«Як распазнаць каханне». Адмыслоўцы складаюць зварот супраць аўтаркі нашумелай лекцыі


Скандальная гісторыя з баранавіцкай школы №14, у якой выкладчыца мясцовай ВНУ чытала школьнікам лекцыю пра аўтызм, выкарыстоўваючы антынавуковыя факты, атрымала працяг. Спецыялісты, якія працуюць з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іхнымі сем’ямі, складаюць калектыўны зварот у профільныя міністэрствы, у якім абгрунтоўваюць хлуслівасць асобных тэзісаў аўтаркі лекцыі, а таксама заклікаюць забараніць жанчыне займацца прафесійнай дзейнасцю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alexander Demianchuk / TASS / Forum

Нашумелая гісторыя адбылася 15 верасня ў баранавіцкай школе №14, дзе дзесяцікласнікам прачытала лекцыю «Як распазнаць каханне» дырэктарка «Цэнтру прыкладнога аналізу паводзінаў», выкладчыца мясцовага ўніверсітэту Вольга Філістовіч. У сваім выступе жанчына распавядала школьнікам пра сувязь паміж каханнем, сексам і аўтызмам, звяртаючы ўвагу на тое, што захворванне з’яўляецца вынікам бязладных палавых адносінаў бацькоў і іншых пакаленняў сем’яў дзяцей з аўтызмам.

Гэткі выступ Вольгі Філістовіч выклікаў абурэнне не толькі ў дзяцей і іхных бацькоў, але і сярод урачоў, псіхолагаў, педагогаў, біёлагаў і іншых спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іхнымі сем’ямі. Спецыялісты мяркуюць, што асобныя заявы Філістовіч не маюць тэарэтычнага і эмпірычнага абгрунтавання, дэзынфармуюць навучэнцаў школаў, парушаюць маральна-этычныя нормы грамадства. У прыватнасці, гаворка ідзе пра наступныя выказванні Вольгі Філістовіч:

1. «Аўтызм – гэта мутацыя генаў»;

2. «Аўтызм – гэта мутацыя генаў. Гэта генетычная мутацыя, якая адбываецца падчас бязладных палавых адносінаў»;

3. «генетыкі гавораць, што гэтая мутацыя распаўсюджваецца да 7 пакалення, могуць быць вінаватыя дзядуля, бабуля, прабабуля (маюцца на ўвазе іхныя бязладныя палавыя сувязі)»;

4. «Дзеці з аўтызмам не змогуць пабудаваць адносіны, не змогуць любіць, не разумеюць пазіцыю іншага, не разумеюць, што такое любіць сваю маці і свайго бацьку»;

5. «Не знайшлі лекаў, як навучыць гэтых дзяцей зносінам паміж сабой»;

6. «У два гады бацькі бачаць, што яно (дзіцё) ніколі не будзе гаварыць, што яно не можа кантактаваць як усе іншыя дзеці з гэтым светам»;

7. «Сем’і, у якіх нараджаюцца такія дзеці, застаюцца без бацькаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Kurskov Yevgeny / TASS / Forum

Цяпер спецыялісты рыхтуюць калектыўны зварот у Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя і Інстытут інклюзіўнай адукацыі, у якім абвяргаюць некарэктныя і ненавуковыя тэзісы з выступу Вольгі Філістовіч у баранавіцкай школе, а таксама просяць даць ацэнку самому выступу так званай спецыялісткі.

Самыя ж адмыслоўцы лічаць недапушчальным працяг Філістовіч В.А. прафесійнай дзейнасці ў якасці спецыяліста, які аказвае дыягнастычную і карэкцыйную дапамогу, а таксама вядзе падрыхтоўку кадраў для працы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

ВК, belsat.eu

Стужка навінаў