ўтварылася антыдзяржаўная? Ну, 26 дзяцей. Ну, што гэта за школа?! Таму я даручыў неадкладна ўвесці ліцэнзаванне з учорашняга дня. Народная адукацыя, школы, ВНУ – гэта не тая сфера, дзе мы жартаваць павінны», – выказаўся Аляксандр Лукашэнка. У далейшым каментары ён западозрыў арганізатараў школы, якая зарэгістраваная на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства, у тым, што яны нібыта нічога не робяць, а чакаюць, каб «гэтую зямельку прыкішэніць і пабудаваць тамака жыллё. А месца зручнае. Потым прадаць можна добра». І загадаў «зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі».

Што адбылося насамрэч і да чаго гэта прывядзе

Інцыдэнт адбыўся 15 верасня. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што вучань адной з менскіх прыватных школаў «Смарт скул» стрэліў з пнеўматыкі ў твар сваёй аднакласніцы. Допісы суправаджаліся абвінавачаннямі на адрас адміністрацыі навучальнай установы ў спробе схаваць здарэнне і заявамі, якія дыскрэдытуюць прыватныя навучальныя ўстановы агулам.

«Зеркало» паведамляе, што дырэктарка «Смарт скул» Наталля Базанава 19 верасня не пацвердзіла інфармацыі праўладных тэлеграм-каналаў.

«Гэта не нашыя вучні, яны атрымліваюць дадатковую адукацыю ў дзіцячым цэнтры на тэрыторыі парку «Дрымлэнд», дзе акрамя нашай школы размяшчаецца некалькі ўстановаў. Дзеці выйшлі дадому, і на прыпынку нешта здарылася», – сказала дырэктарка школы Наталля Базанава.

Са словаў дырэктаркі, дзяўчынка трапіла ў шпіталь. Яна атрымала траўму твару, але зрок не пацярпеў.

Гісторыя з пашкоджаннем вока, падобна, будзе мець кепскія наступствы для прыватных школаў, якія сёлета і без таго сутыкнуліся  са складанасцямі. У краіне налічваецца 35 установаў агульнай сярэдняй адукацыі прыватнай формы ўласнасці. Усе яны, як і дзяржаўныя школы, да 1 верасня павінны былі атрымаць сертыфікат гатовасці. Аднак на 16 верасня яго атрымалі толькі 14 школаў.

Hавiны
Праз шматлікія праверкі ў некаторых прыватных школах дагэтуль не пачаліся заняткі
2022.09.07 22:48

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў