Такаеў абмеркаваў з кіраўніком EPAM стварэнне паўнавартаснага тэхналагічнага хабу ў Казахстане


Падчас візіту ў Нью-Ёрк прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў сустрэўся з кіраўніком EPAM Systems Аркадзем Добкіным. На сустрэчы абмяркоўвалася перспектыва стварэння ў Казахстане поўнавартаснага тэхналагічнага хабу, паведамляе прэс-служба Такаева.

Сустрэча прэзідэнта Казахстану Касыма-Жамарта Такаева з кіраўніком EPAM Systems Аркадзем Добкіным.
Фота: Борт№1/Telegram

«Пытанні стварэння паўнавартаснага тэхналагічнага хабу ў Казахстане і павышэння чалавечага капіталу ў галіне ІТ сталі прадметам сустрэчы з заснавальнікам і старшынём Рады дырэктараў ЕРАМ Systems Аркадзем Добкіным. Кампанія ўваходзіць у лік галоўных міжнародных пастаўнікоў праграмнага забеспячэння і лічбавых паслугаў», – гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага тэлеграм-каналу прэс-службы прэзідэнта Казахстану «Борт № 1».

Таксама падчас паездкі ў ЗША Такаеў сустракаўся з кіраўнікамі галоўных амерыканскіх ІТ-кампаніяў: Microsoft, Coursera, Amazon, Netflix.

ЕРАМ Systems часткова рэлакавала сваіх супрацоўнікаў з Беларусі цягам 2020–2022 гадоў. Да канца 2022 года плануецца скараціць штат у рэгіёне (Беларусі, Расеі, Украіне) да 30 %. У сакавіку 2022 года кампанія цалкам спыніла працу ў Расеі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў